Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заменіць Кітай Расею?


Аляксандар Лукашэнка зьдзейсьніў чарговы візыт у Кітай. Якія палітычныя чыньнікі гэтай паездкі? Ці шмат можа КНР дапамагчы Беларусі? Якія эканамічныя вынікі візыту?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Андрэй Фёдараў
Леанід Злотнікаў
Валер Карбалевіч

Палітычныя чыньнікі візыту


Валер Карбалевіч: «Ліхаманкавыя, у пэўным сэнсе фармальныя візыты Лукашэнкі ў Турэччыну, Кітай на фоне канфлікту з Расеяй носяць у пэўным сэнсе функцыю прапагандысцкай кампэнсацыі. Беларусы трохі напужаны тым, што дачыненьні з Масквой псуюцца. Невыпадкова людзі пабеглі ў банкі здымаць рублі. Ці патрапіць Лукашэнка гэтым візытам супакоіць насельніцтва, паказаць, што няма міжнароднай ізаляцыі, ёсьць з кім сябраваць?»

Андрэй Фёдараў: «Не лічу, што гэтыя візыты такія ліхаманкавыя, яны рыхтаваліся. Візыт у Кітай меў добрую нагоду. 11 кастрычніка быў дзень Беларусі на сусьветнай выставе ў Шанхаі.

Думаю, што ў візыце у Кітай пераважае эканамічны складнік, а не піяр. Бо насельніцтва добра ведае, што адносіны з КНР у нас пасьпяхова разьвіваюцца. Таму візыт туды наўрад ці дасьць Лукашэнку новыя галасы на выбарах. Няма сумневаў, што Пекін ня будзе прад’яўляць ніякіх прэтэнзіяў наконт вынікаў беларускіх выбараў, бо пытаньне дэмакратыі Кітай не цікавіць. А вось праблемы з эканомікай паўстануць пасьля выбараў востра».

Леанід Злотнікаў: «Гэты візыт зроблены ў піку Расеі. Маўляў, сьвет на Маскве не заканчваецца. Беларусі патрэбны стратэгічны партнэр, на якога трэба абапірацца, які дапаможа ў міжнародных арганізацыях. Але, сапраўды, галоўнае — гэта эканоміка».

Параўнаньне Кітаю з Расеяй?


Карбалевіч: «Ці можа Кітай замяніць Беларусі Расею ва ўсіх сфэрах: эканамічнай, геапалітычнай, ваеннай? Вось сёньня «Советская Белоруссия» піша: «Інвэстыцыйнае супрацоўніцтва з эканомікай сьвету, якая найбольш дынамічна разьвіваецца, дае нам шанец на хуткую мадэрнізацыю ўласнай гаспадаркі і, у рэшце рэшт, на дасягненьне сапраўднай незалежнасьці». Ці так гэта?

Фёдараў: «Не, ня можа Кітай замяніць Расею. Калі ўзяць узаемны гандаль, то яго аб’ём з Расеяй у нас у 15 разоў большы, чым з Кітаем. Летась аб’ём беларуска-кітайскага гандлю склаў 1,3 млрд. даляраў, прычым Беларусь мае вялікае адмоўнае сальда. Гэтым годам аб’ём таваразвароту вырас на 60%.

Ёсьць нядрэннае супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловым комплексе. Але калі ўзьнікне ваенная пагроза Беларусі, то няўжо Кітай рынецца нас абараняць?»
Кітайскія грошы — гэта не прамыя інвэстыцыі, а крэдыты, якія патрэбна вяртаць з працэнтамі.


Злотнікаў: «Расея дапамагала нам схаванымі субсыдыямі ў памеры 6,5 млрд. даляраў, калі ўзяць апошнія шэсьць гадоў. І гэтыя субсыдыі не накладвалі на беларускае кіраўніцтва асаблівых абавязкаў. Акрамя таго Расея знаходзіцца на першым месцы па прамых замежных інвэстыцыях у эканоміку Беларусі.

А вось кітайскія грошы — гэта не прамыя інвэстыцыі, а крэдыты, якія патрэбна вяртаць з працэнтамі. Прамыя кітайскія інвэстыцыі — гэта прыкладна 8-10 млн. даляраў у год. Акрамя таго, Кітай — моцны канкурэнт для беларускай прамысловасьці».

Якія эканамічныя вынікі візыту?


Карбалевіч: «Па выніках візыту Лукашэнкі ў Кітай падпісаны дакумэнты аб рэалізацыі эканамічных праектаў у Беларусі на суму 3,5 млрд. даляраў. Сярод іх — 3 крэдытныя пагадненьні, 8 камэрцыйных кантрактаў, 2 рамачныя пагадненьні. Як можна ацаніць эканамічныя вынікі візыту?»

Фёдараў: «Кітайскія крэдыты — зьвязаныя. Гэта значыць, што за гэтыя грошы мы павінны абавязкова набываць кітайскае абсталяваньне. А яно ня самае перадавое ў сьвеце. Таму мы можам адстаць тэхналягічна. Такім чынам пэўныя выгоды Беларусь можа атрымліваць, але гэта не панацэя».

Злотнікаў: «Тут ёсьць плюсы і мінусы. Добра тое, што крэдыты даюцца пад канкрэтныя праекты, і іх немагчыма праесьці, як гэта рабілася з крэдытамі зь іншых крыніц.

Але сапраўды Кітай ня самая разьвітая краіна ў сьвеце. Напрыклад, Кітай будзе мадэрнізаваць Лукомскую і Бярозаўскую электрастанцыі. Але парагазавыя ўстаноўкі будзе пастаўляць нямецкі канцэрн „Сімэнс“. І навошта нам кітайскі пасярэднік у дачыненьнях зь нямецкай фірмай? Але, мусіць, няма больш нікога, таму запрашаем кітайцаў. Аддача ад гэтых крэдытаў будзе толькі празь некалькі гадоў. А вострыя фінансавыя праблемы краіне трэба вырашаць цяпер».

Фёдараў: «Сапраўды, візыты ў Турэччыну, Кітай, плянуемы візыт Лукашэнкі ў Іран гэтых праблем не вырашаюць».

Злотнікаў: «Каб гэтыя праекты далі эфэкт, трэба мадэрнізаваць усю эканоміку, перайсьці на рынкавыя адносіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG