Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Microsoft” — насустрач трэцяму сэктару


Амэрыканская карпарацыя «Microsoft» абвясьціла пра тэхнічную падтрымку няўрадавых аб’яднаньняў і незалежных СМІ ў шэрагу праблемных краінаў. У прыватнасьці, будзе заснаваная адмысловая «NGO Legal Assistance Program», якая дазволіць трэцяму сэктару Беларусі, Расеі і некаторым іншым рэгіёнам бясплатна карыстацца прадуктам «Microsoft» — перадусім апэрацыйнымі сыстэмамі, пакетамі «Microsoft Office» і г.д. Як да падобнай ініцыятывы паставіліся НДА ў Беларусі?

Апошнім часам буйнейшаму ў сьвеце вытворцу праграмнага забесьпячэньня даводзіцца змагацца ня толькі з цэлай індустрыяй, якая спэцыялізуецца на падробцы апэрацыйных сыстэмаў, але і з палітычна матываванымі цкаваньнямі на няўрадавыя арганізацыі, якія ў шэрагу краінаў падаюцца, зноў жа, як барацьба зь пірацтвам. Так, у Расеі і краінах Сярэдняй Азіі досыць распаўсюджанай зьявай стала канфіскацыя кампутарнай тэхнікі з офісаў праваабаронцаў ці СМІ, неляяльных да ўладаў, на той падставе, што тыя карыстаюцца пірацкімі вэрсіямі прадуктаў «Мicrosoft».

І калі дагэтуль амэрыканцы збольшага не зважалі на такі «клопат» пра інтэлектуальную ўласнасьць, то цяпер «Мicrosoft» працягне руку дапамогі няўрадавым арганізацыям у тых краінах, дзе існуюць праблемы з дэмакратыяй. І калі ініцыятыва будзе рэалізаваная, беларускія незалежныя СМІ і трэці сэктар атрымаюць бясплатную ліцэнзію на карыстаньне прадуктамі кампаніі.

Праўда, калі канкрэтна гэта здарыцца, у офісе кампаніі «Microsoft» у Кіеве, які прадстаўляе і беларускія інтарэсы карпарацыі, не ўдакладнілі:

Нейкіх дакладных дадзеных адносна крытэраў, а таксама наконт тэрмінаў, няма.
«Такая заява з боку „Microsoft“ была насамрэч зробленая, але толькі як ініцыятыва. То бок, праграма аб праграмным забесьпячэньні для няўрадавых арганізацый і незалежных СМІ знаходзіцца ў распрацоўцы, але пакуль яшчэ нейкіх дакладных дадзеных адносна крытэраў, паводле якіх будуць адбіраць арганізацыі, што будуць удзельнічаць у праграме бясплатнага ліцэнзаваньня, а таксама наконт тэрмінаў, няма. Мы раім чакаць інфармацыю, якая зьявіцца на сайце „Microsoft“. А яна, безумоўна, будзе, як толькі зьявяцца больш падрабязныя зьвесткі. Са свайго боку мы проста анансавалі — так, гэта будзе. Але калі гэта здарыцца, пакуль, на жаль, канкрэтна нават ня скажам».

Амэрыканскія СМІ цытуюць заяву юрыдычнага дэпартамэнту «Microsoft», у якой, у прыватнасьці, кажацца: «У імкненьні прадухіліць выпадкі, калі няўрадавыя арганізацыі і СМІ рабіліся ахвярамі ганебных дзеяньняў, якія чыняцца пад маскай барацьбы зь пірацтвам, „Microsoft“ распрацуе новую бясплатную ліцэнзію на праграмнае забесьпячэньне, якая стане гарантам таго, што яны выкарыстоўваюць бясплатныя легальныя копіі нашых прадуктаў». У сваю чаргу, кіраўніцтва кампаніі паабяцала, што «Microsoft» болей ня будзе аказваць юрыдычную падтрымку палітычна матываваным абвінавачваньням у пірацтве.

Прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый перакананыя: такога кшталту дапамога з боку карпарацыі «Microsoft» была б надзвычай важкай, паколькі трэці сэктар істотна абмежаваны, што да магчымасьці карыстацца ліцэнзаваным праграмным забесьпячэньнем. Гаворыць прадстаўнік трэцяга сэктару, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Некаторыя арганізацыі і фонды ўжо распачыналі працу з мэтай забясьпечыць трэці сэктар ліцэнзаваным праграмным забесьпячэньнем. Але гэта, усё ж, былі лякальныя і разавыя ініцыятывы, абцяжараныя рознымі ўмовамі карыстаньня і нейкімі працэдурнымі абмежаваньнямі. Калі да гэтых лякальных ініцыятываў далучаецца сама карпарацыя „Microsoft“ і дае такія правы, то гэта надзвычай паспрыяла б рэсурснаму забесьпячэньню арганізацый трэцяга сэктару і ўвогуле грамадзкага некамэрцыйнага сэктару. На постсавецкай прасторы грамадзкія некамэрцыйныя арганізацыі проста фізычна абмежаваныя ў карыстаньні ліцэнзаваным софтам і без уласнага жаданьня зьяўляюцца ўдзельнікамі вось гэтай пірацкай індустрыі. Чаго б самі, вядома, не хацелі. Таму гэта, безумоўна, была б добрая ініцыятыва».

Аляксандар Старыкевіч
Меркаваньне спадара Мацкевіча падзяляе галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч. Да таго ж, на яго меркаваньне, такі крок у вачох міжнароднай супольнасьці пайшоў бы карпарацыі толькі на карысьць:

«Шчыра кажучы, я толькі цяпер упершыню пра гэта пачуў, таму цяжка „верыць-ня верыць“ у посьпех ініцыятывы, гэта ж не на рамонку гадаеш. Але калі такая ініцыятыва ёсьць сама па сабе, то, спадзяюся, што ўрэшце так яно і будзе. Гэта быў бы вельмі добры крок з боку кампаніі „Microsoft“, тым больш, што, у прынцыпе, усе і так карыстаюцца яе прадуктамі. Адно што ў нашых умовах гэта робіцца, мякка кажучы, не заўсёды легальна. А, натуральна, заўсёды прыемна адчуваць, што ты дзейнічаеш цалкам у межах закону. Да таго ж, я перакананы, што і на іміджы „Microsoft“ гэта адбілася б вельмі станоўча».

Паводле папярэдніх зьвестак, на дапамогу «Microsoft» могуць разьлічваць лякальныя мэдыі, якія маюць ліцэнзіі, зьяўляюцца сябрамі мясцовых журналісцкіх арганізацыяў і прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Што тычыцца арганізацыяў трэцяга сэктару, то, каб зрабіцца ўдзельнікамі «NGO Legal Assistance Program», яны мусяць быць недзяржаўнымі і здольнымі пацьвердзіць свой статус.

Уладзімер Мацкевіч
Апроч таго, як лічыць Уладзімер Мацкевіч, карпарацыі «Microsoft» выгадна было б такім чынам заявіць пра сябе і зь іншых прычынаў:

«Сама кампанія „Microsoft“ была б у гэтым зацікаўленая, таму што яна губляе пазыцыі на рынку. Ужо цяпер шмат распаўсюджваецца прадуктаў, сумяшчальных з прадуктамі „Microsoft“, і ўсё больш і больш карыстальнікаў адмаўляюцца ад прадукцыі ўласна карпарацыі, пераходзячы на іншую. Пачалося ўсё з праграмаў, якія прайгравалі музыку і відэа, потым гэта пачало тычыцца браўзэраў. Але што датычыць офісных праграмаў — „Word“, „Exel“ і г.д. — то ўсе карыстаюцца менавіта „майкрасофтаўскімі“ прадуктамі. Таму такую ініцыятыву можна толькі вітаць. Іншая справа — наколькі гэта ўсё ж будзе лёгка зрабіць? Бо тыя лякальныя ініцыятывы фондаў і „парасонных“ арганізацыяў праходзілі зь вялікімі цяжкасьцямі, бо шмат было абмежаваньняў. Магчыма, могуць розныя чыньнікі шкодзіць і гэтаму, на жаль».

Калі абвешчаная праграма бясплатнага ліцэнзаваньня будзе ўхваленая, то мяркуецца, што такая ліцэнзія будзе дзейнічаць да канца наступнага году. А ўжо ад 2012-га беларускія няўрадавыя арганізацыі і лякальныя СМІ змогуць далучыцца да праграмы падтрымкі NGO, якая раней на Беларусь не распаўсюджвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG