Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзякуючы БАЖ рэгіянальныя журналісты пазбаўляюцца комплексу правінцыйнаcьці"


Сёньня грамадзкае аб'яднаньне Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначае сваё 15-годзьдзе. Як пазначана ў статуце арганізацыі, гэта добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб'яднаньне грамадзян, якія займаюцца прафэсійнай журналісцкай дзейнасьцю альбо садзейнічаюць яе разьвіцьцю. Сёньня ў БАЖ налічваецца больш за 1000 сябраў, якія працуюць у розных пэрыядычных выданьнях, на радыё і тэлебачаньні, у выдавецкіх кампаніях ва ўсіх кутках Беларусі. Што БАЖ робіць для рэгіянальных журналістаў, якую дапамогу аказвае?

Прававая абарона журналістаў, юрыдычная дапамога, адукацыйныя праграмы, сэмінары, трэнінгі, проста чалавечая падтрымка ў няпростых сытуацыях – пра гэта гаварылі ўсе мае суразмоўцы. Асабліва гэта важна для пачынаючых журналістаў, кажа рэдактар гісторыка-краязнаўчага выданьня "Волат" зь Вялейкі Аляксей Сюдак:

"Калі нам трэба новыя веды – як вярстаць газэту, як пісаць матэрыялы – заўсёды нас запрашаюць на адукацыйныя праграмы. Вось я, напрыклад, зараз, як рэдактар малога выданьня, таксама наведваю школу журналістыкі, дзе чытаюць прафэсіяналы з Польшчы, вядомыя рэдактары, выдаўцы, якія расказваюць нам цікавыя рэчы: як прасоўваць сайт, як зарэгістраваць газэту. Калі на Вялейскі сайт завялі крымінальную справу, БАЖ дапамог нам юрыдычнымі парадамі. Я, як сябра арганізацыі, ведаю, што калі ў мяне ўзьнікнуць нейкія праблемы, я заўсёды змагу зьвярнуцца па дапамогу".

Журналістка слуцкага "Інфа-кур'ера" Тацяна Гусева кажа:

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік
"У большасьці сваёй калектыў рэдакцыі ня мае журналісцкай адукацыі, але дзякуючы трэнінгам, майстар-клясам, сэмінарам, яны маюць досьвед у розных сфэрах журналістыкі. Кожны можа зьвярнуцца па юрыдычную дапамогу. На сэмінарах, трэнінгах журналісты пашыраюць сувязі з калегамі зь іншых выданьняў, у іх нараджаюцца нейкія новыя тэмы, ідэі, праекты. І яшчэ дзякуючы БАЖ рэгіянальныя журналісты пазбаўляюцца, на маю думку, комплексу правінцыйнага журналіста і ўсьведамляюць сябе часткай агульнай журналісцкай супольнасьці".

Магілёўская абласная філія БАЖ да юбілею арганізацыі выдала агульную вольную газэту, якая называецца "ЗБАЖЫНА", распавёў старшыня суполкі Генадзь Суднік, адзін са старэйшых сябраў і заснавальнікаў БАЖ:

"Пад гэтай вокладкай, на васьмі старонках сабралася ажно 11 рэгіянальных маланакладных выданьняў, і вось гэтыя людзі ў 11 рэгіёнах выдаюць свае маленькія газэткі з мясцовымі навінамі. Большасьць зь іх не зьяўляюцца прафэсійнымі журналістамі, яны проста прыхільнікі вольнага слова, дэмакратыі, незалежнасьці. І менавіта іх стараньнямі робяцца гэтыя выданьні. Але яны ведаюць дакладна, каму яны абавязаныя тым, што нешта ўмеюць рабіць. Ня толькі верыць у гэтыя сьвятыя рэчы і адстойваць іх, але быць яшчэ і быць прафэсіяналамі. Гэта БАЖ іх навучае, БАЖ іх бароніць, БАЖ ім дапамагае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG