Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя вярнула Варонежцавым некаторыя канфіскаваныя рэчы


Ларыса Варонежцава
Ларыса Варонежцава
Гомельскі палітык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў і ягоная жонка Ларыса, якія праз судовыя інстанцыі настойвалі на тым, каб ім ды іх дзецям вярнулі адабраныя яшчэ падчас ператрусу ў траўні асабістыя рэчы і значную суму грошай, сёньня нарэшце атрымалі ад міліцыі тое-сёе з канфіскаванага.

27 верасьня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Аркадзь Калугін вырашыў прыпыніць разгляд пазову Ларысы Варонежцавай да ўпраўленьня дазнаньня УУС Гомельскага аблвыканкаму. Жонка гомельскага грамадзкага актывіста й палітыка Юрыя Варонежцава патрабуе, каб упраўленьне вярнула ёй і яе дзецям асабістыя рэчы й грошы — 4700 даляраў, адабраныя яшчэ 18 траўня падчас ператрусу кватэры.

Варонежцава: «Я думаю, што гэта брыдота. Мае дзеці засталіся без кампутара, безь відэакамэры й бяз грошай».

Прыпыненьне справы судзьдзя Калугін матываваў тым, што ў Менску яшчэ не разгледжана крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 250 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары й паслугі, на падставе якой праводзіўся ператрус у актывістаў кампаніі «Гавары праўду», у тым ліку і ў кватэры Варонежцавых. У межах гэтай справы й будзе вырашацца лёс адабраных падчас ператрусаў рэчаў і грошай.

Прадстаўніца УУС Гомельскага аблвыканкаму спадарыня Радзівонава патлумачыла ў судзе, што міліцыянты, якія праводзілі ператрус, толькі выконвалі даручэньне менскай міліцыі. Таму, маўляў, і забіралі з кватэры Варонежцавых нават музычныя дыскі і кампутар дачкі-школьніцы.

Прысутны на судзе праваабаронца й юрыст Леанід Судаленка так пракамэнтаваў сёньняшняе рашэньне суду:

Леанід Судаленка
«Суд заняў пазыцыю: ня буду разьбірацца, няхай вырашаюць усё міліцыянты, якія й займаліся вобшукам. Як, напрыклад, можна аднесьці да згаданай крымінальнай справы музычны дыск з запісам групы „Рамштайн“? Альбо тыя ж грошы? Калі яны фальшывыя, то хопіць і трох дзён, каб зрабіць экспэртызу, а тут пайшоў ужо пяты месяц. Калі б Варонежцава трымала гэтыя грошы ў банку, то былі б ужо нейкія працэнты.

Суд ніякім чынам ня вырашыў пытаньне пра маёмасьць, хоць, паводле Грамадзянскага кодэксу, кожны ўласьнік мае права зьвярнуцца ў суд і патрабаваць, каб яму вярнулі асабістыя рэчы, якія ня маюць дачыненьня ні да якой крымінальнай справы».

Сам Юры Варонежцаў на судзе не прысутнічаў — цяпер ён знаходзіцца на лекаваньні ў шпіталі.

Адразу пасьля суду спадарыні Варонежцавай патэлефанавалі з упраўленьня дазнаньня УУС Гомельскага аблвыканкаму і папрасілі забраць некаторыя рэчы. У прыватнасьці, ёй аддалі дыскі, флэшкі, мадэм, відэакамэру й мабільныя тэлефоны. Кампутары й грошы не вярнулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG