Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па бездарожжы і разгільдзяйстве — без аўтапрабегу


22 верасьня — трэцяя спроба мабілізаваць беларускіх аўтааматараў пад сьцягі міжнароднай акцыі “Дзень без аўтамабіля”.

У Эўропе такі дзень шырока ладзіцца ад канца 1990-х, і сёньня ўлады паўсотні краінаў зьбіраюцца накласьці часовы мараторый на перасоўваньне чатырохколавым транспартам. Аднак да Беларусі перадавая ідэя даходзіць са скрыпам: дзьве папярэднія акцыі засьведчылі, што “Дзень без аўтамабіля” заканчваецца традыцыйнымі заторамі. Магчыма, сёлета зламаць традыцыю дапаможа прынада — праезд грамадзкім транспартам для кіроўцаў будзе бясплатны.

Беларускі аўтапарк налічвае 3 мільёны 200 тысяч грузавых машынаў, легкавікоў і матацыклаў. Штогод гэтая лічба павялічваецца яшчэ на 3-4%, а сёлета прагназуецца нават прырост — з-за боязі высокай "растаможкі" пасьля ўступленьня ў Мытны саюз беларусы ўвезьлі аўтамабіляў удвая больш, чым звычайна. Паводле Міністэрства прыродных рэсурсаў, у Беларусі ў сумарных выкідах шкодных рэчываў у атмасфэру доля транспарту перавышае 75%, а за дзень разам з адпрацаванымі газамі ў паветра трапляе ў сярэднім каля 3300 тон рознай атруты.

Ва Ўпраўленьні Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі прыводзяць жалезны аргумэнт: у гэты дзень аўтааматары ня толькі не пацерпяць фінансава, а нават выйграюць. Замест некалькіх тысяч рублёў "спаленых" на бэнзін, можна будзе абсалютна бясплатна скарыстацца грамадзкім транспартам. Праўда, дзеля гэтага давядзецца паказаць кандуктару пасьведчаньне кіроўцы і тэхпашпарт на аўтамабіль:

"У "Дзень без аўтамабіля" Дзяржаўтаінспэкцыя заклікае кіроўцаў па магчымасьці адмовіцца ад выкарыстаньня сваіх транспартных сродкаў, скарыстацца грамадзкім транспартам, скарыстацца двухколавым транспартам — роварам. Апроч таго, у гэты дзень ДАІ будзе выкарыстоўваць спэцыяльныя сродкі кантролю за тэхнічным станам прыватных аўтамабіляў, за выкідамі адпрацаваных газаў у навакольнае асяродзьдзе".

Дзьве папярэднія спробы правядзеньня “Дня без аўтамабіля” ў Беларусі засьведчылі абыякавасьць большасьці аўтааматараў да таго, каб хоць раз на год устрымлівацца ад паездак на ўласным транспарце. Заторы на дарогах 22 верасьня ў 2008 і 2009 гадох як былі звыклай зьявай, так і засталіся.

Між тым, на думку галоўнага рэдактара газэты "Аўтадайджэст" Анатоля Шаўчэнкі, калі што такую традыцыю і пераможа, дык гэта дзяржаўныя захады па падвышэньні цэнаў на бэнзін ды салярку. Многія аўтааматары і без адмысловага дня пачалі лічыць, ці варта браць машыну, калі можна скарыстацца грамадзкім транспартам. Балазе, праезд у грамадзкім транспарце ў Беларусі застаецца невысокім. А вось мэханізм паліўнага цэнаўтварэньня на гэтым тле — загадка:

Анатоль Шаўчэнка
"У той жа Расеі пастаянныя ваганьні цэнаў на паліва знаходзяцца ў простай залежнасьці ад таго, як зьмяняецца цана на нафту. Трэба прызнаць, што ў разгар крызісу аднойчы паніжэньне здарылася і ў нас, але настолькі нязначнае ў параўнаньні з тым, на колькі рухнула нафта, што гэта ўсё адно ў той пэрыяд для многіх кампаній прынесла супэрпрыбытак. У нашым выпадку, як на мой погляд, ваганьні на нафту ніяк не адлюстроўваюцца на цане на бэнзін. Але я не выключаю, што гэта зьвязана і з энэргетычнай вайной з Расеяй, у выніку чаго наша нафтаперапрацоўка нясе адчувальныя страты. Праўда, чаму гэтыя страты павінны кампэнсаваць мы, народ?".

Нават у Дзяржаўтаінспэкцыі вымушаныя прызнаць, што многія беларусы ня маюць рэальнай альтэрнатывы аўтатранспарту. Хтосьці можа дайсьці да офісу пешкі, але шмат каму даводзіцца езьдзіць на працу ў іншы горад ці раён. У выніку нават тыя, хто адмовіцца 22 верасьня ад паездкі на аўтамабілі, рызыкуюць ня ўціснуцца ў перапоўнены грамадзкі транспарт.

У бальшыні заходніх краінаў праблему вырашае, бадай, самы дэмакратычны сродак перасоўваньня — ровар. У Беларусі ж неабходная інфраструктура практычна адсутнічае. Веладарожкі пачалі будаваць толькі нядаўна, але вельмі "кропкава". Закладзеныя пад папярэднія "Дні без аўтамабіля" некалькі велапарковак, як правіла, пустуюць — няма ніякай гарантыі, што пакінуты ровар застанецца там да прыходу гаспадара.

Дарэчы, напаўкамічны выпадак здарыўся напярэдадні ў менскім Парку Горкага падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да сёньняшняй акцыі. Наўпрост падчас мерапрыемства малады чалавек скраў ровар, на якім прыехаў адзін з арганізатараў імпрэзы. Раніцай фотаздымак падазраванага паказалі ў праграме "Зона Х", а празь некалькі гадзінаў сам раварыст прыйшоў да тэлебачаньня з "пакаяннай" — маўляў, хацеў вярнуць "велік" гаспадарам, але іх на паркавай пляцоўцы ўжо не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG