Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пасол ня верыць, што газ для Беларусі будзе па $250


Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў зьдзіўлены паведамленьнямі некаторых СМІ аб тым, што цана газу для Беларусі ў 2011 годзе можа скласьці 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра гэта ён заявіў 22 верасьня ў Мінску, адказваючы на пытаньні журналістаў.

"Я са зьдзіўленьнем гляджу на лічбу 250 даляраў або невядома там колькі даляраў, — сказаў ён. — Падпісаны кантракт яшчэ ў 2007 годзе на пастаўку газу да 2011 года ўключна. Там вызначаны парадак падыходу да фарміраваньня цаны".

Паводле яго слоў, розьніца цаны газу для Беларусі ў 2011 годзе ў параўнаньні з 2010-м складзе "прыблізна 10% у бок павелічэньня".

"Цана за трэці квартал — 194 даляры. І калі зыходзіць зь яе, то прыбаўце 10%. Вось усё, што можа быць", — сказаў Сурыкаў. Пры гэтым ён не змог удакладніць, які будзе кошт газу для Беларусі ў чацьвёртым квартале 2010 года, але не выключыў, што ў 2011-м цана будзе фаравацца зыходзячы з цаны ў чацьвёртым квартале.

"Бакі пасьля некаторых спрэчак па гэтым пытаньні ўсё ж прыйшлі да таго, што кантракт павінен няўхільна выконвацца", — заявіў ён.

Нагадаем, намесьнік старшыні кіраўніцтва ААТ "Газпром" Андрэй Круглоў 3 верасьня падчас тэлефоннай канфэрэнцыі заявіў: "У 2010 годзе працягваецца пераход на рынкавае цэнаўтварэньне зь Беларусьсю, Малдовай і Армэніяй. Таму мы чакаем росту цэн на газ у гэтым рэгіёне".

21 чэрвеня 2010 года першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімер Сямашка заявіў журналістам, што Беларусь не будзе выходзіць зь перамоўнага працэсу з "Газпромам" аб цане газу на наступны год і будзе спрабаваць атрымаць цэны, "блізкія да расійскіх, хай і крыху вышэйшыя". "Трэба шукаць кампрамісы. Нам патрэбны блізкія, супастаўныя цэны з расійскімі на газ", — сказаў Сямашка.

У канцы чэрвеня адбыўся чарговы газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расіяй. "Газпром" заявіў пра запазычанасьць Беларусі за пастаўкі газу. Запазычанасьць сфарміравалася ў сувязі з тым, што Беларусь аплачвала газ па леташняй цане — 150 даляраў за тысячу кубаметраў, у той час як кантрактная цана ў першым квартале 2010 года складала 169,2 даляра, у другім — 184,8 даляра. Якая цана на трэці квартал, пакуль невядома, але раней паведамлялася, што яна складзе 193—194 даляры. Кампанія паступова абмяжоўвала пастаўкі газу да поўнага пагашэньня доўгу. Беларусь заявіла пра доўг "Газпрома" за транзыт газу. Канфлікт скончыўся падпісаньнем дадатковага пагадненьня да кантракта, якім былі ўстаноўлены тарыфы за транзыт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG