Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 25 – 26 верасьня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПА-РАНЕЙШАМУ БЕЗ АПАДКАЎ...


Уначы 4 – 10 °С, удзень 17 – 23 °С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі і Інстытут імя Гётэ праводзяць калёквіюм у пытаньнях эўрапейскай моўнай палітыкі, прымеркаваны да адзначанага 26 верасьня Эўрапейскага дня моваў (25 верасьня, Менск, тэл. для даведак (017) 237-71-19).

Літаратурна-музычная вечарына, прысьвечаная юбілею Міхала Клеафаса Агінскага (25 верасьня, Менск, дом-музэй Ваньковічаў (Інтэрнацыянальная, 33), 14.00).

V міжнародны фэстываль нэафолку “Crivia Aeterna”, прысьвечаны 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы (25 верасьня, Менск, R-клюб (Сурганава, 26), 18.00).

XXIII Нацыянальны фэстываль бегу (25 верасьня, Старыя Дарогі (Менская вобласьць), 9.00).

Прэзэнтацыя экамузэю “Беларуская лялька” (26 верасьня, вёска Стрэнькі Рагачоўскага раёну).

Матч групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж менскім “Дынама” і гішпанскім “Вальядалідам” (26 верасьня, Менск, Палац спорту, 16.30).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


25 верасьня

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі возьме ў Харкаве ўдзел у мерапрыемствах з выпадку 10-й гадавіны адкрыцьця Мэмарыялу ахвярам таталітарнага рэжыму.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, нігерыец Воле Шоінка пачынае кампанію для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, што пройдуць у Нігерыі налета.

У Італіі стартуе мужчынскі валейбольны чэмпіянат сьвету (працягнецца да 10 кастрычніка).

У амэрыканскім Лексынгтоне пачынаюцца Ўсясьветныя конныя гульні.

26 верасьня

У Парыжы прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі і кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас абмяркуюць пэрспэктывы блізкаўсходняга мірнага ўрэгуляваньня.

У Вэнэсуэле адбудуцца парлямэнцкія выбары.

У нямецкай сталіцы пройдзе штогадовы Бэрлінскі маратон.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


26 верасьня

Усясьветны дзень сэрца.

Эўрапейскі дзень моваў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


25 верасьня 1921 году ў Празе пачалася Першая ўсебеларуская канфэрэнцыя. Нацыянальныя палітычныя сілы мусілі выпрацаваць тактыку і стратэгію ва ўмовах, калі дзяржаватворчую ініцыятыву ў Беларусі перахапілі бальшавікі. На канфэрэнцыі прысутнічалі 37 дэлегатаў ад арганізацыяў і партыяў Заходняй Беларусі ды шмат якіх краінаў Эўропы. Імёны ўдзельнікаў гавораць самі за сябе: Душэўскі, Езавітаў, Захарка, Крачэўскі, Ластоўскі, Тарашкевіч... Канфэрэнцыя пацьвердзіла, што адзіным заканадаўчым органам для Беларусі зьяўляецца Рада Беларускае Народнае Рэспублікі.

25 верасьня 1939 году ў Берасьці прайшоў сумесны ўрачысты вайсковы парад частак гітлераўскай і сталінскай арміяў. У часе параду адбыўся абмен савецкім і нацысцкім сьцягамі на памяць пра “перамогу”. Мелі на ўвазе перамогу над Польшчаю, якая была падзеленая паміж Нямеччынай і СССР і як асобная краіна перастала існаваць.

25 верасьня – дзень нараджэньня двух славутых кампазытараў, зьвязаных з нашай краінай. Гэта Міхал Клеафас Агінскі, аўтар шырока вядомага палянэзу “Разьвітаньне з радзімай”. І Дзьмітры Шастаковіч, продкі якога паходзяць зь Вялейшчыны.

26 верасьня 1898 году прыйшоў на сьвет амэрыканскі кампазытар Джордж Гершвін. Ягоныя продкі паходзілі з тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, а ягоныя творы – “Рапсодыю ў стылі блюз” і опэру “Поргі і Бэс” – добра ведаюць у сёньняшняй Беларусі.

Сярод іншых знакамітасьцяў, што нарадзіліся 26 верасьня ў розныя гады, – нямецкі філёзаф Марцін Гайдэгер, расейскі фізіёляг Іван Паўлаў, які першы з расейцаў атрымаў Нобэлеўскую прэмію, і брытанскі паэт Томас Стэрнз Эліят.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Каго беларусы лічаць сваёй элітай?

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Усе шляхі думкі больш ці менш адчувальным спосабам загадкава вядуць праз мову”, – Марцін Гайдэгер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG