Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чысты чацьвер” для гарадзкіх валацуг


Бамжам пасьля абсьледаваньня давалі пакеты з прадуктамі.
Бамжам пасьля абсьледаваньня давалі пакеты з прадуктамі.
Сёньня ў Гомелі Чыгуначная раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа сумесна з тубэркулёзнай лякарняй і міліцыяй зладзілі акцыю «Права на здароўе». Скіравана яна была на бамжоў — гарадзкіх валацуг бяз пэўнага месца жыхарства.

Ад ранку міліцэйская машына падвозіла гарадзкіх валацуг у завулак Іпадромны, дзе месьціцца рэгіянальны цэнтар прафіляктычнай дэзінфэкцыі. Тут яны праходзілі санітарную апрацоўку, флюараграфічнае дасьледаваньне, атрымлівалі харчовыя й гігіенічныя наборы.

Флюарагргафія — абавязковая.

Прадстаўніца раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа спадарыня Натальля: «Глябальны фонд ПРААН фінансуе прафіляктыку тубэркулёзу ў Рэспубліцы Беларусь. І ў межах згаданай праграмы праводзяцца гэтыя акцыі. Яны ў нас ужо шматразовыя. Сёньня мы пайшлі далей. Калі раней мы толькі дасьледавалі й выяўлялі тубэркулёз, то цяпер мы на сваёй аўтамашыне адвозім тых, у каго выяўлены паталёгіі, у тубэркулёзную лякарню для лячэньня».

Цэнтар прафдэзінфэкцыі.

З 16 гарадзкіх бамжоў, якія пабывалі сёньня ў цэнтры прафіляктычнай дэзінфэкцыі, хворым на сухоты аказаўся толькі адзін. У ліпені з 52 правераных гарадзкіх валацуг актыўная форма тубэркулёзу выяўлена ў 18 чалавек.

Лекарка-інфэкцыяніст, у сваю чаргу, апавяла пра іншыя праблемы ў бяздомных гараджанаў:

«Праз наш санпрапускнік сёньня прайшло 16 чалавек бяз пэўнага месца жыхарства. Сярод іх было выяўлена 5 чалавек зь зьмяшаным і адзежным пэдыкулёзам».

Гомельскі санпрапускнік.

Гарадзкі бомж Віталь, які праходзіў сёньня дасьледаваньне, задаволены, што палачка Коха й вошы яго не зачапілі:

«Нічога ў мяне не знайшлі. Вошай таксама не знайшлі. Усё спакойна, усё нармальна. Але акцыі такія патрэбныя, асабліва каб прайсьці флюараграфію. А „жрачку“ людзі самі сабе знойдуць».

Віталь апавёў, што раней быў токарам на заводзе. Не заладзілася на працы, а потым — і ў сям’і, таму ён сышоў з дому:

«Мне будзе ў кастрычніку месяцы — 56. Я не судзімы. Так атрымалася, што яшчэ 12 гадоў таму я сышоў з дому».

З1-гадовы спадар Ігар таксама страціў працу — быў на прадпрыемстве грузчыкам. Нейкай іншай спэцыяльнасьці не прыдбаў. Таму цяпер займаецца зборам мэталалому — з гэтага й жыве:

«Я чыста сам па сабе працую. Зьбіраю мэтал, здаю й хаджу купляць „пайку“ — паесьці. Сёньня я проста ішоў з мэталам, каб здаць яго прадпрыемству па зборы другаснай сыравіны. Тут спынілася машына — і міліцыя забрала…»

За брамай — зноў бадзяжнае жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG