Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор подпісаў пачаўся


З 30 верасьня пачынаецца адзін з найважнейшых этапаў кампаніі па абраньні прэзыдэнта Беларусі – збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Кожны з 17 прэтэндэнтаў мусіць сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў выбарцаў. Гэта той мінімум, які ўстаноўлены канстытуцыяй краіны.

Зборцы подпісаў падчас мінулых прэзыдэнцкіх кампаніяў цьвердзяць: каб набраць неабходныя 100 тысяч, трэба мець ініцыятыўную групу, ня меншую за паўтары тысячы чалавек. Калі зыходзіць зь іхнага досьведу, то з заданьнем справяцца 7 прэтэндэнтаў. Гэта Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі і Мікалай Статкевіч. Магчыма, што здолеюць пераадолець бар'ер і яшчэ чатыры кандыдаты: Яраслаў Раманчук, Дзьмітры Вус, Рыгор Кастусёў і Віктар Цярэшчанка. Кожны зь іх мае больш за 1300 зборцаў.

На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах подпісы выбарнікаў зьбіралі 8 ініцыятыўных групаў. Справілася з заданьнем роўна палова. Таму і ў бюлетэнях у 2006 годзе было толькі чатыры прозьвішчы: Сяргея Гайдукевіча і трох Аляксандраў – Казуліна, Лукашэнкі і Мілінкевіча.

Кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука Леў Марголін ўпэўнены: за свайго вылучэнца партыйныя актывісты і іхныя беспартыйныя калегі зьбяруць неабходную колькасьць подпісаў:

"Мы бралі ў нашу групу людзей толькі паводле іхнага асабістага жаданьня. І таму ў нас ня будзе такога, што подпісы будзе зьбіраць толькі палова групы. У нас будуць зьбіраць подпісы ўсе. Таму мы спадзяёмся, што ў нас праблем ня будзе з гэтым".

Сёлета ўпершыню ў гісторыі сучасных беларускіх выбараў сьпісы чальцоў усіх ініцыятыўных групаў зьявяцца на афіцыйным сайце Цэнтравыбаркаму. Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына гэтую навацыю камэнтуе так:

“Каб яшчэ больш павысіць галоснасьць у нашым працэсе, усе сьпісы ініцыятыўных групаў будуць вывешаныя на сайце Цэнтральнай камісіі. Яны будуць абсалютна празрыстыя. Адзінае – мы павінны абараняць асабістае жыцьцё грамадзянаў – адтуль будуць выдаленыя адрасы. Каб на сяброў ініцыятыўных групаў не было ніякага зьнешняга ўплыву. Але, зразумела, будзе пазначаны рэгіён".

Аднак жаданьне спадарыні Ярмошынай "павысіць галоснасьць" абярнулася зусім іншым бокам. Пасьля таго як мэдыі распаўсюдзілі інфармацыю пра электронныя сьпісы, некаторыя ахвотныя ўвайсьці ў ініцыятыўныя групы ад свайго намеру адмовіліся.

Вось як гаворыць пра гэта кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Пасьля абвяшчэньня гэтага рашэньня пэўная колькасьць сяброў, якая запісалася ў нашу ініцыятыўную групу, папрасіла іх выкрасьліць з гэтых сьпісаў. Гэта – пераважна моладзь. І яна матывавала сваё рашэньне тым, што ў адміністрацыі будзе больш магчымасьцяў даведацца пра яе дзейнасьць. Таму ў прынцыпе такое рашэньне ЦВК мы расцэньваем як дадатковую праяву ціску на чальцоў ініцыятыўнай групы".

Самая вялікая ініцыятыўная група – у лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча (10.443 чалавекі), самая малая — у загадчыка лябараторыі абсталяваньня ядзерных энэргетычных установак Аб'яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў "Сосны" Івана Кулікова — 107.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG