Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук едзе ангажаваць балтыйскіх палітыкаў


15 кастрычніка патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук накіроўваецца ў Стакгольм. У сталіцы Швэцыі ён правядзе два дні на запрашэньне міністра замежных спраў гэтай краіны Карла Більда. Адначасова там будуць знаходзіцца прэм'еры, міністры замежных спраў і фінансаў з паўночных краінаў.

Яраслаў Раманчук кажа, што ён цудоўна разумее: за два месяцы да выбараў патрэбна як мага больш часу праводзіць сярод выбарцаў. І таму нават раіўся зь іншымі кіраўнікамі партыі, ці прымаць гэта запрашэньне. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька перакананы: быць у Швэцыі Яраславу Раманчуку абавязкова патрэбна:

"Тут вельмі цікавая сама пэрсона Карла Більда. Ён надзвычай уплывовы палітык у Эўрапейскім Зьвязе. Да яго меркаваньняў, яго выказваньняў ставяцца вельмі ўважліва. Так што, нам трэба заангажаваць Більда, як і польскага міністра Сікорскага, на беларускую сытуацыю. І я лічыў бы добрым вынікам нашай працы, калі б, напрыклад, 19 сьнежня ў Менск прыехалі і Більд, і Сікорскі, і міністар замежных спраў Літвы Ажубаліс... І каб гэтыя палітыкі ўзялі на сябе пэўную місію — не дапусьціць разьвіцьця падзей у Беларусі па сілавым сцэнары".

Найбольшую колькасьць запрошаных на гэту канфэрэнцыю складаюць палітыкі з краінаў Балтыі. Так, пацьвердзілі свой удзел у імпрэзе прэм'еры Літвы і Латвіі. Яраслаў Раманчук удакладняе пра фармат і мэты сустрэчы:

"Гэта вельмі важная паўфармальная дыскусія па вострых пытаньнях Эўропы. Гэта такі элітны палітычны клюб, які выпрацоўвае розныя рашэньні і рэкамэндацыі. Пасьля яны становяцца часткай палітыкі як краінаў Эўразьвязу, так і самога Эўразьвязу. Таму, калі можна паразмаўляць за кубачкам кавы зь вядомымі палітыкамі наконт Беларусі, прапанаваць ім тыя формы супрацы, якія сёньня для нас зьяўляюцца надзвычай важнымі, то гэта вельмі добра.

Яны ставяцца да нас, як да сваіх. Мы для гэтых эўрапейцаў — свае. І таму, калі вартасьці аднолькавыя, бачаньне геапалітычнай сытуацыі вельмі збліжанае, то і пытаньні наконт Беларусі, наконт выбараў, ёсьць".

На канфэрэнцыі ў Яраслава Раманчука будзе магчымасьць распавесьці пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, і чаканьні дэмакратычных сілаў ад міжнароднай супольнасьці ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG