Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апора Цярэшчанкі — дзелавыя людзі


Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія пад першым нумарам зарэгістравала ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Цярэшчанкі. У складзе групы — 1300 чалавек. Згодна з выбарчым заканадаўствам, яны могуць пачаць збор подпісаў у падтрымку спадара Цярэшчанкі з 30 верасьня.

Загадчыца прававога аддзелу Цэнтарвыбаркаму Надзея Кісялёва паведаміла, што дакумэнты старшыні рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі адпавядаюць усім неабходным крытэрам:

"У адпаведнасьці з артыкулам 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня меней за 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Вышэйназваным патрабаваньням кандыдатура Цярэшчанкі Віктара Іванавіча адпавядае".

На паседжаньні ЦВК Віктар Цярэшчанка згадаў, што гэта ня першая для яго прэзыдэнцкая кампанія:

"У 1994 годзе я таксама вылучаўся. Але ў раёне 13-14 траўня я падтрымаў Аляксандра Рыгоравіча. І пасьля працаваў у апараце прэзыдэнта. Пра гэта, мабыць, усе тут ведаюць. Я і сёньня застаюся прыхільнікам дзяржавы і падтрымліваю Рэспубліку Беларусь".

Спадар Цярэшчанка, адказваючы “Свабодзе”, пра тых, хто будзе зьбіраць за яго подпісы, кажа, што яго каманда мае шмат актывістаў у рэгіёнах. І спасылаецца, напрыклад, на Верхнядзьвінск, Браслаў, Паставы, дзе каля 120 чалавек добраахвотнікаў:

"У нас там кіраўнік тэрытарыяльнай групы — кіраўнік прыватнага прадпрыемства, фэрмэр. То бок, гэта людзі, якія, так сказаць шашкамі не махаюць. Яны рэальна працуюць на зямлі, на прадпрыемстве, ствараюць матэрыяльны дабрабыт. І пры гэтым, натуральна, плацяць падаткі. Гэта нармальныя дзелавыя людзі".

Сёньня ж стала вядома, што кіраўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэз Ленарчыч атрымаў з рук амбасадара Беларусі ў Аўстрыі і адначасова кіраўніка беларускага прадстаўніцтва пры АБСЭ Аляксандра Сычова арыгінал запрашэньня для міжнародных назіральнікаў на выбары прэзыдэнта Беларусі. Гэта адбылося 17 верасьня ў Вене, дзе праходзіў сэмінар АБСЭ ў пытаньнях электроннага галасаваньня. Сьведкам гэтай працэдуры стаў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, які ўдзельнічаў і выступаў на сэмінары.

На пытаньне “Свабоды”, як хутка можна чакаць першых назіральнікаў ад БДІПЧ у Менску, Лідзія Ярмошына адказала:

Лідзія Ярмошына
"Ну, рана яшчэ. У пятніцу толькі ж аддалі запрашэньне. Яны ж і групу павінны сабраць. І калі яны будуць выходзіць на кантакт, то найперш ня з намі, а зь міністэрствам замежных спраў. Таму што ім найперш трэба вырашыць арганізацыйныя і візавыя пытаньні.

А вось СНД ужо выйшла на кантакт. Яны папрасілі выслаць анкеты для назіральнікаў і гатовыя накіраваць першых пяць доўгатэрміновых назіральнікаў, якія пачнуць працаваць у бліжэйшыя дні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG