Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: мы чакаем поўнамаштабнага назіраньня


Завяршыла візыт у Менск тэхнічная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Яе удзельнікі правялі сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў і апазыцыі. Па выніках працы місіі будзе прынятае рашэньне пра накіраваньне міжнародных назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Дэлегацыя на чале з намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту па назіраньні за выбарамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ доктарам Бэатай Марцін-Разумілавіч азнаёмілася зь перадвыбарнай сытуацыяй у Беларусі і падрыхтоўкай да выбараў. Сярод тых, з кім сустракалася місія — патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Валеры Міцкевіч, рэдактар «Советской Белорусии» Павел Якубовіч. Таксама сустрэчы прайшлі ў Міністэрстве замежных спраў, Цэнтравыбаркаме і шэрагу амбасадаў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік: «Спадарыня Марцін-Разумілавіч падзякавала за раньняе, як яна сказала, запрашэньне місіі Бюро АБСЭ. Яна сказала, што гэта дазволіць у спакойнай абстаноўцы, не сьпяшаючыся, якасна сфармаваць місію і правесьці назіраньне за ўсімі этапамі выбарчай кампаніі, якія іх цікавяць. А далей у асноўным размова ішла пра тыя навацыі, якія будуць прыменены на аснове зьменаў у выбарчым заканадаўстве падчас гэтых выбараў».

Андрэй Саньнікаў адзначыў, што чакае поўнамаштабнага назіраньня за выбарамі з боку Бюро АБСЭ.

«Я казаў пра тое, што ўжо парушаюцца законы, што ўжо старшыня ЦВК кажа, што яна сябра каманды Лукашэнкі, і гэта выключае, што яна займае пасаду старшыні ЦВК. Таксама адносна рэфэрэндуму 2004 году. Але ж іх гэта менш цікавіла. Іх цікавіла, як гэта адбываецца, і што я раблю і буду рабіць для ўдзелу ў выбарах».

Пакуль што ад ацэнак сытуацыі сябры дэлегацыі ўстрымаліся. Паводле прадстаўніка Бюро Йенса-Хагена Эшэнбэхера, пасьля візыту місія цягам аднаго-двух тыдняў падрыхтуе справаздачу. У ёй будзе вызначана, у якой форме Бюро АБСЭ будзе весьці назіраньне за выбарамі, калі і колькі назіральнікаў прыедзе ў Беларусь.

У нас пазытыўнае ўражаньне ад таго, што мы атрымалі раньняе запрашэньне ад беларускіх уладаў.
«У нас пазытыўнае ўражаньне ад таго, што мы атрымалі раньняе запрашэньне ад беларускіх уладаў. Гэта добра і дае нам дастаткова часу падрыхтаваць місію».

Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч падчас сустрэчы з ацэначнай місіяй АБСЭ адзначыў, што грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі застаецца неспрыяльнай для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў.

«Ніякіх сыстэмных зьменаў не было, шмат у якіх сфэрах не мянялася заканадаўства. Я маю на ўвазе закон аб масавых мерапрыемствах, свабодзе асацыяцый, што не рэгістраваліся новыя палітычныя партыі, не адмянілі артыкул 193-1. Неспрыяльная сытуацыя са свабодай СМІ. Падчас мясцовых выбараў мы не пабачылі вельмі моцных зьменаў у лепшы бок. Калі гаварыць пра асноўныя аспэкты кампаніі, як падлік галасоў, правы назіральніка, практыка фармаваньня камісій, то наўрад ці мы нешта новае ўбачым на гэтых выбарах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG