Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны дзень пажылых — у Беларусі і састарэлых — у сьвеце


Штогод у розных краінах сьвету 1 кастрычніка адзначаюць як Міжнародны дзень пажылых людзей. Упершыню гэты дзень быў абвешчаны на 45-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у сьнежні 1990 г. Характэрна, што на афіцыйных мовах ААН 1 кастрычніка пазначана як Міжнародны дзень састарэлых людзей (па-ангельску — International Day of Older Persons, па-гішпанску — Día Internacional de las Personas de Edad, па-француску — Journée internationale pour les personnes âgées). Слова "пажылы" датычна гэтага дня ўжываецца ў беларускай, расейскай і некаторых іншых мовах.

Парогі старасьці ў Беларусі і заходніх краінах


Адрозьненьне ў тэрміналёгіі зьвязанае з падыходамі да паняцьцяў "пажылы" — "састарэлы" або спосабамі вызначэньня парогу старасьці (пэнсійнага ўзросту). У большасьці разьвітых краін гэты парог з улікам розных індыкатараў настае пасьля 65 гадоў. У краінах СНД, уключна зь Беларусьсю, — пасьля 55 гадоў для жанчын і 60 — для мужчын.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі цяпер пражываюць каля 2 мільёнаў людзей пэнсійнага ўзросту. Як і ва ўсім сьвеце, у краіне адзначаецца стойкая тэндэнцыя да старэньня насельніцтва і адпаведна да няўхільнага росту колькасьці адзінокіх старых, у тым ліку тых, хто пражывае асобна без дапамогі. У Беларусі такіх людзей каля 700 000.

Тым часам амэрыканскія навукоўцы — аўтары дасьледаваньняў, надрукаваных у акадэмічным часопісе "Science", прапануюць ураду ЗША і шэрагу іншых разьвітых краін перагледзець 65-гадовы парог старасьці.

Як лічыць прафэсар Уорэн Сандэрсан з амэрыканскага ўнівэрсытэту Стоўн-Брук, цяперашнія мэтады ацэнкі старэньня насельніцтва грунтуюцца на старых падыходах, а таму ўводзяць у зман.

"Большасьць зьвестак пра старэньне публікуецца ААН і рознымі статыстычнымі агенцтвамі на падставе індыкатараў, якія выкарыстоўваюцца па ўсім сьвеце для вызначэньня кошту догляду за пэнсіянэрамі і кошту іх мэдычнага абслугоўваньня. Гэтыя індыкатары вызначаюцца з улікам 65-ці гадоў ці нават раней. Аднак цяперашніх 65-гадовых ужо нельга лічыць старымі. Гэта збольшага вельмі актыўныя людзі, якіх ні ў якім разе нельга назваць цяжарам для грамадзтва", кажа Сандэрсан.

Амэрыканскі дасьледчык прапануе ўвесьці новы спосаб ацэнкі кошту працягласьці жыцьця, які б улічваў узаемасувязь паміж старэньнем і ўзьнікненьнем інваліднасьці. Размова ідзе пра мэтазгоднасьць павелічэньня пэнсійнага ўзросту да 68-70 гадоў. Дарэчы, у разьвітых краінах Паўднёвай Азіі, напрыклад, у Паўднёвай Карэі, бальшыня людзей працуе ледзь не да апошніх дзён жыцьця.

Праца амэрыканскіх навукоўцаў ужо атрымала станоўчыя ацэнкі ў шмат якіх заходніх краінах. Паводле Майкла Мітчэла з брытанскай дабрачыннай арганізацыі "Age UK", "агульная тэндэнцыя да павелічэньня працягласьці жыцьця і паляпшэньня здароўя азначае, што многія пажылыя людзі могуць уносіць вельмі станоўчы і важкі ўклад у жыцьцё грамадзтва. Да таго ж у сувязі з павелічэньнем працягласьці жыцьця людзі з інваліднасьцю таксама жывуць даўжэй, чым раней. На іхны ўнёсак у жыцьцё грамадзтва таксама варта разьлічваць".

"Праўда, — адзначае Мітчэл, — Такая тэндэнцыя характэрная для прадстаўнікоў сярэдняй ды багатай клясы".

Старэчыя хваробы: сіла чалавечага кантакту з гэтымі людзьмі недаацэньваецца


Як сьведчаць навукоўцы, з павелічэньнем сярэдняй працягласьці жыцьця грамадзтва павінна быць падрыхтавана і да істотнага павелічэньня выпадкаў старэчых хваробаў — такіх, як сындром Альцгаймэра, хвароба Паркінсона, дэмэнцыя. У большасьці заходніх краін гэтыя людзі належаць да катэгорыі адзінокіх старых, якія пражываюць асобна. Блізкія гэтых хворых звычайна наймаюць ім сядзелак, пажадана зь сярэдняй мэдычнай адукацыяй. Пераважна ў сядзелкі ідуць жанчыны, нярэдка навучэнкі мэдычных каледжаў. На розных амэрыканскіх ды заходнеэўрапейскіх інтэрнэт-сайтах можна атрымаць каштоўныя парады наконт таго, як даглядаць такіх састарэлых

Колішняя студэнтка адной з амэрыканскіх мэдвучэльняў Кэралін Розэнблат піша ў сваім блогу пра першы досьвед працы з адной такой старой. Тая жанчына перанесла інсульт і таму не магла хадзіць і амаль нічога не гаварыла, акрамя рэдкіх "так" ці "не".

"Мая праца ў якасьці сядзелкі, — піша Кэралін Розэнблат, — палягала ў тым, каб чытаць ёй Біблію, дапамагаць легчы ці ўстаць з ложку, сесьці ў інвалідны вазок, памыцца ў ваннай і г.д."

Як студэнтка мэдычнай установы Кэралін ведала некаторыя асаблівасьці дагляду за пажылымі людзьмі. У тым ліку — якое вялікае значэньне маюць гумар ды далікатная ўвага.

"Мая хворая не магла гаварыць, аднак яна магла ўсьміхацца. Я шукала спосабы, каб прывучыць яе рабіць гэта штодня… Лета прайшло хутка. У апошні дзень канікулаў, пад канец маёй практыкі, я пры разьвітаньні ўзяла жанчыну за рукі і сказала ёй, як мне было прыемна клапаціцца аб ёй. У адказ гэтая маленькая сівая далікатная дама паглядзела на мяне і, на маё зьдзіўленьне, вымавіла: "Я ня ведаю, як я буду бяз вас".
Калі вашы старыя маюць дрэнны зрок і недасканалы слых, часьцей абдымайце іх ...

Гэта быў незабыўны момант! Яе дачка была ўзрушаная. І дагэтуль мне на вочы набягаюць сьлёзы, калі я згадваю, як яна загаварыла".

"Сіла чалавечага кантакту з нашымі старымі часта недаацэньваецца", рэзюмуе Кэралін Розэнблат.

Людзям, якія маюць старых бацькоў ці даглядаюць старых людзей, яна дае наступныя парады:

1) Калі ў вашых старых дрэнны зрок і недасканалы слых, да іх трэба найчасьцей дакранацца. Такая сэнсорыка можа часткова дапамагчы старым разьвязаць праблему са слыхам ці зрокам. Абдымаць, дарэчы, трэба і тых старых, якія ня маюць падобных праблем.

2) Старыя павінны як мага часьцей адчуваць нашу ўвагу, нават калі мы думаем, што яны зусім ня любяць і ня цэняць нас.

3) Выкарыстоўвайце гумар, каб падвысіць настрой нашых састарэлых. Кожны павінен штодня ўсьміхацца, а яшчэ лепш — сьмяяцца.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG