Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуэль тыдня: Лукашэнка-Мядзьведзеў


Людзі і выбары: збор подпісаў і збор сілаў – аналіз кампаніі ў сталіцы і рэгіёнах. Дуэлі тыдня: “Хросны бацька” на расейскім тэлебачаньні і ў беларускай сьвядомасьці. Відэаблогер Мядзьведзеў супраць прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі ў Менску, беларуская палата прадстаўнікоў супраць расейскай думы.

Гэтыя тэмы – ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст, Ян Максімюк і Віталь Цыганкоў, а таксама рэдактар аддзелу палітыкі расейскага часопісу “Русскій репортер” Віктар Дзятліковіч.




Лукашук: Лічба выбараў – 39.4%. Паводле верасьнёўскага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) менавіта такі быў у мінулым месяцы рэйтынг прэзыдэнта Лукашэнкі, менавіта столькі апытаных напісалі яго прозьвішча, адказваючы на пытаньне “За каго б вы прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах”? У чэрвеньскім апытаньні інстытуту рэйтынг дзейнага прэзыдэнта складаў 45.6%. Па так званым закрытым пытаньні, калі прапаноўваецца выбраць пажаданага кандыдата са сьпісу, рэйтынг Лукашэнкі таксама зьнізіўся – з 48% да 44%.

Юры, як экспэрты, сацыёлягі тлумачаць гэтае зьніжэньне? У чым яго прычына, ці абазначае яно нейкую тэндэнцыю?

Дракахруст: Экспэрты лічаць, што галоўная прычына падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі – гэта канфлікт з Расеяй. Само падзеньне не такое ўжо і вялікае, але трэба ўлічваць кантэкст. Менавіта на апошнія месяцы прыпалі шчодрыя перадвыбарчыя падарункі ў выглядзе павялічэньня заробкаў і пэнсіяў, дзяржаўная інфармацыйная машына перайшла ў рэжым, так бы мовіць, баявога дзяжурства, само набліжэньне выбарчай кампаніі спрыяе палітызацыі грамадзтва, яго палітычнай мабілізацыі, у тым ліку і мабілізацыі прыхільнікаў прэзыдэнта. Раней сукупнасьць гэтых фактараў прыводзіла да росту рэйтынгу дзейнага прэзыдэнта. А цяпер ня рост, а падзеньне.

Аналіз, праведзены сацыёлягамі, паказвае, што Лукашэнка падзеньнем сваёй папулярнасьці больш абавязаны прыхільнікам інтэграцыі з Расеяй, чым людзям праэўрапейскіх памкненьняў. Частка тых, хто мае сымпатыі да Расеі, не даравалі прэзыдэнту канфлікт з Масквой.

Варта адзначыць, што папулярнасьць уласна ўсходняга вэктару за апошні квартал працягвала зьніжацца, цяпер, паводле НІСЭПД, ужо больш за 40% выступаюць за далучэньне Беларусі да ЭЗ, і толькі прыблізна траціна – за інтэграцыю з Расеяй.

Лукашук: Віталь, а што кажуць экспэрты і палітыкі пра шанцы іншых кандыдатаў, апанэнтаў дзейнага прэзыдэнта на фоне гэтага падзеньня ягонага рэйтынгу.

Цыганкоў: Някляеў быў 1.6 %, стаў 5.1%. Раманчук быў 1%, стаў 2.5%. З аднаго, аптымістычнага боку, можна сказаць, што гэта рост адпаведна ў 3 і 2 разы, зь іншага, пэсымістычнага – што абсалютныя лічбы выглядаюць мізэрна. Цікавае меркаваньне прагучала з вуснаў вядомага сацыёляга Алега Манаева, які паспрабаваў экстрапаляваць гэтыя лічбы на дату выбараў і спрагназаваў, што да дня галасаваньня рэйтынг Някляева можа дасягнуць 10%, наўрад ці больш. Мне, здаецца, што гэта цалкам рэальная ацэнка з улікам таго, што адзінага кандыдата няма і ўвесь дэмакратычны электарат ня пойдзе да нейкага аднаго прэтэндэнта. Але я б зьвярнуў увагу на іншую лічбу – рэйтынг Аляксандра Мілінкевіча, які мае 12 %. Гэтыя ж людзі наўрад ці будуць галасаваць за Лукашэнку, скажам мякка. Пэўная частка зь іх ня прыйдзе на выбары, але большасьць гэтага электарату дастанецца іншым дэмакратычным кандыдатам. Каму – вось пытаньне, за гэта і ідзе барацьба паміж прэтэндэнтамі.



Лукашук: Тэма ўзаемаадносінаў з Расеяй дамінавала ў выбарчай кампаніі ад самага пачатку. У папярэднюю пятніцу Аляксандар Лукашэнка правёў прэсавую канфэрэнцыю для адмыслова запрошаных расейскіх журналістаў. З вуснаў кіраўніка Беларусі прагучалі надзвычай жорсткія ацэнкі кіраўніцтва Расеі – Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзімера Пуціна.

Лукашэнка абвінаваціў расейскіх лідэраў у кіраваньні інфармацыйнай вайной супраць афіцыйнага Менску, параўнаў сябе з шэрагам звольненых расейскіх рэгіянальных кіраўнікоў – Шайміевым, Ілюмжынавым, Лужковым, паведаміў, што даслаў Лужкову ліст падтрымкі.

А ўжо ў нядзелю прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў у сваім відэаблогу даў адказ Лукашэнку.

Заяву Мядзьведзева нельга назваць беспрэцэдэнтнай, падобную заяву, як ён сам адзначыў, ён зрабіў летась, абвяшчаючы палітычную вайну на зьнішчэньне тагачаснаму ўкраінскаму прэзыдэнту Віктару Юшчанку.

Але ў беларуска-расейскіх стасунках такі адказ Крамля – зьява, здаецца, сапраўды беспрэцэдэнтная.

Чаму прэзыдэнт Расеі зрабіў такую заяву? Каму яна адрасаваная? Як рэагуе на яе расейскае грамадзтва, расейскія мэдыі, расейская палітычная эліта? Пытаньне ў Маскву нашаму калегу Віктару Дзятліковічу.

Дзятліковіч: Зварот сапраўды прэцэдэнтны, але сытуацыя адрозная ад той, што была са зваротам наконт прэзыдэнта Юшчанкі. Тады было відавочна, што ён ня выйграе выбары. У Беларусі сытуацыя крыху іншая. Перад украінскімі выбарамі гэта фактычна была проста паўза, маўляў, мы проста чакаем, пакуль ва Ўкраіне зьменіцца ўлада. У Расеі і палітычнай элітай і грамадзтвам гэта было ўспрынята так, што Расея ставіць крыж на Аляксандры Лукашэнку, але шмат хто разумее, што гэта крыж «няхуткі». Што наўрад ці атрымаецца зьмяніць Аляксандра Лукашэнку менавіта на гэтых выбарах. Варта сказаць, што пэўная частка і эліты і грамадзтва, магчыма, перабольшвае моц і сваіх мэдыяў, і сваіх палітыкаў, і лічыць, што Лукашэнку можна зьмяніць пры дапамозе мэдыятэхналёгіяў ужо падчас гэтых выбараў.

Я днямі размаўляў з калегамі з НТВ, якія рыхтавалі «Хроснага бацьку-4», дык яны казалі, што пасьля гэтай стужкі Лукашэнка ніколі ня выйграе выбары. Ёсьць такая ўпэўненасьць у некаторай часткі ня толькі журналістаў, але і палітыкаў.

Так што ўсе ўспрынялі зварот Мядзьведзева як тое, што на Лукашэнку пастаўлены крыж, толькі адны ўспрынялі гэта як намер, плян зьмяніць яго на гэтых выбарах, а іншыя – як стратэгічны плян зьмены, можа нават на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Максімюк: Віктар, а якіх далейшых крокаў Масквы можна чакаць? Вось ужо ад неназванай крамлёўскай крыніцы прагучалі словы пра “адэкватную” ацэнку беларускіх выбараў расейскімі назіральнікамі. Зь іншага боку, варта прыгадаць словы Мядзьведзева, сказаныя на мінулым тыдні ў Шанхаі, на пытаньне, чаго ён чакае ад беларускіх выбараў, расейскі прэзыдэнт адказаў: “Нічога добрага... Жарт”. Ну жарт жартам, але сэнс гэтага жарту – канстатацыя, што Лукашэнка захавае сваю пасаду. Дык у чым тады мэта гэтага палітычнага наступу?

Дзятліковіч: Тое, што сказаў Мядзьведзеў у Шанхаі – гэта, безумоўна, ня жарт. Да моманту гэтай заявы расейскае кіраўніцтва разабралася з тым, што адбываецца на выбарах у Беларусі, яно прагледзела сьпіс усіх кандыдатаў. Зь некаторымі адбыліся сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Гэтыя кандыдаты і самі гэтага не хаваюць, яны гавораць, што іх праграмы ляжаць у адміністрацыі расейскага прэзыдэнта. Быў зроблены сур'ёзны аналіз, і з заявы Мядзьведзева ў Шанхаі ясна, што сытуацыя ў Беларусі, на думку расейскага кіраўніцтва, ня зьменіцца.

Крокі, па-першае, могуць быць тыя, якія вядуць альбо да поўнага непрызнаньня вынікаў выбараў у Беларусі, альбо да таго, каб паставіць іх пад сумнеў. І такім чынам скампрамэтаваць Аляксандра Лукашэнку як палітыка, зь якім можна весьці перамовы і ладзіць стасункі. Я мяркую, што будзе абраны менш жорсткі варыянт: Лукашэнка выйграе выбары, яго прызнаюць прэзыдэнтам, але зробяць усё, каб зьвесьці да мінімуму стасункі зь ім і рыхтавацца да таго, каб зьмяніць яго. Пакуль, наколькі я разумею, расейскае кіраўніцтва ня вызначылася, з кім яму мець справу, калі распрацоўваць глябальныя пляны па зьмене Аляксандра Лукашэнкі. Ня бачаць яны пакуль такой фігуры, якая б іх задаволіла – якая была б і прарасейская, і каб гэта быў папулярны палітык, які б меў пэўныя шанцы ў змаганьні з Лукашэнкам. Калі Масква вызначыцца з такім кандыдатам, можна будзе казаць, што плян пачынае дзейнічаць. Але я думаю, што на гэтых выбарах Масква будзе толькі сачыць за сытуацыяй і працаваць на будучыню.

Лукашук: Дзякуй, Віктар. Шаноўныя гледачы, свой пункт гледжаньня на канфлікт выказала на гэтым тыдні і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая гаварыла пра небясьпеку незалежнасьці Беларусі, і разглядае цяперашні канфлікт Крамля з Лукашэнкам праз прызму гістарычных стасункаў.

Сурвіла: Як і Пуцін у 2002 годзе, цяперашні прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Мядзьведзеў выявіў, што расейская палітыка адносна Беларусі не зьмянілася. Масква працягвае свае намаганьні праглынуць наш край. Гэтым разам хоча гэта зрабіць знутры – угаварыць беларусаў, што яны і расейцы ня толькі “неразрыўна зьвязаныя”, але што яны грамадзяне той самай “саюзнай дзяржавы”

Лукашук: Віталь, а што можна сказаць пра беларускую рэакцыю на мядзьведзеўскі блог? І таксама на заяву пра ацэнку выбараў расейскімі назіральнікамі? Як гэта адбілася на настроях ўладнай эліты і апазыцыі?

Цыганкоў: Магу сказаць даволі пэўна, што на апазыцыю ўсе гэтыя апошнія падзеі аказваюць гэткі натхняльны эфэкт, на мяжы эўфарыі. Напрыклад, Яраслаў Раманчук мне казаў, што ў выніку новага стаўленьня Масквы ў прыхільнікаў пераменаў зьяўляецца больш магчымасьцяў. Цяпер апазыцыйныя лідэры сапраўды зьяўляюцца на расейскіх тэлеэкранах, у іншых СМІ, чаго не было ў такіх аб'ёмах дзесяцігодзьдзямі.

Зрэшты, я думаю, у гэтым і палягае майстэрства палітыкі – выкарыстоўваць любую сытуацыю на сваю карысьць, і пры гэтым не падпасьці пад нечую залежнасьць. Якія б ні былі інтарэсы Масквы, тое, што апазыцыйныя палітыкі выкарыстоўваюць акно магчымасьцяў, якое пашырылася, каб данесьці свае меркаваньні да беларускага электарату – я асабіста ў гэтым ня бачу нічога кепскага ці, скажам, прадажнага, як некаторыя іх сьпяшаюцца абвінаваціць. Іншая справа, што беларускія апазыцыйныя палітыкі міжволі могуць згуляць ролі ў чужым сцэнары, нават самі таго ня ведаючы. І тут ім трэба быць вельмі асьцярожным, каб ня трапіць у такую пастку і залежнасьць.

Што тычыцца ўладнай эліты, то яна замерла ў чаканьні таго, хто пераможа. Частка зь іх безумоўна, прагне, каб хто-небудзь нарэшце скінуў ненавіснага ім Лукашэнку, але самі для гэтага крый божа, прадпрымаць яны нічога ня будуць. Перабежчыкаў з намэнклятуры на гэтых выбарах пакуль не зафіксавана, упершыню, дарэчы, за некалькі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Лукашук: На гэтым тыдні тэлеканал НТВ зноў паўтарае сэрыял “Хросны бацька”. Юры, а вось у тым апытаньні НІСЭПД, пра якое мы казалі, ёсьць сьвежыя дадзеныя пра рэакцыю беларускага грамадзтва на “Хросных бацек”. Наколькі гэтыя інфармацыйныя атакі эфэктыўныя, наколькі яны ўплываюць на стаўленьне беларусаў да дзейнай улады?

Дракахруст: Вынікі апытаньня абвяргаюць міт беларускай прапаганды, што нібыта гэтыя стужкі яшчэ больш умацавалі пазыцыі Лукашэнкі, што беларусы яшчэ шчыльней згуртаваліся вакол правадыра, які стаў ахвярай, так бы мовіць, падступнага паклёпу. Балянс ацэнак не на карысьць галоўнага героя стужкі, але ён меншы, чым той, на які, магчыма, разьлічвалі замоўшчыкі “бацек”. Вось як фармулююць выснову дасьледаваньня сацыёлягі: ведае пра фільмы кожны другі, бачыў амаль кожны трэці, лічыць праўдай амаль кожны чацьвёрты, але зьмяніў сваё меркаваньне ў нэгатыўны бок толькі кожны дзясяты. 2% сказалі, што іх стаўленьне да Лукашэнкі ў выніку азнаямленьня са зьместам “Хросных бацек” палепшылася.

Лукашук: Ян, здаецца, Захад назірае за гэтым палітычным змаганьнем паміж Менскам і Масквой з алімпійскім спакоем, адно нагадваючы, што выбары было б варта правесьці сумленна. На ваш погляд ці магчымы нейкі геапалітычны разварот афіцыйнага Менску, аднаўленьне інтэнсіўнага дыялёгу?

Максімюк: Я думаю, што ня толькі Крэмль, але і Захад не чакае ад гэтых выбараў «нічога добрага», то бок, не спадзяецца, што спадарыня Лідзія Ярмошына ў сьнежні выпіша пасьведчаньне аб выбары прэзыдэнтам Уладзімеру Някляеву або Андрэю Саньнікаву. А таму Захад цяпер, як вы сказалі, прыглядаецца да гэтага выбарчага працэсу даволі спакойна, то бок, бяз большых спадзяваньняў на нейкі пералом ці апазыцыйны прарыў.

Але і Аляксандру Лукашэнку ня трэба спадзявацца, што перад 19 сьнежня ў Менск прыедзе нехта важны з Брусэлю або Вашынгтону, каб паціснуць яму руку і паказаць Маскве, што калі яна беларускага прэзыдэнта кіне, то ў яго аўтаматычна знойдзецца апякун і мэцэнат на Захадзе. Чаму такі прыезд малаверагодны? Прычыны тут, як мінімум, дзьве.

Па-першае, як падаецца, Захад будзе чакаць канца году, каб пераканацца, якія ў Масквы сапраўдныя намеры ў адносінах да Аляксандра Рыгоравіча – даціснуць яго і давесьці да ручкі, ці махнуць рукой, як заўсёды. Я ня думаю, што ў Брусэлі і Вашынгтоне на 100% перакананыя, што Крэмль рассварыўся з Лукашэнкам канчаткова, а таму ніякі deal для Пуціна і Мядзьведзева зь ім цяпер немагчымы.

Па-другое, Лукашэнка ня толькі даняў Мядзьведзева з Пуціным настолькі, што яны ўжо некалькі разоў публічна выказалі сваё раздражненьне. Ён даняў і Брусэль з Вашынгтонам, адно што там палітыкі больш карэктныя ў публічных выказваньнях, а таму мы ніякага раздражненьня з таго боку ня чуем. Але прыгадайма толькі дзьве рэчы. Вось ужо амаль тры гады, як паралізавана дзеяньне амэрыканскай амбасады ў Менску. Ужо больш чым два з паловай гады, як Эўразьвяз зрабіў беспрэцэдэнтны разварот у бок Лукашэнкі і стаў яго за вушы цягнуць у Эўропу праз гэтак званае “Ўсходняе партнэрства”. І што? А нічога. Воз і ныне там. Думаеце, гэта не раздражняе? Яшчэ як... А таму ўсе чакаюць – «нахіліць» Крэмль Лукашэнку ці не «нахіліць»?

Прытым, калі верыць БТ, усе канкурэнты Лукашэнкі, якія сёлета публічна выступаюць на прарасейскай выбарчай плятформе, бяруць грошы на кампанію з Захаду. То бок, Захад, як быццам, неафіцыйна супрацоўнічае з Крамлём у тым, каб трохі «нахіліць» беларускага кіраўніка. Такога раней не было, і калі мне добра прыгадваецца, то ў гэтай праграме мы зь Юрам разважалі пра такі паварот – супрацоўніцтва Захаду з Масквою, каб адсунуць Лукашэнку ад улады – толькі як пра чыста тэарэтычную магчымасьць са сфэры палітычнай фантастыкі. А тут на табе! Мы дачакаліся надзіва цікавых часоў! У Менску то з катамі падпісваюць палітычныя пагадненьні, то раяць расейскай Думе схаладзіць мазгі, бо яны там занадта перагрэліся. Але нават маючы на ўвазе гэтыя паўфантастычныя абставіны беларускай палітыкі на сучасным этапе, я не спадзяюся, што перад выбарамі ў Менск прыедзе нейкі Бэрлюсконі, каб падпісаць нейкую паперыну перад камэрамі БТ...

Лукашук: На гэтым тыдні адбыўся загадкавы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю – загадкавы, бо візыт, як і ўсё у беларускай афіцыйнай палітыцы, закрыты. Але падчас візыту адбылася таксама сустрэча беларускага прэзыдэнта з канстантынопальскім патрыярхам, кіраўніком самай старажытнай у сьвеце праваслаўнай царквы. Некаторыя ўбачылі ў гэтай сустрэчы яшчэ адзін ход Лукашэнкі ў ягоным супрацьстаяньні з Крамлём. Юры, а ў чым менавіта палягаў гэты ход?

Дракахруст: Пагаварыць з патрыярхам пра магчымасьць аўтакефаліі ці прынамсі папалохаць маскоўскую патрыярхію такой пагрозай. Паводле грэцкіх тэлеканалаў гэтая тэма ў размове Лукашэнкі з патрыярхам закраналася. Наўрад ці гэта рэальная пагроза, але папсаваць нэрвы герархам РПЦ Лукашэнка такім чынам можа. Гэта ягоная фірмовая тактыка – адказваць ударам на удар, шукаць балючае месца праціўніка, абазначаць гатовасьць ісьці да канца. Раней гэтая тактыка часта прыносіла яму посьпех. Як будзе цяпер – невядома.

Раней беларуская ўлада сустракала нават размовы пра магчымасьць аўтакефаліі праклёнамі. Але час мяняецца, і справа тут не ў глыбокай духоўнай эвалюцыі “праваслаўнага атэіста”, а ў сярэднявечным прынцыпе: чыя ўлада – таго і вера.

Дарэчы, экспэрты кажуць, што і цяпер БПЦ больш прыслухоўваецца не да Маскоўскай патрыярхіі, а да беларускага сьвецкага ўладара. І калі ўявіць сабе, што Маскоўская патрыярхія ў сытуацыі канфлікту Масквы зь Менскам выступіць супраць Лукашэнкі, ня факт, што беларускія бацюшкі будуць паўтараць тое, што скажуць з Масквы.



Лукашук: Людзі і выбары. Мінулы тыдзень быў часам збораў подпісаў. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў ужо 6 кастрычніка паведаміў, што 100 тысяч за прэтэндэнта сабраныя – хто б, як кажуць, сумняваўся, хаця каля столікаў для збору подпісаў за дзейнага прэзыдэнта натоўпу жадаючых падпісацца неяк не назіралася.

Іншыя каманды агучваюць больш сьціплыя лічбы – каля 20 тысяч. Віталь, а якія вашы назіраньні, як ідзе збор подпісаў? Наколькі гэта свабодны збор у свабоднай краіне – у параўнаньні зь мінулымі выбарамі? Што распавядаюць сябры ініцыятыўных груп?

Цыганкоў: Збор подпісаў - гэта той самы легітымны і санкцыянаваны выхад у народ, якога гэтак доўга не хапала апазыцыі. Калі казаць высокім штылем, то гэта проста сутнасьць і сэнс палітычнай дзейнасьці. Мне давялося чуць зьдзіўленьне некаторых апазыцыйных актывістаў тым, як ідзе кампанія, прынамсі, у Менску. Ніхто не перашкаджае, міліцыянты не падыходзяць, дакумэнтаў не правяраюць, ніхто не ганяе, можна хоць 50 чалавек зьбіраць на пікет і песьні сьпяваць, як гэта рабілі Някляеў з Вайцюшкевічам. Многія сябры ініцыятыўных групаў фіксуюць такую цікавую зьяву, што часта людзі падыходзяць падпісацца хоць за якога апазыцыйнага кандыдата. Па-першае, яны пакуль што ня вельмі іх адрозьніваюць, а па-другое, у многіх такая думка, што "хоць хто, абы не Лукашэнка". Я калі падыходзіў аддаць свой подпіс, то таксама назіраў, што людзі падыходзілі на месца збору подпісаў, ня ведаючы гэтага канкрэтнага кандыдата, але з жаданьнем падпісацца. Разам з тым я б не сказаў, што назіраецца нейкі выбух актыўнасьці электарату — бо некалькі чалавек спыняцца падпісацца, а за гэты час сотні праходзяць міма, не зьвяртаючы ніякай увагі.

Лукашук: Які ваш прагноз – колькі кандыдатаў пададуць у ЦВК 100 тысяч і больш подпісаў?

Максімюк: Акрамя самага галоўнага кандыдата, у гонцы будзе яшчэ чатыры-пяць іншых кандыдатаў. Як падаецца, атмасфэра зьбіраньня подпісаў адчувальна лібэралізавалася – людзі сёлета менш баяцца падпісвацца – і зусім магчыма, што ўдасца сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў для большай колькасьці прэтэндэнтаў, чым папярэднім разам.

Дракахруст: Я выкажу нахабны прагноз, што гэта будзе чалавек 7-8, усе, так бы мовіць, невыпадковыя кандыдаты, больш-менш вядомыя палітыкі. І працягну прагноз – усіх зарэгіструюць. Мне здаецца, што такі плян уладаў – запусьціць у кампанію як мага больш амбітных кандыдатаў, ніхто нікому саступаць ня будзе, будуць лаяцца адзін з адным на тэледэбатах і дыскрэдытаваць адзін аднаго.

Цыганкоў: Заявяць, што сабралі сто тысяч – Лукашэнка, Някляеў, Саньнікаў, Раманчук, Міхалевіч, Кастусёў, Рымашэўскі. Зьбяруць гарантавана – Някляеў і Саньнікаў, і – рызыкну даць нетрадыцыйны прагноз – Міхалевіч. Раманчук, Кастусёў і Рымашэўскі будуць балянсаваць на мяжы ста тысяч. Асобнае пытаньне з Гайдукевічам. У Гайдукевіча ранейшай гармоніі з уладай няма, і магчыма, ягоныя паслугі на гэтых выбарах ужо не спатрэбяцца. Ягоная роля даўно зьмянілася, пасьля таго, як яго не пусьцілі ў дэпутаты на апошніх выбарах, і некаторыя ягоныя апошнія заявы сьведчаць, што магчыма, ён сам адмовіцца на нейкім этапе ад далейшага ўдзелу ў кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG