Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступ блох як вынік кліматычных зьменаў


Падчас сёлетняга грыбнога сэзону жыхары розных рэгіёнаў краіны адзначаюць падвышаную актыўнасьць лясных кляшчоў. Жыхары гарадоў кажуць, што ў кватэрах зьяўляюцца блыхі ды іншыя насякомыя. Ці зьвязанае распаўсюджаньне шкоднікаў са зьменай клімату.

Толькі на Берасьцейшчыне сёлета зафіксавана 8 выпадкаў энцэфаліту — шкоднага захворваньня, пераносчыкам якога зьяўляюцца кляшчы. У розных гарадах санітарна-эпідэміялягічныя службы мусілі змагацца з нашэсьцем блыхаў у дамах, як да прыкладу, у кватэры жыхаркі Маладэчна Ірыны Рабцэвіч:

"Былі ў нас мурашкі маленькія — хадзілі як салдаты шыхтам адзін за адным. Тады — тараканы — патруцілі іх. А цяпер — блыхі па ўсім доме. Самае сьмешнае, што мы жывем на пятым паверсе, а да нас блыхі з падвалу мігруюць. Прыехала санстанцыя, патруціла іх — тое самае".

Ці зьвязаная актыўнасьць шкоднікаў са сьпякотным надвор'ем, якое гэтым летам панавала ў Беларусі, цікаўлюся ў кіраўніка НДІ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Аляксандра Пяткевіча:

"Зьмены тэмпэратуры нават на 0,1% градуса ўжо абавязкова ўплывае на тых ці іншых пераносчыкаў. А калі зьмены за дзясяткі градусаў, то, натуральна, гэта ўсё ўплывае. У Расеі колькасьць захворваньняў ад клешчавых насякомых рэзка вырасла, і расейскія спэцыялісты зьвязваюць гэта менавіта з падвышанай тэмпэратурай. Сувязь тут ёсьць безумоўная. Набліжэньне грыпу і клешчавыя захворваньні — гэта тэмы, якія заслугоўваюць увагі шырокай грамадзкасьці. Грамадзяне павінны пра іх ведаць, бо павінны ўмець з гэтымі захворваньнямі змагацца".

Больш дакладную інфармацыю пра небясьпечных насякомых, якія пагражаюць здароўю чалавека, у Інстытуце мікрабіялёгіі і Міністэрстве аховы здароўя паведаміць адмаўляюцца. Да прыкладу, вось што сказаў загадчык аддзела Рэспубліканскага цэнтру гігіены і грамадзкага здароўя Уладзімер Пашковіч:

"Па тэлефоне мы нікому не даем ніякіх інтэрвію. У нас ёсьць пэўны загад міністра, і калі я яго парушу, то буду пакараны".

Становішча з актыўнасьцю небясьпечных шкоднікаў і пазыцыю афіцыйных чыноўнікаў эколяг Валеры Дранчук пракамэнтаваў наступным чынам:

"Да прыкладу, чалавек едзе ў Белавескую пушчу — я магу праехаць усе кардоны і нідзе не пабачу пазнакі, што тут можна падхапіць клешчавы энцэфаліт. Чалавек можа проста прывезьці кляшча і захварэць гэтай досыць небясьпечнай і нават сьмяротнай хваробай. Гэтая інфармацыя павінна быць у аўтобусах, у маршрутках, якія ідуць у тым напрамку. Проста чыноўнікі адгароджваюцца ад жыцьця і ад людзей. Яны не выконваюць функцыі, якія на іх ускладвае нармальная дзяржава. Іншая рэч, ці ёсьць у нас нармальная дзяржава. Гэта той выпадак, калі мы павінны яе ствараць, бо ў нас такой дзяржавы няма".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG