З чым зьвязаны нечаканы візыт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Турэччыну? Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, гэты візыт пачаўся 2 кастрычніка.
Кіраўнік Беларусі прыляцеў у Турэччыну разам са сваім малодшым сынам Мікалаем. У прэзыдэнцкай прэс-службе не паведамілі, як доўга будзе працягвацца знаходжаньне А.Лукашэнкі ў Турэччыне. Але адзначылі, што візыт няплянавы. Паездка пачалася нечакана, раней яна не анансавалася. Адбылася сустрэча з турэцкім прэм'ер-міністрам Рэджэпам Эрдаганам. Паводле афіцыйных крыніцаў, "абмяркоўвалася пытаньне стварэньня зборачных прадпрыемстваў беларускіх аўта- і трактаравытворцаў. Пэўныя пэрспэктывы акрэсьленыя ў супрацоўніцтве ў лёгкай прамысловасьці". Сустрэча з прэзыдэнтам Турэччыны Абдулой Гюлем адбылася ў фармаце рабочай вячэры і выглядала абсалютна нефармальнай. Дарэчы, паводле БелТА, сустрэчы адбываліся ў Стамбуле, а не ў сталіцы — Анкары.
Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, гэта былі хутчэй цырыманіяльныя, руцінныя мерапрыемствы, бо нейкіх этапных дакумэнтаў не падпісвалася.
"Выказваюцца гіпотэзы — пагатоў такія прэцэдэнты ўжо былі — што, магчыма, беларускі кіраўнік вырашыў спалучыць карыснае з прыемным. То бок некалькі дзён правесьці ў цёплай краіне. Перад такім цяжкім перадвыбарчым маратонам гэта можа быць варыянт паўафіцыйнага адпачынку. Візыт, каб трошкі даць тайм-аўт перад цяжкай перадвыбарчай кампаніяй. Апроч таго, што цісьне Расея, яшчэ і зьмяншаецца рэйтынг. Сьвежае апытаньне НІСЭПД засьведчыла, што цягам трох месяцаў яго рэйтынг упаў, нягледзячы на рэзкае падвышэньне заробкаў. І гэта яшчэ адзін сымптом таго, што кампанія будзе вельмі няпростай для дзейнага беларускага кіраўніка".
Вядучы экспэрт саюзу нафтагазапрамыслоўцаў Расеі, дырэктар кампаніі "Інфатэк-тэрмінал" Рустам Танкаеў не выключае, што гэты візыт можа быць зьвязаны з пастаўкамі нафты ў Беларусь з Ірану. Беларусь, як вядома, атрымала ліцэнзію на распрацоўку аднаго з іранскіх нафтавых радовішчаў.
заявы А.Лукашэнкі пра энэргетычную незалежнасьць — гэта "чысты папулізм" ...
Паводле спадара Танкаева, усе заявы А.Лукашэнкі пра энэргетычную незалежнасьць — гэта "чысты папулізм".
"Беларусь пры любых раскладах атрымлівае энэрганосьбіты з Расеі нашмат таньней, чым яна можа атрымаць іх зь любой іншай крыніцы. Гэта тычыцца паставак нафты з Вэнэсуэлы і паставак нафты з Ірану. Гэта ўсё чыста папулісцкія рэчы, бо гэтая нафта ўсё роўна будзе даражэйшая за расейскую. Лукашэнка хоча паказаць, наколькі ён незалежны і моцны. Гэта проста зьвязана з выбарамі. Вядома, усё гэта прыносіць вялікую шкоду эканоміцы Беларусі. Сытуацыя якая? За нафту і газ плацяць жыхары Беларусі, дзяржаўны бюджэт. А прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў атрымлівае насамрэч Лукашэнка. Такім чынам, дзейнічае пэўны мэханізм выманьня грошай ва ўсяго насельніцтва краіны".