Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Башура сядзіць у адной камэры з 25 вязьнямі


У якіх умовах знаходзіцца на «Валадарцы» актывіст кампаніі «Гавары праўду» Міхась Башура? Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку пакаралі карцэрам за адмову выйсьці на працу. Чаму ўзялі на асобы кантроль вязьня Івацэвіцкай калёніі Мікалая Аўтуховіча?

Напярэдадні адвакатка Тамара Сідарэнка наведала у Менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру. «Свабодзе» адвакат паведаміла пра ўмовы, у якіх апынуўся яе падабаронны пасьля пераводу з Жодзінскага ізалятару:

«Тут горш, чым было ў Жодзінскім сьледчым ізалятары. У пляне, гэтак скажу, фізычным і санітарна-гігіенічным. У камэры на 24 мэтры 26 чалавек. 13 спальных месцаў».

Вядома, што ў перанаселеных камэрах ізалятара на Валадарскага людзі часта вымушаны спаць па чарзе, там не хапае сьвежага паветра, вялікая вільгаць, з-за чаго ў вязьняў могуць пачацца скураныя захворваньні. Паводле Тамары Сідарэнкі, харчаваньня, якое атрымлівае Міхась Башура у турме, яму не хапае, але дапамагаюць перадачы з волі. На стан здароўя вязень ня скардзіўся.
У камэры на 24 мэтры 26 чалавек. 13 спальных месцаў.


Працэс над Міхасём Башурам пачнецца 11 кастрычніка ў Савецкім судзе Менску. Актывіста кампаніі «Гавары праўду» абвінавачваюць у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, за што яму пагражае абмежаваньне волі на 5 гадоў, альбо пазбаўленьне волі на 3 гады ці грашовы штраф.

У кампаніі «Гавары праўду» кажуць пра палітычны перасьлед свайго калегі ў сувязі з актыўнасьцю кампаніі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.


Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку пакаралі карцэрам на 7 дзён. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» бацька вязьня Валер Бандарэнка, які наведаў Бабруйскую калёнію, дзе адбывае пакараньне ягоны сын:

«Ад Андрэя прыйшлі зьвесткі, што ў яго ўзьніклі праблемы пасьля адмовы працаваць на шкоднай вытворчасьці. Мяне прыняў начальнік калёніі. Ад яго я даведаўся, што Андрэя за адмову працаваць пакаралі карцэрам на 7 дзён. Зараз ён адбывае пакараньне. Начальнік калёніі абверг зьвесткі, што ў іх ёсьць шкодная вытворчасьць. Казаў, што іх наведваюць эколягі, правяраючыя і кажуць, што ўсё нармальна. Цяпер буду чакаць ад сына зьвестак пасьля карцэра. Баюся, каб да яго ня ўжылі 411-ы артыкул. Маўляў, калі будзе адмаўляцца працаваць, можам дадаць».

411-ы артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасьць за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі.
Аўтуховіч адмовіўся падпісаць паперу, што стаў на шлях выпраўленьня.
Да асноўнага тэрміну за гэта могуць дадаць яшчэ год ці нават два.


Праваабаронца Алег Воўчак падзяліўся зьвесткамі пра вязьня Івацэвіцкай калёніі Мікалая Аўтуховіча, атрыманымі ад ягонай жонкі Алены:

«Ён адмовіўся падпісаць паперу, што стаў на шлях выпраўленьня, якую патрабуюць падпісаць ад усіх навічкоў у калёніі. Таму яго ўзялі пад асаблівы кантроль, нібыта парушальніка парадку. Настрой ў яго такі: трымаецца, але разумее, што яго ў бліжэйшы час вызваляць не зьбіраюцца. Пасьля ягонага звароту, які надрукавала „Народная воля“, адміністрацыя яго папярэдзіла, каб ніякай агітацыі, ніякіх апазыцыйных спраў не было».

Таксама Мікалай Аўтуховіч перадаваў падзяку і прывітаньне ўсім, хто яго не забывае і падтрымлівае, у тым ліку праваабаронцам і журналістам, сказаў Алег Воўчак.

Вязьні, верасень 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў. Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары паводле абвінавачваньня у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Калегі з «Гавары праўду» кажуць пра палітычны характар перасьледу Міхася Башуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG