Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе Аляксееў?


Мікалай Аляксееў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску сёлета 14 траўня.
Мікалай Аляксееў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску сёлета 14 траўня.
У Расеі шукаюць арганізатара гей-парадаў у Маскве Мікалая Аляксеева, які быў затрыманы 15 верасьня ў аэрапорце Дамадзедава і нібыта патрапіў у Беларусь, дзе зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку. Гэтыя зьвесткі, аднак, не пацьвярджаюць прадстаўнікі гей-меншасьці Беларусі.

Мікалай Аляксееў — вядомы актывіст гей-супольнасьці ў Расеі. Гэта ён з 2006 году арганізоўваў некалькі гей-парадаў у Маскве, якія былі жорстка разагнаныя міліцыяй. Урэшце Мікалай Аляксееў падаў пазовы на маскоўскія ўлады ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. Гэтыя справы неўзабаве меліся разглядацца ў Страсбуры, прычым, паводле адмыслоўцаў, верагоднасьць перамогі гей-актывіста была вялікай.

15 верасьня Мікалай Аляксееў прыехаў у маскоўскі аэрапорт Дамадзедава, адкуль меўся вылецець у Швайцарыю. Далей зьвесткі пра яго ў асноўным паступалі праз sms-паведамленьні зь ягонага мабільніка, зарэгістраванага ў Швайцарыі. У паведамленьнях ішлося пра тое, што Аляксеева правяралі, праглядалі ягоныя ноўтбукі, потым — што міліцыянты вывезьлі яго за 600 кілямэтраў ад Масквы і патрабуюць адклікаць пазовы ў Эўрапейскі суд. Апошнія паведамленьні, як перадаваў Інтэрфакс, сьведчылі, што Аляксееў нібыта знаходзіцца ў Беларусі, дзе зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі пра знаходжаньне на тэрыторыі краіны грамадзяніна Расеі Мікалая Аляксеева нічога ня ведаюць. Кіраўнік праваабарончага праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка пра беларускі сьлед Мікалая Аляксеева таксама нічога ня ведае:

Сяргей Андросенка
«Ніхто з калегаў у Менску зь ім не сустракаўся, ён ніяк не выходзіў з намі на сувязь. Трымае сувязь толькі праз sms-паведамленьні са свайго швайцарскага нумару, а на званкі на гэты нумар не адказвае. Калегі ў Расеі, якія зь ім падавалі пазовы ў эўрапейскі суд, — яны мяркуюць, што зараз на Мікалая Аляксеева чыніцца вельмі вялікі ціск, каб ён адмовіўся ад скаргаў у эўрапейскі суд па правах чалавека. І яны ня вераць, што sms-паведамленьні дасылае ён сам. Ніхто яго ня чуў, і ягоны муж зараз у роспачы, бо няма ніякіх зь ім кантактаў».

Тым часам у сьвеце таксама занепакоіліся лёсам расейскага гей-актывіста. Акцыя пратэсту супраць перасьледу Мікалая Аляксеева прайшла 17 верасьня ў Бэрліне. Яе арганізаваў адзін з дэпутатаў Бундэстагу. Ня выключана, што запыты да кіраўніцтва Расеі адносна лёсу Аляксеева накіруе міністар замежных спраў Канады.
15 траўня ў Менску спрабавалі правесьці гей-парад. У акцыі на вуліцы Сурганава ўзялі ўдзел каля двух дзясяткаў гей-актывістаў зь Беларусі, Расеі ды іншых краін. Большасьць удзельнікаў акцыі затрымала міліцыя. Сярод затрыманых у Менску 15 траўня быў і Мікалай Аляксееў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG