Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе выконваць ролю Гайдукевіча на фінішы кампаніі?


Нязьменны ўдзельнік апошніх выбарчых кампаній Сяргей Гайдукевіч адмовіўся ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Якія прычыны гэтага кроку? Ці стаіць за гэтым нейкі новы сцэнар уладаў? Хто будзе спарынг-партнэрам Аляксандра Лукашэнкі ў фінальнай частцы выбарчай кампаніі?


Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Андрэй Дынько
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч

Чаму зьняўся Гайдукевіч?


Валер Карбалевіч: «Адмова Гайдукевіча ад удзелу ў выбарах сталася нечаканай. Ён сабраў самую вялікую ініцыятыўную групу, больш за 10 тыс. чалавек, якая, паводле ягоных слоў, сабрала 100 тыс. подпісаў. І вось сышоў, заявіўшы, што выбары — гэта спэктакль. Першае пытаньне: Гайдукевіч зьняўся сам зь нейкіх прычын ці яго прымусілі?

Андрэй Дынько: «Гэтым годам у нас новы спэктакль. І ў гэтай новай п’есе для Гайдукевіча няма ролі. Ён гэта адчуў і таму зьняўся».

Кірыла Пазьняк: «Падаецца, што погляд на Гайдукевіча як на адназначнага спарынг-партнэра Лукашэнкі ўсталяваўся таму, што ў нас трохі ўтрыраваныя крытэрыі апазыцыйнасьці. Яны палярызаваныя. Як толькі хтосьці адыходзіць ад радыкалізму, гуляе ў сыстэмную апазыцыю, то ён абвяшчаецца праектам адміністрацыі прэзыдэнта.

Усе мінулыя гады Гайдукевіч выбудоўваў схему памяркоўнага пазыцыянаваньня. І гэта задавальняла і ўладу, і Гайдукевіча. Мусіць, паміж імі былі нейкія дамоўленасьці. Сябры ЛДП мелі пэўныя пасады ва ўладзе, бізнэсе.

Акрамя таго, ЛДП мае партнэрскія сувязі з расейскай партыяй ЛДПР. Цяпер лідэр ЛДПР Жырыноўскі рэзка крытыкуе Лукашэнку.

Апошнім часам акрэсьлілася тэндэнцыя радыкалізацыі пазыцыі Гайдукевіча. Ён ня стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў падчас выбараў 2008 году. Быў суд над ягоным намесьнікам Карунасам. З таго часу Гайдукевіч пачаў дапускаць крытыку Лукашэнкі і весьці адносна самастойную гульню, альбо — па дамоўленасьці з ЛДПР».

Гайдукевіч і сцэнар уладаў


Карбалевіч: «Экспэрты аднадушныя ў тым, што ён палітык кіраваны. Хачу нагадаць, што яшчэ ў 2008 годзе аналягічным чынам Гайдукевіч сышоў з выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Тады экспэрты таксама прыйшлі да высновы, што ўлады растлумачылі яму: гэтым разам ён ня мае шанцаў трапіць у Палату прадстаўнікоў. Чаму Гайдукевіч гэтым разам не ўпісаўся ў сцэнар уладаў?»

Дынько: «Ва ўладаў цяпер новы сцэнар. Яго сэнс палягае ў тым, каб выбары прызналі дэмакратычнымі. Глядзіце, пікеты не разганяюць, не было затрыманьняў з палітычных матываў падчас гэтай кампаніі. Гайдукевіч убачыў, што роля спарынг-партнэра цяпер непатрэбная. І ён не знайшоў рэсурсаў для гэтай кампаніі».

Карбалевіч: «Сабраў ініцыятыўную групу ў памеры 10 тысяч чалавек і пры гэтым не знайшоў рэсурсаў?»
У выпадку ўдзелу ён адцягваў бы галасы ў Лукашэнкі.

Дынько: «Вы бачылі гэтыя 10 тысяч? Туды трапілі людзі з арабскімі прозьвішчамі, нават адзін сябар ЦВК. Гэта значыць, што сьпісы ствараў невядома хто і левай нагой.

І ня важна, зьняўся ён сам ці хтосьці зьняў яго з кручка. Бо ў выпадку ўдзелу ён адцягваў бы галасы ў Лукашэнкі.

Пазьняк: «Здаецца, Гайдукевіч зьняўся сам. Ён манэўраваў паміж кантактамі зь беларускімі ўладамі і кантактамі з ЛДПР, магчыма — з кантактамі ў Маскве на больш высокім узроўні. Ён займаў нішу самага прарасейскага кандыдата.

Калі лічыць, што яго прымусілі сысьці ўлады, то толькі на падставе сцэнару суперлібэральных выбараў. У такім сцэнары спарныг-партнэр непатрэбны, бо апазыцыйныя кандыдаты не зьбіраюцца здымацца з выбараў».

Расейскі сьлед


Карбалевіч: «Існуе вэрсія, нібыта ўлады не даравалі Гайдукевічу, што ён сабраў большую ініцыятыўную групу, чым Лукашэнка. Гэта ж нахабства — лезьці паперад бацькі.

Вось сп. Пазьняк выказаў вэрсію, што Гайдукевіч выступаў з прарасейскімі заявамі, абяцаў прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І ва ўмовах вострай палітычнай вайны з Расеяй улады вырашалі не рызыкаваць?

Дынько: «Сапраўды, Гайдукевіч езьдзіў у Абхазію, казаў пра неабходнасьць увесьці расейскі рубель. Але галоўнае тут тое, што выбары ідуць па новым сцэнары. Гэта ня будзе паўтор выбараў 2001 і 2006 году».

Пазьняк: «Расейскі чыньнік на гэтых выбарах вельмі важны. Ішло спаборніцтва паміж апазыцыйнымі кандыдатамі, хто зь іх больш прарасейскі. Але цяпер важней, каму выгадныя выбары без Гайдукевіча. Уладам яны выгадныя».

Хто будзе выконваць ролю спарынг-партнэра Лукашэнкі?


Карбалевіч: «Падчас папярэдніх выбарчых кампаній назіральнікі заўважалі такі фэномэн: ніхто ня бачыў, як ініцыятыўная група Гайдукевіча зьбірала подпісы, аднак у выніку ён заўсёды здаваў 100 тыс. подпісаў і яго рэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты Экспэрты казалі, што Гайдукевіч патрэбен для таго, каб Лукашэнка не застаўся адзін падчас галасаваньня, на выпадак, калі апазыцыйныя кандыдаты адмовяцца ад удзелу ў выбарах. Таму ўзьнікае пытаньне: хто ж цяпер будзе выконваць ролю спарынг-партнэра Лукашэнкі на фінішы выбарчай кампаніі?»

Дынько:
Цяпер, каб Захад прызнаў выбары, яны павінны быць часткова свабоднымі.
«Калі глядзець на цяперашнія выбары ў Беларусі, то можна ўзгадаць вопыт Малдовы. Камуніст Варонін прыйшоў да ўлады на прасавецкай, прарасейскай рыторыцы, абяцаў аднавіць гаспадарчыя сувязі з Расеяй, увесьці расейскую мову ў якасьці другой дзяржаўнай. Аднак ён адмовіўся дзейнічаць па расейскім сцэнары ў пытаньні Прыднястроўя, таму сапсаваў адносіны з Масквою. І вось перад выбарамі 2005 году пасьля „аранжавай рэвалюцыі“ ва Ўкраіне ён уступіў у канфлікт з Расеяй. Масква ўвяла забарону на продаж малдаўскіх тавараў у Расею. І тады Варонін выйграў выбары. А прарасейская апазыцыя ў выглядзе блёку „Наша Малдова“ прайграла выбары. Захад прызнаў выбары часткова свабоднымі. Бо, акрамя кантролю Вароніна над дзяржаўнымі мэдыямі, усе астатнія аспэкты выбараў былі свабоднымі. І пасьля выбараў парлямэнт абраў Вароніна прэзыдэнтам галасамі камуністаў і хрысьціянскіх дэмакратаў, якія падтрымалі Вароніна як абаронцу незалежнасьці.

Нешта падобнае цяпер адбываецца ў Беларусі. Захад і Расея мяняюцца месцамі. Цяпер, каб Захад прызнаў выбары, яны павінны быць часткова свабоднымі».

Карбалевіч: «Ёсьць пэўныя адрозьненьні ад малдаўскіх выбараў. Няма прарасейскай апазыцыі. Выбарчыя камісіі ствараюцца практычна без апазыцыі. Лукашэнка ня робіць ніякіх жэстаў у бок Захаду».

Пазьняк: «Магчымыя тры сцэнары. Першы: імітацыя суперлібэральных выбараў. А спарынг-партнэр Лукашэнкі Гайдукевіч — гэта прыкмета недэмакратычных выбараў.

Другі сцэнар: замена спарынг-партнэра. Ці на кагосьці іншага, ці спарынг-партнэрам выступіць адзін ці некалькі кандыдатаў апазыцыі.

Трэці варыянт. Гайдукевіч зьняўся па камандзе Крамля, каб не забіраў галасы ад асноўнага прарасейскага кандыдата».

Дынько: «Гайдукевіч — чалавек зь беларускай сыстэмы. З Крамлём ён мае адносіны толькі на словах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG