Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінулыя прэзыдэнцкія выбары на Берасьцейшчыне сфальшаваныя


Кіраўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар заявіў, што ў 2006 годзе мясцовыя ўлады на 16 тысячаў зьменшылі колькасьць тых, хто прагаласаваў за Аляксандра Лукашэнку. Тым самым старшыня аблвыканкаму прызнаў, што вынікі мінулых прэзыдэнцкіх выбараў на Берасьцейшчыне былі сфальшаваныя.

Канстанцін Сумар
Прызнаньне аб фальсыфікацыі з вуснаў старшыні аблвыканкаму прагучала пасьля адзначэньня, што дзейны кіраўнік краіны мае ў рэгіёне надзвычай моцную падтрымку. Але, кажа кіраўнік абласной арганізацыі АГП Мікалай Коўш, калі службовыя асобы робяць прызнаньні ў правапарушэньні, павінна адразу ж быць рэакцыя з боку адпаведных структураў. Калі пракуратура на гэта не адрэагуе, то гэта мусяць зрабіць дэмакратычныя сілы:

"Я мяркую, што неабходна, каб на абласным узроўні была пэўная рэакцыя на гэтыя словы. Думаю, што будзе зварот у адпаведныя органы, з просьбай даць адпаведную прававую ацэнку гэтым заявам".

Актывіст прафсаюзу РЭП Сяргей Вакуленка гаворыць, што першая рэакцыя на прызнаньне аб фальшаваньні выбараў павінна была быць з боку ЦВК. Гэта крымінальная справа:

"Тут пракуратура Берасьцейскай вобласьці павінна даць ацэнку, а таксама тыя камісіі, якія перапісвалі выніковыя пратаколы, павінны быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці".

Намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Сьцяпан Навасяльчан выказвае меркаваньне, што, нягледзячы на такую заяву, кіраўнік аблвыканкаму наўрад ці меў нейкі асаблівы ўплыў на працэдуру падліку галасоў, вынікі выбараў. Гэта, хутчэй, эмацыйная заява, падобная на тую, у якой са словаў кіраўніка аблвыканкаму, Лукашэнка вышэй за Бога. На самой справе, кажа Сьцяпан Навасельчан, Канстанцін Сумар неблагі кіраўнік:

"Я заўсёды лічыў, што Сумар -- патрыёт нашага рэгіёну. Ён на самой справе неблагі гаспадарнік. І, мяркую, што зусім не яго справа даваць нейкія палітычныя характарыстыкі, характарызаваць такім чынам сытуацыю".

Мясцовыя дэмакратычныя сілы між тым зьбіраюцца адрэагаваць на прызнаньні Канстанціна Сумара.
XS
SM
MD
LG