Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нацыянальны сьцяг забыліся. Пакінулі лаянку і супраціў міліцыі


Іван Зайцаў ля суду Цэнтральнага раёну.
Іван Зайцаў ля суду Цэнтральнага раёну.
Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка аштрафавала актывіста «Маладой Беларусі» Івана Зайцава на 1 мільён 750 тысяч рублёў — нібыта за хуліганства й непадпарадкаваньне міліцыі.

Зайцаў: «Я ўвогуле не правініўся, але трэба ўлічваць тую сытуацыю, у якой ты жывеш, тую краіну і тую дзяржаўную сыстэму, якая пануе тут».

Спадара Зайцава затрымалі ўвечары 11 верасьня на сьвяце гораду каля Лядовага палаца. Тут выступала група «Ласковый май», ладзіўся сьвяточны фэервэрк і было вельмі шмат маладых гараджанаў. Хлапец ледзь прыўзьняў над галавой нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, як на яго наляцелі людзі ў цывільным, заламалі рукі, пачалі біць каленямі ў жывот. Івана завялі ў хакейную разьдзявалку, дзе месьціўся часовы штаб міліцыі, склалі пратакол за лаянку, брыдкаслоўе й супраціў міліцыі і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Там Іван правёў паўтара сутак.

Маёр міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Сяргей Алейнік і ягоны падначалены Аляксей Левуноў, якія выступалі сьведкамі, сьцьвярджалі, што ніякага нацыянальнага сьцяга не было. Паводле іх слоў, Зайцаў нібыта — звычайны хуліган.

Сьведчаньні Алега Шкрабава й Паўла Ціханенкі пра тое, што сапраўднай прычынай інцыдэнту стаўся менавіта бел-чырвона-белы сьцяг, пад увагу не былі ўзятыя.

Прысутны на судзе юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка так пракамэнтаваў адміністрацыйныя выракі паводле двух пратаколаў супраць моладзевага актывіста:

«Судзьдзя прыняла бок міліцыянтаў, ня ўзяўшы пад увагу сьведчаньні маладых людзей, якія былі побач з Іванам Зайцавым. Да таго ж Марына Дамненка ніяк не ацаніла паўтара сутак арышту, якія правёў актывіст у ізалятары. Выкінуўшы патрыятычны складнік з адміністрацыйных спраў, міліцыя й суд паказваюць грамадзтву, што змагаюцца з хуліганам, а не зь беларускім патрыётам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG