Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белая Русь" на пікетах сумуе


"Белая Русь" у самоце
"Белая Русь" у самоце
Напярэдадні жыхары Магілёва сталі сьведкамі нязвыклай для палітычнага жыцьця Беларусі зьявы. Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі зьбіралі подпісы на адной пляцоўцы зь ініцыятыўнай групай дзейнага прэзыдэнта.

Першымі на пляцоўку пад вокны гарвыканкаму прыйшлі двое сяброў ініцыятыўнай групы “Белай Русі”. Разьмясьціліся за сталом, разгарнулі белы сьцяг з надпісам назвы сваёй арганізацыі. Неўзабаве зьявіліся ініцыятыўныя групы Ўладзімера Някляева, Рыгора Кастусёва ды Андрэя Саньнікава.

Зьлева - альтэрнатыва, справа - "Белая Русь"

Актывіст дзяржаўнай грамадзкай арганізацыі сьмела заявіў, што зьяўленьне апазыцыянэраў яго ні каліва не зьбянтэжыла:

“У іх свой кандыдат, дакладней, асоба для вылучэньня ў кандыдаты на прэзыдэнта. У нас свая асоба. Гэта справа выключна добраахвотная — хачу падпісваюся за аднаго, хачу — за другога, а хачу — за ўсіх адразу. Ніхто нікога не навязвае”.

Чаргі з ахвочых падпісацца за Лукашэнку не было. Мінакі, не зважаючы на пікет у яго падтрымку, шыбуюць мімаходзь. Хвілінаў праз дваццаць да століка “Белай Русі” падышла спадарыня сталага веку. Жыцьцём за Лукашэнкам яна задаволеная:

“Вы ж згадайце, у які час Лукашэнка прыйшоў. Мы ж тады былі такая галота. Гатовыя былі туалетнай паперай разьлічвацца. Колькі ягоных сіл яму гэта каштавала й здароўя. Я ведаю, як працаваць зь людзьмі і круціцца ў палітыцы”.

Ігар Барысаў - у цэнтры

Сябра ініцыятыўнай групы Някляева Ігар Барысаў уважліва сочыць за столікам “Белай Русі”, што знаходзіцца за пяцьдзесят мэтраў. Яго "сіратлівасьць" тлумачыць гэтак:

“Таго чалавека ведаюць ужо шаснаццаць гадоў. Што новага пра яго можна дазнацца? Новае тут. Людзі цікавяцца. Хочуць ведаць, хто гэта такія, што яны прапаноўваюць. За дэмакратычных кандыдатаў людзі ахвотна расьпісваюцца”.

Каля апазыцыянэраў народ раіцца. Бальшыня расьпісваецца адразу за трох вылучэнцаў. Некаторыя нават не глядзяць, за каго менавіта:

Карэспандэнт: “Вы расьпісаліся за Рыгора Кастусёва, чаму менавіта за яго?”

Спадарыня: “За Кастусёва? Я за Саньнікава хацела. Хачу, каб ён быў прэзыдэнт. Адукаваны чалавек. Скончыў інстытут замежных моваў. Мой калега. Хачу й за Кастусёва. Ён жа БНФ, так. Я наагул прыхільніца БНФ. Я заўсёды была за Пазьняка”.

Былая настаўніца, якая воляй лёсу стала прадпрымальніцай, ад новага прэзыдэнта не чакае цуду. Чакае вяртаньня страчанага:

“Хочацца, каб нашы дзеці размаўлялі на роднай мове. Хочацца, каб сымболіка вярнулася наша гістарычная. Хочацца жыць у свабоднай эўрапейскай Беларусі. Хочацца ганарыцца сваім прэзыдэнтам. Хочацца пераменаў”.

Спадарыня сталага веку прыйшла да апазыцыянэраў пасьля інтэрвію кіраўніка Беларусі расейскім мэдыям:

“Мне сорамна стала, што ў нас такі прэзыдэнт. Неадукаваны, нявыхаваны. Хлусьлівы нейкі. Мне, напрыклад, не па сабе. Хвалімся, што ў сярэдзіне Эўропы, але з Расеяй сварымся за што? З Эўропай не сябруем. З кім мы сябруем? З Пакістанам! Навошта гэта нам?”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG