Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Газпроме” не называюць цану для Беларусі


Кошт расейскага газу для Беларусі на пачатку 2011 года можа скласьці каля 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Незалежныя экспэрты прагназуюць новы беларуска-расейскі газавы скандал.

Параўнальна з чаканым сярэднегадавым коштам газу сёлета — 186 даляраў за тысячу кубамэтраў — цана газу з пачатку 2011 году для Беларусі можа вырасьці прыкладна на 35%. Такую інфармацыю распаўсюдзілі расейскія мэдыі.

Ці насамрэч «Газпром» рыхтуе Беларусі новую цану за газ ў 250 даляраў за тысячу кубамэтраў? У канцэрне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.

На ўсе пытаньні прадстаўнікі прэс-службы «Газпрому» адказвалі адназначна: «Камэнтароў цяпер ня будзе!»

Прэсавы сакратар Сяргей Купрыняў: «Нічога не магу сказаць, бо я цяпер на зусім іншых мерапрыемствах, не зьвязаных зь Беларусьсю».

Паводле экспэрта расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіла Круціхіна, для падвышэньня цаны для Беларусі «Газпром» мае выключна эканамічныя матывы.

«У „Газпрома“ праблемы з фінансамі і таму ён спрабуе ўзяць так многа, як толькі зможа. І цана вызначана прыкладна пароўну з Украінай. На Ўкраіне яна будзе 250 даляраў і для Ўкраіны гэта, у прынцыпе, цярпіма. І для Беларусі вызнычалі тую ж самую цану. Вядома, тут без скандалу не абыдуцца. Бо Беларусь будзе матываваць свае патрабаваньні памяншэньня цаны наяўнасьцю Мытнага саюзу і адзінай мытнай прасторы. Але наўрад ці гэта ў яе атрымаецца. Я думаю, што „Газпром“ будзе настойваць менавіта на гэтай цане».
У „Газпрома“ праблемы з фінансамі і таму ён спрабуе ўзяць так многа, як толькі зможа.


Паводле спадара Круціхіна, па традыцыі беларуска-расейскія газавыя спрэчкі абвастраюцца ў апошні момант перад падпісаньнем кантракту:

«Вось калі прагучаць патрабаваньні аплаты, тады, верагодна, скандал і адбудзецца. Я ня думаю, што гэта мае нейкае дачыненьне да выбараў, бо гэтае дапушчэньне далёкае ад эканомікі».

Яшчэ ў чэрвені «Газпром» вызначыў папярэдні кошт прыроднага газу для Беларусі на 2011 год. Сход акцыянэраў газавай манаполіі ўхваліў, што налета цана можа дасягнуць 250 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Паводле эканамічнага аглядальніка газэты «Беларусы і рынак» Тацяны Манёнак, гэта прыблізная цана, бо сур’ёзных разьлікаў яшчэ не рабілі:

«Але ж у першым квартале яна будзе даволі высокай, улічваючы каньюнктуру на нафту. Формула кошту газу залежыць ад кошту нафты на ўсясьветных рынках. Паколькі кошт нафты быў падвышаны, відавочна, што і кошт газу для Беларусі будзе падвышацца. Вось такі кошт ён адносна прыблізны. Але ці выставіць „Газпром“ такі кошт для Беларусі, сказаць складана. Па маіх зьвестках, пакуль бакі не зьбіраюцца пераглядаць, падпісваць новы дадатковы кантракт. Хаця кожны год апошнім часам яны пераглядалі і падпісвалі дадатковае пагадненьне. Цяпер разьлічваць, што тут будзе нейкая палітычная ляяльнасьць у дачыненьні да Беларусі з боку ці то „Газпрома“, ці то расейскага кіраўніцтва ўжо не даводзіцца».

Падчас прадстаўленьня ў Палаце прадстаўнікоў праекту бюджэту Беларусі на 2011 год міністар фінансаў Андрэй Харкавец не паведаміў, якія цэны на газ закладзеныя ў бюджэце. Ён спаслаўся на тое, што газавыя перамовы знаходзяцца ў пачатковай стадыі. Маўляў, прагназаваць гэтую лічбу даволі складана, але закладзены яе рост дастаткова высокі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG