Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паштоўкі на Дзень незалежнасьці — штраф мільён рублёў


Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова аштрафавала грамадзкіх актывістаў Васіля Палякова і Валера Рэпніна на 30 базавых велічыняў (1 мільён 50 тысяч рублёў). Абодва яны прызнаныя вінаватымі ў распаўсюдзе пэрыядычных выданьняў без выходных зьвестак.

Такімі «выданьнямі» сталіся віншавальныя паштоўкі каардынацыйнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Гомельскай вобласьці да 20-х угодкаў прыняцьця Вярхоўным Саветам Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.

Як сказана ў віншавальных паштоўках, «гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да самастойнасьці Беларусі». Менавіта ад 27 ліпеня 1990 году «пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. Праблема незалежнасьці Беларусі самым непасрэдным чынам зьвязаная з дэмакратыяй, з дабрабытам і свабодай кожнага асобнага чалавека. Незалежнасьць нашай дзяржавы — гэта адзін з галоўных чыньнікаў і гарантый пабудовы свабоднага, дэмакратычнага грамадзтва. Лёгіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасьць краіны стане велізарнай каштоўнасьцю ўсяго беларускага народу».

Пастановы Алена Цалкова вынесла і ў дачыненьні Анатоля Паплаўнага і Юрася Глушакова, якіх міліцыя затрымлівала разам з Паляковым і Рэпніным. На судзе ні Юрась, ні Анатоль не прысутнічалі — напісалі заявы, каб суд разглядаў адміністрацыйныя справы бязь іхняга асабістага ўдзелу. Пісьмовыя рашэньні супраць Глушакова й Паплаўнага будуць гатовыя ў наступны панядзелак.

Яшчэ ў ліпені ў Цэнтральным РАУСе супраць затрыманых актывістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы за «дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Такой арганізацыяй міліцыянты палічылі рэгіянальную каардынацыйную раду Аб’яднаных дэмсілаў. Аднак суд вярнуў адміністрацыйныя справы на дапрацоўку.

У міліцыі перакваліфікавалі адміністрацыйныя справы на «распаўсюд пэрыядычных друкаваных выданьняў без выходных зьвестак» — і актывісты атрымалі мільённыя штрафы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG