Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Астаповіч: Спыніць грамадзянскую вайну паміж архітэктурай савецкай і дасавецкай


Эфір 23 верасьня

Госьць эфіру – старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Нядаўна галоўны архітэктар Менску Нікіцін нечакана падтрымаў распрацаваны актывістамі таварыства праект рэгенэрацыі цотнага боку вуліцы Гандлёвай у Менску.

Абламейка: Якія навіны ў працы Таварыства аховы помнікаў?

Астаповіч: Альтэрнатыўны праект рэканструкцыі гістарычнай забудовы па вуліцы Гандлёвай, у раёне гістарычнага цэнтру ў Менску, што быў падрыхтаваны з ініцыятывы Таварыства аховы помнікаў, будзе 29 верасьня разглядацца на беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны. І праект ўжо шмат дзе атрымаў высокую адзнаку.

Абламейка: Для мяне тут у Празе было вялікім дзівам, што галоўны архітэктар Менску Нікіцін падтрымаў грамадзкі праект. Дык што, нешта зрушылася ў гэтай справе?

Астаповіч: Я лічу, што зрушваецца. Ня ўсё так хутка як хочацца, але ж пазытыўныя тэндэнцыі закладзеныя. Я лічу, што яны былі закладзеныя ўвосень 2007 году, калі з Уладзімерам Папругам, распрацоўшчыкам вялікага горадабудаўнічага праекту, дазваляе вырашыць шматлікія праблемы гістарычнага цэнтру, прапанавалі гэты праект таксама гарвыканкаму. А заказчыкам па праекту фактычна выступала Таварыства аховы помнікаў. І гэты праект падораны Таварыству, і мы са згоды аўтара падаравалі яго выканкаму. Тады мы не знайшлі падтрымкі, але тады быў пакладзены першы падмурак, таму што, мабыць, выканаўчая ўлада паглядзела, што акрамя пратэстных мерапрыемстваў, акрамя вялікай юрыдычнай і мэтадычнай работы мы яшчэ можам працаваць стваральна, мы можам працаваць пазытыўна, мы можам рабіць канкрэтныя прапановы. І ня проста на ўзроўні дэклярацый, а сапраўды канкрэтныя прапановы з праектамі, з разьлікамі і нават эканамічнымі выкладкамі. І гэта дазволіла нам выйсьці на іншы ўзровень размовы з выканаўчай уладай.

Зноў зьяўляецца цікавасьць да праекту Папругі па гістарычнаму цэнтру, які калісьці быў абмеркаваны і пахаваны гарвыканакамам без усялякай рэакцыі. Зараз зноў да яго ўзьнікае цікавасьць і ў таго ж гарвыканкаму, і ў Камітэту архітэктуры. Будзем спадзявацца, што на ўсіх узроўнях гэтыя праекты будуць падтрыманыя, таму што там сапраўды цудоўная прапанова, якая дапаможа зьвязаць гістарычны цэнтар у адзінае цэлае. І менавіта прыняцьцем вось гэтай канцэпцыі мы здымем усе праблемы гістарычнага цэнтру, якія там ёсьць зараз. І нават гэтая прапанова дапаможа, як мы жартуем, спыніць грамадзянскую вайну паміж архітэктурай савецкай і дасавецкай. Гэтая канцэпцыя нават дапамагае арганічна зьвязаць савецкую архітэктуру сталінскага праспэкту з гістарычным цэнтрам.

Ужо выходзім на ўзровень падрыхтоўкі пэўных матэрыялаў для шэрагу нарадаў па лініі грамадзкай кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта, якую ўзначальвае Макей. Неўзабаве будзем рыхтаваць вялікую нараду з прадстаўнікамі парлямэнту. Нават на самым версе ўжо разумеюць важнасьць гэтай праблемы.

Абламейка: Антон, я так зразумеў, што некаторы прагрэс ёсьць. Але няўжо ўсё так добра. Я хацеў бы заклікаць Вас пагаварыць пра Нясьвіж, ня толькі пра Нясьвіскі замак, але і пра іншыя праблемы там. Што там адбываецца ў Нясьвіжы?

Астаповіч: Я проста сказаў, што ёсьць пэўны прагрэс. І назваў тыя пазытыўныя крокі, што там адбываюцца, і гэта сапраўды вельмі цудоўна. Але праблем вельмі шмат. Варта ўзгадаць Нясьвіж. Пазаўчора старшыня грамадзкай назіральнай камісіі па ахове спадчыны Анатоль Бутэвіч паехаў у Нясьвіж. Што ён там бачыць? Вуліца Леніна – менавіта ў раёне касьцёла і плябані – зьнесена некалькі гістарычных будынкаў канца 19 – пачатку 20 стагодзьдзя, і адзін з будынкаў перабудоўваецца, павялічваецца яго высотны аб'ём. Гэтыя будынкі ня мелі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але ж яны знаходзяцца ў ахоўнай зоне замку – помніка ЮНЭСКА. А вельмі жорсткія правілы ЮНЭСКА прадугледжваюць захаваньне асяродзьдзя помніка, які зьяўляецца менавіта сусьветнай каштоўнасьцю. З боку выканкаму праведзеныя работы нават без элемэнтарнага ўзгадненьня з Міністэрствам культуры. Міністру гэтая сытуацыя дакладзена, і ён будзе разьбірацца, на якой падставе ўсё гэта зроблена.

Абламейка: Вы сказалі, што тыя дамы знаходзіліся ў ахоўнай зоне Нясьвіскага замку – помніка сусьветнага значэньня. А ці застаецца ён помнікам сусьветнага значэньня пасьля таго, што зь ім зрабілі?

Астаповіч: Калі паглядзець на аб'ект "Нясьвіскі замак" з пункту гледжаньня яго прыналежнасьці да сьпісу міжнароднай культурнай спадчыны, то на дадзеным этапе пакуль ён яшчэ варты быць у гэтым сьпісе. Будзе кепска, калі аб'ект выключаць з сьпісу ЮНЭСКА. Але ж ужо зроблена некалькі канкрэтных крокаў, і калі яны будуць працягвацца, існаваньне гэтага аб'екту ў сьпісе ЮНЭСКА будзе сумнеўным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG