Чатыры патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты правялі сустрэчу ў Гарадзенскай вобласьці ў вёсцы Бершты, дзе жыве лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Акрамя яго ў нарадзе ўзялі ўдзел кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, незалежны палітык Алесь Міхалевіч і прэтэндэнт ад "зялёных" Юры Глушакоў.
Палітыкі абмеркавалі палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне. Як распавёў "Беларускаму партызану" Рыгор Кастусёў, удзельнікі сустрэчы не выбіралі паміж сабой адзінага прэтэндэнта ў прэзыдэнты:
”Я, Мілінкевіч, Юры Глушакоў і Алесь Міхалевіч, чатыры беларускамоўных прэтэндэнты, сёньня сустрэліся ў Берштах і дамовіліся дапамагаць адзін аднаму падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Дамовіліся аб сумеснай дзейнасьці на прэзыдэнцкай кампаніі, будзем дапамагаць адзін другому. Не выпадкова, што сабраліся чацьвёра беларускамоўных прэтэндэнтаў, мы давяраем адзін аднаму”.
Варта адзначыць, што як найменей яшчэ адзін беларускамоўны кандыдат – Віталь Рымашэўскі ў нарадзе ў Берштах удзел ня браў.