Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лук'янаў: “Разьлік Лужкова на супярэчнасьці ўнутры тандэма ня спраўдзіўся”


Russia -- Feodor Lukyanov, editor-in-chief of "Russia in Global Politics" magazine, 13Jul2009
Russia -- Feodor Lukyanov, editor-in-chief of "Russia in Global Politics" magazine, 13Jul2009
Прычыны адстаўкі мэра Масквы Юрыя Лужкова і наступствы гэтага рашэньня для Расеі і беларуска-расейскіх адносінаў мы папрасілі пракамэнтаваць рэдактара часопісу “Россия в глобальной политике» Фёдара Лук'янава.

Дракахруст
: Якія прычыны адстаўкі Юрыя Лужкова?

Лук'янаў: Падзея зусім не сэнсацыйная. Было зразумела, што ўзяты курс на зьмену ўсіх губэрнатараў старога прызыву. Лужкоў зь "цяжкавагавікоў" застаўся апошні. Ёсьць яшчэ пару губэрнатараў, якія таксама даўно кіруюць, але яны несувымернай вагі. Уся кампанія апошніх двух месяцаў паказала, што надыходзіць апошняя гадзіна. Разьлік Лужкова на тое, што будуць супярэчнасьці ўнутры ўладнага тандэма, відаць, ад пачатку быў памылковым. У гэтым пытаньні асаблівых супярэчнасьцяў там няма.

Я ня думаю, што гэта будзе мець незвычайныя наступствы. Лужкоў быў яскравай фігурай, але асаблівай палітычнай ролі ён даўно не адыгрываў. У межах Масквы - так, у межах Расеі - не. Калярытныя заявы, якія ён час ад часу рабіў - наконт Абхазіі, наконт Украіны, пэўна больш гучаць ня будуць, хаця ніякага ўплыву на палітыку яны ніколі не рабілі.

Дракахруст: А як гэтая адстаўка адаб’ецца на беларуска-расейскіх, у прыватнасьці, на беларуска-маскоўскіх дачыненьнях? Расейская сталіца і Беларусь маюць велізарны гандлёвы абарот, Лужкоў заўсёды быў палітычным саюзьнікам Аляксандра Лукашэнкі. А што будзе цяпер?

Лук'янаў: Я ня думаю, што гэта будзе перагляд усіх дачыненьняў, уключна са зьнешнеэканамічнымі. Каго б ні прызначылі, яму давядзецца заняцца цяжкой справай урастаньня ў гэтае крэсла, разабрацца, што там набудавана. І безумоўна не стасункі Масквы і Беларусі будуць галоўным прыярытэтам новага мэра.

У Лужкова быў ухіл у бок духоўна блізкіх яму лідэраў і краін, але я мяркую, што пакуль нічога ня зьменіцца.

Дракахруст: Адстаўка Лужкова – частка ланцугу адставак губэрнатараў, але ў пэўным сэнсе і сымбаль. Ці можна сказаць, што гэта вядзе да большай цэнтралізацыі расейскага палітычнага жыцьця, да зьмяншэньня самастойнасьці рэгіёнаў? А можа – да аслабленьня фэадальных нораваў мясцовых “баронаў”?

Лук'янаў: З фэадалізмам месьніцкага характару пры цяперашніх расейскіх уладах змагаліся, асабліва пры Пуціне. Лужкоў заставаўся кіраўніком "дзяржавы ў дзяржаве" ў эканамічным сэнсе, але ў палітычным пляне ён страціў сваю ролю, прайграўшы ў 1999-2000 гадах. Ён абараняў тое, што ў яго было, але ня больш за тое.

Што да фэадалізму ў больш шырокім сэнсе, то ён хутчэй умацоўваецца, бо было шмат дробных фэадалізмаў, цяпер фармуецца адзін вялікі. Хаця застаюцца фэадалізмы і рэгіянальныя, зразумела, што Чачня - гэта анкляў, які цалкам выключаны з агульнарасейскай сыстэмы кіраваньня. Але формы пры гэтым захоўваюцца. Калі вольніца 90-х азначала, што ўсе бралі столькі сувэрэнітэту, колькі здольныя былі праглынуць, і гэта дэкляравалі, то цяпер гэтага няма. Усе ведаюць межы, ну а ўжо ў гэтых межах колькі ты здолееш, столькі і забярэш. За апошні год улада паказала, што незамяняльных няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG