Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мозг чалавека пачынае працаваць паўнавартасна толькі ў 60 гадоў


Як лічыць амэрыканскі прафэсар Дыліп Джэйст з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, мозг чалавека здольны да рэгенэрацыі нават у старых людзей, а таму і ў пажылым узросьце трэба пастаянна займацца інтэлектуальнай дзейнасьцю.

У сваю чаргу, канадзкія навукоўцы з Rotman Research Institute і ўнівэрсытэту Таронта прыйшлі да высновы, што мозг пажылых людзей здольны эфэктыўна адфільтроўваць непатрэбную інфармацыю.

Канадзкія нэўролягі: Старэючы мозг лепш апрацоўвае другасную інфармацыю

У выніку дасьледаваньняў канадзкія адмыслоўцы-нэўролягі абверглі распаўсюджанае меркаваньне адносна таго, што старэньне зьвязанае з паніжанай магчымасьцю мозгу апрацоўваць нерэлевантную інфармацыю. Наадварот, мозг пажылых людзей можа падзяляць інфармацыю на патрэбную ды непатрэбную, "гіпэркадаваць" другасную інфармацыю, а таксама зьвязваць разам адпаведныя і неадпаведныя элемэнты дадзеных, тлумачаць канадзкія нэўролягі.

У дасьледаваньні прынялі ўдзел дзьве ўзроставыя групы: валанцёры 17-29 гадоў і 60-73 гадоў. Ім паказвалі сэрыю малюнкаў, над якімі былі напісаныя словы зусім зь іншым значэньнем. Напрыклад, на фота была намалявана птушка, а напісана слова "скачок". Паддосьледных папрасілі засяродзіцца толькі на фотаздымках і ігнараваць словы. Кожны раз, калі яны бачылі той самы малюнак двойчы запар, ім трэба было націснуць на кнопку. Пасьля тэсту і 10-хвіліннага перапынку валанцёрам паказалі тры віды парных фотаздымкаў: спачатку ўжо бачаны імі здымак, затым той жа ж здымак, але зь іншым словам і напрыканцы новыя фота з новымі словамі. Было адзначана, што пажылыя людзі на 30% часьцей за маладых згадвалі і словы, якія былі напісаныя над фота з мэтай заблытаць паддосьледных. Такім чынам была зробленая выснова, што старэючы мозг лепш фільтруе непатрэбную інфармацыю, а менавіта гэта яго ўласьцівасьць важная для прыняцьця рашэньняў.

Амэрыканскія дасьледчыкі: Пік разумовай актыўнасьці прыпадае на 50-70 гадоў


Тым часам амэрыканскія навукоўцы з унівэрсытэту Каліфорніі на падставе сваіх дасьледаваньняў прыйшлі да высновы, што пік інтэлектуальнай актыўнасьці чалавека прыпадае на 50-70 гадоў.

Найбольш паўнавартасна мозг пачынае працаваць у 60 гадоў.

Навукоўцы прааналізавалі функцыянальныя асаблівасьці мозгу 6000 чалавек, пачынаючы ад 1956 году. Валанцёры праходзілі кантроль кожныя сем гадоў. Паводле вынікаў тэстаў на інтэлектуальнае ўспрыманьне вонкавай інфармацыі, было ўстаноўлена, што ўдзельнікі экспэрымэнту значна лепш спраўляліся з адпаведнымі задачамі ў 50-60 гадоў, чым у 20 гадоў. Таксама амэрыканскія нэўрафізіёлягі прыйшлі да высновы, што пасьля 50 гадоў чалавек можа выкарыстоўваць абедзьве долі галаўнога мозгу адначасова, што дазваляе яму значна хутчэй спраўляцца са складанымі задачамі.

Дасьледчыкі таксама высьветлілі, што з часам у галаўным мозгу павялічваецца колькасьць рэчыва, якое ўтварае міэлін, абалонку нэрвовых валокнаў. Дзякуючы гэтаму інтэлектуальныя здольнасьці мозгу могуць падвысіцца да 3000% у параўнаньні зь сярэднімі паказчыкамі.

Як кажа каліфарнійскі прафэсар Дыліп Джэйст, раней лічылася, што з узростам мазгавая дзейнасьць значна пагаршаецца, паколькі клеткі галаўнога мозгу (нэўроны) паступова адміраюць, і да канца свайго жыцьця чалавек губляе да 30% адсоткаў нэўронаў. Аднак апошнія дасьледаваньні прадэманстравалі, што самі клеткі галаўнога мозгу не паміраюць. У старога чалавека могуць быць страчаныя толькі сувязі паміж нэўронамі. Аднак у тым выпадку, калі яны ніяк не задзейнічаны.

Паводле прафэсара Джэйста, “пажылыя людзі сапраўды больш рацыянальныя менавіта з-за асаблівасьцяў функцыянаваньня іх мозгу. Яны менш імпульсіўныя і часьцей іншых задумваюцца над тым, што адбываецца вакол. Па сутнасьці, гэта тое, што можна назваць мудрасьцю ".

Кітайскія навукоўцы: Актыўная мазгавая дзейнасьць дарослых набліжае старэньне

Амэрыканскія дасьледчыкі пры гэтым указваюць і на некаторыя адмоўныя бакі працы мозгу старых. Так, напрыклад, з-за велізарнай колькасьці інфармацыі, якая назапашваецца на працягу многіх гадоў, апэратыўная памяць чалавека перагружаецца. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да няўважлівасьці і кепскай памяці.

А вось навукоўцы з шанхайскага ўнівэрсытэту лічаць, што актыўная мазгавая дзейнасьць усё ж набліжае старэньне.

"У дзяцінстве чалавеку даводзіцца засвойваць больш за ўсё новай інфармацыі, і аб'ём чалавечага мозгу імкліва расьце. У падлеткавым узросьце гэты працэс запавольваецца, і нэўроны мозгу робяцца ўсё менш актыўнымі", лічаць шанхайскія дасьледчыкі.

Паводле кітайскіх навукоўцаў, у старэньні вінаватыя нэрвовыя клеткі, якія, хоць і аднаўляюцца, але зь вялікай цяжкасьцю, а таму актыўная мазгавая дзейнасьць дарослых людзей набліжае старэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG