Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коммерсант: “Вось табе Бог, а вось парог”


У пятніцу Аляксандар Лукашэнка афіцыйна вылучыў сваю кандыдатуру на маючых адбыцца 19 сьнежня прэзыдэнцкіх выбарах, а ў суботу пачаў перадвыбарчую кампанію, правёўшы сэрыю сустрэч з выбаршчыкамі ў розных частках краіны. Новыя заявы беларускага лідэра выявілі яго імкненьне будаваць сваю плятформу на тэзе пра моцную дзяржаву, здольную супрацьстаяць ціску як ЗША, так і Расіі. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка дазволіў сабе новы выпад супраць Дзьмітрыя Мядзьведзева, назваўшы зносіны прэзыдэнта з народам шляхам вядзеньня блога ў інтэрнэце непрымальнай для сябе паказухай – піша ў сёньняшнім нумары расейская газэта “Коммерсант”.

Рэгістрацыя Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты пачалася з працэдурнага парушэньня. У адрозьненьні ад 17 іншых прэтэндэнтаў, якія выканалі патрабаваньне выбарчага кодэксу аб неабходнасьці асабіста падаць заяўку аб вылучэньні сваёй кандыдатуры, Аляксандар Лукашэнка ў Цэнтрвыбаркам не прыйшоў. Замест яго заяву ў ЦВК падаў кіраўнік яго ініцыятыўнай групы – міністар адукацыі і лідэр руху "Белая Русь" Аляксандар Радзькоў.

Гэта парушэньне не засталося па-за ўвагай беларускай апазыцыі, якая неадкладна запатрабавала ад Цэнтрвыбаркама Аляксандру Лукашэнку ў рэгістрацыі адмовіць. Зрэшты, самога спадара Лукашэнку, для якога намечаныя на 19 сьнежня прэзыдэнцкія выбары стануць ужо чацьвёртымі па ліку, гэтыя заклікі ніколькі не зьбянтэжылі. Кіруючы краінай ад 1994 году беларускі лідэр пачаў новую выбарчую кампанію вельмі актыўна, даўшы зразумець, што мае намер заставацца на чале дзяржавы яшчэ як мінімум адзін пяцігадовы тэрмін.
А.Лукашэнка: Дай Бог, каб яны так бязмозгла паводзілі сябе і далей

Новыя гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі прагучалі ўжо ў суботу, падчас яго наведваньня Дажынак (беларускае сьвята ўраджаю) ў горадзе Ліда. "Ніякага вонкавага ўмяшаньня ў сытуацыю ў нашай краіне ня будзе. Ні з боку Расеі, ні з боку Захаду, ні з боку Амэрыкі", – заявіў у Лідзе Аляксандар Лукашэнка, назваўшы сябе лідэрам, якога немагчыма нахіліць.

Выказаўшы меркаваньне аб тым, што "ключы ад выбараў у Беларусі знаходзяцца не ў Крамлі, а ў Менску, Гародні, Лідзе, у маленькіх вёсачках, сёлах, у кішэнях вэтэранаў, пэнсіянэраў, студэнтаў, моладзі, вайскоўцаў", спадар Лукашэнка пракамэнтаваў інфармацыйную вайну з Расеяй так: "Увесь гэты бруд згуляў на карысьць ня ім, а нам. Дай Бог, каб яны так бязмозгла паводзілі сябе і далей".

Пры гэтым ён указаў на тое, што не баіцца ня толькі вонкавага ўмяшаньня, але і ўнутранай апазыцыі, якая абапіраецца на дапамогу з-за мяжы. Назваўшы апазыцыянэраў ворагамі народу, якім "выгадна дэстабілізаваць абстаноўку, ці то на фінансавым рынку, у сфэры цэн, у палітычнай сфэры або ў сфэры бясьпекі", Аляксандар Лукашэнка абрынуў гнеў на тых прадстаўнікоў апазыцыі, якія праводзяць кансультацыі ў Расіі. Паводле яго слоў, "тыя, хто ўчора граў на заходняй скрыпцы, сёньня граюць на балалайцы ў Маскве" і "едуць у Маскву ня толькі на агледзіны, але і каб атрымаць добрыя грошы".

Тэзіс пра моцную дзяржаву Аляксандар Лукашэнка разьвіў у выступе ў Менску перад студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. "У нашай краіне зроблена стаўка на моцную дзяржаву, якая ўзяла на сябе адказнасьць за вельмі многія сфэры", – нагадаў Аляксандар Лукашэнка, даўшы зразумець, што пры ім будзе і далей рэалізоўвацца дактрына моцнай дзяржавы. На яго думку, галоўная выснова, які трэба зрабіць з сусьветнага крызысу, зводзіцца да наступнага: "Дзяржава, наколькі магчыма, павінна ўмешвацца ва ўсе працэсы жыцьця грамадзтва".

У сваіх развагах пра ролю дзяржавы ў сучасным сьвеце, Аляксандар Лукашэнка зноў не ўстрымаўся ад завуаляванага выпаду на адрас расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Адказваючы на пытаньне аўдыторыі, ці не жадае ён узяць прыклад з расейскага калегі і пачаць зносіны з грамадзянамі шляхам вядзеньня ўласнага блога, спадар Лукашэнка адзначыў: "Аб асабістым блогу я ня думаю і не зьбіраюся яго ствараць, таму што мне гэта проста ня трэба. А паказаць , які я прасунуты... Ня хочацца мне паказухай займацца ".

Між тым, на думку назіральнікаў, у Менску, расейскі фактар на маючых адбыцца выбарах у Беларусі будзе адыгрываць прыкметную ролю. Як заявіў "Коммерсанту" кандыдат у прэзыдэнты, кіраўнік Навукова-дасьледчага цэнтра імя Мізэса Яраслаў Раманчук, "Аляксандар Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць Расею як мішэнь, зваліўшы на яе адказнасьць за пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG