Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нехта гуляе чэсна, а нехта мечанымі картамі”


Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч
Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч адмовіўся ад вылучэньня кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі, хоць і заявіў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала больш за сто тысяч подпісаў. Што хаваецца за такім крокам?

Сяргей Гайдукевіч — сталы ўдзельнік прэзыдэнцкіх выбараў. У 2001 годзе, паводле дадзеных ЦВК, ён набраў 2,48%, а ў 2006 годзе — 3,5% галасоў. Сёлета ён нечакана адмовіўся ад вылучэньня на стадыі збору подпісаў.

«Я сёньня прыйшоў у штаб у 8:30, убачыў 100.150 подпісаў, усіх павіншаваў, падзякаваў і пайшоў у Цэнтравыбаркам. Па-першае, я хацеў, каб усе пераканаліся, як ставяцца людзі да лідэра і да палітычнай партыі. Дзякуй Радыё Свабода за тое, што вы здымалі, як мы зьбіраем подпісы. Я ўдзячны Радыё Свабода за аб’ектыўнасьць. Мы задаволены і лічым, што наша рашэньне вельмі правільнае».
Я сёньня прыйшоў у штаб у 8:30, убачыў 100.150 подпісаў, усіх павіншаваў, падзякаваў і пайшоў у Цэнтравыбаркам.


Спадар Гайдукевіч адзначае, што ніякага ціску з боку ўладаў не было.

На пытаньне, ці азначае гэта, што няма сэнсу браць удзел у выбарах, бо ўжо вырашана, чым яны скончацца, спадар Гайдукевіч адказаў, што «ён зьняўся, і гэтым усё сказаў». Ён адзначыў, што не зьбіраецца аддаваць свае галасы іншаму прэтэндэнту ці агітаваць за кагосьці. Таксама спадар Гайдукевіч назваў выбары спэктаклем.

«Ну, я назваў сябе гледачом. Я — глядач на спэктаклі. Розныя спэктаклі паўтараюцца па пяць разоў, і я хачу цяпер пабыць гледачом. Я хачу паглядзець збоку, як гэта ўсё будзе».

Камэнтуючы тое, што Гайдукевіч сышоў з прэзыдэнцкай гонкі, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пашкадаваў, што «так горача пераконваў» сябраў ЦВК зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу.

«Гэта ініцыятыўная група не змагла выканаць мінімальную задачу, то бок сабраць 100 тысяч подпісаў і зарэгістраваць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Зь юрыдычнага гледзішча любы патэнцыйны прэтэндэнт можа спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі, нават не падаючы заяву ў ЦВК».

Адносна таго, што Гайдукевіч параўнаў выбары са спэктаклем, Лазавік адзначыў, што, маўляў, любое дзеяньне ў жыцьці свайго роду спэктакль:
Гэта ініцыятыўная група не змагла выканаць мінімальную задачу, то бок сабраць 100 тысяч подпісаў.


«Толькі нехта гуляе чэсна, а нехта — мечанымі картамі. Таму, усё жыцьцё наша — спэктакль. Я хацеў бы, каб усе героі ў гэтым спэктаклі былі станоўчымі і гулялі дакладна па правілах, якія дае Выбарчы кодэкс».

Як іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты камэнтуюць выхад Гайдукевіча з выбараў? Рыгор Кастусёў сказаў, што адразу лічыў яго несур’ёзным кандыдатам:

«У яго было столькі парушэньняў у сьпісе ініцыятыўнай групы, што яго ня варта было рэгістраваць ужо тады. У складзе ініцыятыўнай групы быў супрацоўніц ЦВК, і былі неграмадзяне Беларусі, былі непаўналетнія. Але яго чамусьці зарэгістравалі. Але я мяркую, што ён і не зьбіраўся ісьці на выбары, што і пацьвердзілася. Выбарчая кампанія ад яго сыходу нічога ня згубіць, а толькі будзе лепш».

Уладзімер Някляеў мяркуе, што гэта не было рашэньнем самога Гайдукевіча:

«А рашэньне таго чалавека, які раней прымаў рашэньне, каб спадару Гайдукевічу ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, калі яму гэта трэба было. А цяпер прыняў рашэньне ня ўдзельнічаць, бо той, які прапанаваў спадару Гайдукевічу, спадар Лукашэнка, усё ж хоча зрабіць выгляд, карцінку. Таму ніяк спадар Гайдукевіч, як тэхнічны кандыдат, ня ўпісваецца ў гэты фармат. Вось ён і заявіў, што хоча паглядзець на гэты спэктакль збоку. Больш тут ніякіх прычынаў няма».

Андрэй Саньнікаў ухваліў рашэньне Гайдукевіча:

«Я лічу, што гэта добры знак, добры сыгнал. Бо ён заўсёды гуляў, па-першае, як прарасейскі кандыдат і ў падтрымку Лукашэнкі. І на тое, што ён зьняўся, паўплывала пазыцыя Расеі. І цяпер у апазыцыі, у апазыцыйных кандыдатаў, таксама зьявілася больш прасторы для манэўраў. І я вітаю такое рашэньне».

Пасьля сыходу Гайдукевіча засталося 15 прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG