Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідарэвіч - новы лідэр Грамады. Ляўковіч яго не прызнаў


На першай сэсіі зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), які 10 кастрычніка прайшоў у Менску, старшынём партыі абраны Анатоль Сідарэвіч. Ён атрымаў бальшыню галасоў у параўнаньні зь іншымі прэтэндэнтамі – Валерыем Фраловым і Віктарам Крывалём. Былы старшыня партыі Анатоль Ляўковіч назваў зьезд нелегітымным.

Асноўным у парадку дня зьезда было пераабраньне кіраўніцтва партыі і пытаньне аб удзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах. Новым старшынём БСДП (Грамада) стаў Анатоль Сідарэвіч. За яго прагаласавала 35 удзельнікаў зьезду партыі, супраць — 33. Сідарэвіч заявіў, што выступае супраць "моцнага старшыні" і зьбіраецца "ўзмацніць калектывісцкі пачатак ў кіраваньні партыяй". Асноўнай сваёй мэтай ён назваў "працу на будучыню". Адносна ўдзелу партыі ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі спадар Сідарэвіч сказаў:

"Самае цікавае пачнецца пасьля выбараў. А зараз мы ня можам нават прымаць ніякага дакумэнту. Па першае, для гэтага трэба было правесьці зьезд перад пачаткам выбарчай кампаніі. Па другое, мы ня можам прыняць ніякай плятформы, бо не вылучаем партыйнага кандыдата. Нашы сябры працуюць на розных дэмакратычных прэтэндэнтаў. І таму мы ня можам прыняць абавязковы дакумэнт".

Ці азначае, сыход з пасады старшыні Анатоля Ляўковіча, вяртаньне ў партыю Аляксандра Казуліна? Спадар Сідарэвіч сказаў:

"Я ведаю, што ў панядзелак некаторы сябры хадзілі да Аляксандра Казуліна. А.Казулін ня вернецца ў БСДП".

Былы старшыня Анатоль Ляўковіч назваў зьезд нелегітымным, бо старшынёй, маўляў, абраны беспартыйны, і пакінуў залю разам са сваімі былымі намесьнікамі. Ён заявіў, што мае намер працягваць абавязкі старшыні і не аддаў пячатку.

"Я сказаў, што застаюся старшынёй партыі. І я зьвярнуся да ўсіх сяброў, якія абраны мінулым зьездам, каб яны працавалі, пакуль мы не правядзем зьезд як патрэбна, згодна са статутам. Я думаю, мы ў стане правесьці зьезд. Мы ў стане правесьці зьезд, дзе ня будуць абіраць беспартыйных старшынямі партыі".

Свой удзел у зьезьдзе ён патлумачыў тым, што мусіць назіраць за сытуацыяй у партыі. Таксама спадар А.Ляўковіч зьняў сваю кандыдатуру. Алег Трусаў адзначыў, што галасаваў за А.Сідарэвіча, каб захаваць партыю. Ён заявіў, што ў А.Ляўковіча няма ніякіх доказаў, што спадар Сідарэвіч не зьяўляецца сябрам БСДП(Грамада).

"Я думаю, што яго ўлады неяк нават будуць і падтрымліваць, як гэта ня раз было. Наша партыя ня раз да канца не прызнавалася. Партыя ёсьць, ёсьць людзі і ўсе выбары былі на альтэрнатыўнай аснове. І не прызнаць наш зьезд улада, канечне, можа. Але ад гэтага нічога не памяняецца. Мы як былі партыяй, так і будзем. Так што ўсе гэтыя захады ня маюць юрыдычнай падставы".

Напярэдадні зьезду Анатоль Ляўковіч трэці раз зьявіўся на старонках газэты "Советская Белоруссия". У інтэрвію "Вось – новы паварот" ён крытыкуе апазыцыю. Мечыслаў Грыб адзначыў, што публікацыі супярэчаць стратэгіі, тактыцы і праграме партыі:

"Я не лічу неабходным сёньня казаць, што мы гатовы супрацоўнічаць з гэтай уладай. Яна, мякка кажучы, не зусім сумленная. Сёньняшняя ўлада нашу партыю ці іншыя ва ўпор ня бачыць. Улада сёньня не настолькі дурная, каб даверыць нешта апазыцыі і пайсьці зь ёй на перамовы. Навошта сёньня ўносіць спрэчку ў апазыцыю? Навошта даказваць, што гэтыя артыкулы Ляўковіча павінны дыскутавацца ў партыях?! Усялякія дэбаты – гэта разлад партыі. Таму кіраўнікі астатніх партый, ды і наша партыя, гэта зразумелі і не пайшлі ні на якія дэбаты. Гэта правільна".

Валеры Фралоў "з аблягчэньнем" успрыняў вынікі зьезду. На другой яго сэсіі, якая пройдзе пасьля выбараў, плянуецца абмеркаваць партыйную стратэгію.

30 жніўня Сідарэвіч распаўсюдзіў зварот да СМІ, у якім заклікаў "не зьвязваць яго імя з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) у сувязі з тым, што спыняе членства ў арганізацыі". Пры гэтым палітык заявіў, што не будзе камэнтаваць гэтае рашэньне. Празь некалькі дзён Сідарэвіч пракамэнтаваў на сайце партыі магчымасьць свайго вылучэньня на пасаду старшыні арганізацыі. Ён заявіў, што паколькі яго заява пра выхад з БСДП (Грамада) не была зафіксаваная ў партыйных органах, ён працягвае заставацца сябрам партыі.






Прэзыдыюм зьезду

Перад зьездам выйшаў артыкул у падтрымку Анатоля Ляўковіча ў дзяржаўнай прэсе

Анатоль Ляўковіч

Валянцін Аскірка першы раскрытыкаваў Анатоля Ляўковіча і выступіў з падтрымкай Анатоля Сідарэвіча

Павал Знавец


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG