Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі эмбрыёляг стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі


Ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізіялёгіі і мэдыцыны стаў брытанскі навуковец Робэрт Эдвардс (Robert Edwards), які распрацаваў тэхналёгію ЭКА — экстракарпаральнага, або штучнага, апладненьня in vitro. Сума прэміі, якая ўручаецца ў Каралінскім унівэрсытэце ў Стакгольме, складае 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў (крыху больш за адзін мільён эўра).

Робэрт Эдвардс пачаў займацца дасьледаваньнем апладненьня жанчыны ад 1960-х гадоў. У 1968 годзе ён патрапіў апладніць жаночую яйцаклетку ў лябараторных умовах. Пазьней ён разам з калегамі ўдасканаліў тэхналёгію здабываньня яйцаклетак з маткі і саму мэтодыку апладненьня.

Новая эра ў рэпрадуктыўнай мэдыцыне пачалася 25 ліпеня 1978 году


Першае пасьпяховае ЭКА было праведзена Патрыкам Крыстафэрам Стэптаў (Patrick Christopher Steptoe) і Робэртам Эдвардсам у Вялікай Брытаніі. Так 25 ліпеня 1978 году нарадзілася першае "дзіця з прабіркі" Луіза Браўн (Louise Brown). У сьвеце пачалася новая эра ў рэпрадуктыўнай мэдыцыне. Цяпер на плянэце налічваецца болей за 3 мільёны дзяцей, народжаных in vitro.

Як прагназуюць міжнародныя экспэрты, неспрыяльная экалягічная сытуацыя і многія іншыя чыньнікі прывядуць да таго, што колькасьць дзяцей in vitro будзе імкліва павялічвацца. Ужо цяпер у некаторых эўрапейскіх краінах колькасьць дзяцей, чые маці зацяжаралі дзякуючы рэпрадуктыўным тэхналёгіям, набліжаецца да 7% ад агульнай нараджальнасьці.

Паводле інфармацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), сёньня патрэбу ў ЭКА, калі жанчына ня мае іншых шанцаў зацяжараць, мае кожная пятая пара на Зямлі. Таксама адзначаецца, што апошнім часам ЭКА і ПЭ — перанос эмбрыёнаў у паражніну маткі — зрабіліся вельмі папулярнымі сярод жанчын, старэйшых за 40 гадоў.

У Беларусі дзеці in vitro пачалі нараджацца ў 1995 годзе


У Беларусі лябараторнае зьліцьцё мужчынскай і жаночай полавых клетак практыкуецца ад 1995 году. Штомесяц па паслугі спэцыялістаў па ЭКА зьвяртаюцца прыкладна 200 жанчын.
Цяпер на плянэце налічваецца болей за 3 мільёны дзяцей, народжаных in vitro...


Паводле супрацоўнікаў Цэнтру дапаможнай рэпрадукцыі "Эмбрыё" ў Менску, эфэктыўнасьць ЭКА ў сярэднім складае 30-40%. Прычым у выпадку з маладымі жанчынамі гэтая мэтодыка больш пасьпяховая. Эфэктыўнасьць ЭКА зьніжаецца ў выпадках, калі жанчыне рабіліся пэўныя гінэкалягічныя апэрацыі ці калі час яе актыўнага рэпрадукцыйнага ўзросту ўжо мінуў. У гэтай сувязі беларускія заканадаўцы палічылі неабходнай забарону на правядзеньне ЭКА для жанчын, старэйшых за 49 гадоў. Беларускія мэдыкі лічаць, што заводзіць дзіця ў 49 гадоў, – ня самае лепшае рашэньне для жанчыны. Да гэтага ўзросту функцыя яечнікаў згасае. Для таго, каб жанчына зацяжарала, рэпрадуктолягі мусяць выкарыстоўваць інтэнсіўную гарманальную тэрапію.

“Імавернасьць ускладненьняў у сталым узросьце заўсёды вельмі высокая, а на фоне гарманальнай тэрапіі ёсьць вельмі вялікая рызыка ня толькі для здароўя, але і для жыцьця жанчыны і яе дзіцяці”, — мяркуе беларуская старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізычнай культуры, справах сям'і і моладзі Сьвятлана Шылава.

На сёньня ЭКА ў сьвеце зьяўляецца досыць дарагой тэхналёгіяй. У нас яе кошт вагаецца паміж 2 і 4 мільёнамі беларускіх рублёў. Прыкладна такіх выдаткаў каштуюць неабходныя мэдыкамэнты. У Беларусі існуе адмысловы крэдыт "Беларусбанку" для правядзеньня ЭКА, закупкі лекавых сродкаў і лячэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG