Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары Дзеда Мароза



Палата прадстаўнікоў спраўдзіла прагнозы большасьці экспэртаў – выбары прызначаныя на 19 сьнежня. Дакладней, прагноз палягаў у тым, што яны адбудуцца ў сьнежні.


Чаму? Карысьць такога выбары для ўлады абумоўленая шэрагам чыньнікаў.

Пералічым па пунктах.

– У сьнежні яшчэ ня будуць вядомыя ўмовы пастаўкі расейскіх газу і нафты на 2011 год. Умовы гэтыя чакаюцца цяжкімі, перамовы могуць прывесьці да чарговай гандлёвай вайны з перакрыцьцём газавай і нафтавай трубаў, што створыць не найлепшы фон для народнага волевыяўленьня. А цяпер дакладна ўсе гэтыя “падарункі пад елачку” зьявяцца ўжо пасьля выбараў.

– Гледзячы па ўсім, грошы на тое, каб пад самыя выбары выдаць электарату сярэдні заробак з запаветных 500 даляраў, ёсьць. Але яны пакуль ёсьць. А калі здарыцца што за дадатковыя месяцы чаканьня, той жа газавы ці нафтавы ўдар расейскіх братоў? Тады запас пойдзе на закрываньне дзірак, і за які кошт плаціць 500 даляраў?

– Выбары ў сьнежні ў параўнаньні са студзенем ці лютым – на месяц ці два менш расейскай інфармацыйнай вайны, менш чарговых “хросных бацькаў” і іншых сюрпрызаў. Беларускія прапагандысты могуць расказваць, што гэтыя інфармацыйныя атакі б’юць міма цэлі, што народ у выніку іх яшчэ шчыльней гуртуецца вакол Лукашэнкі. Але кропля камень точыць, эфэкт прапаганды – не ў яе пераканаўчасьці, а ў працягласьці ўзьдзеяньня. Да таго ж расейскія салдаты і генэралы інфармацыйнай вайны вучацца. А так і ўзьдзеяньня і вучэньня на месяц ці два менш.

– Ну і, нарэшце, псыхалягічны фон: 19 сьнежня – за некалькі дзень да каталіцкіх Калядаў і Новага году. Народ настроены лагодна, у перадсьвяточным настроі, спадзяецца на лепшае. Выбары – як выбар Дзеда Мароза. Ну ўсім жа зразумела, што ён адзін, і выбару як такога ў гэтай справе няма.

Да недахопаў рашэньня можна аднесьці хіба пэўную датэрміновасьць – апошні тэрмін правядзеньня выбараў быў 6 лютага, а прызначаныя раней. Але ў 2006 годзе яны адбыліся на паўгоду раней і ніякіх асаблівых іміджавых стратаў улада ад гэтага не панесла. А зараз іх будзе яшчэ менш. У адрозьненьне ад 2005-2006 гадоў, калі прызначэньне выбараў было нечаканасьцю прынамсі для апазыцыі, цяпер каманды патэнцыйных кандыдатаў стаяць на нізкім старце. Усе гатовыя, і ў адкладзе выбараў не зацікаўленая, так выглядае, і апазыцыя.

Праўда, ўсе гэтыя аргумэнты былі дарэчы і тыдзень таму: 7-га верасьня ўсе чакалі, што выбары будуць прызначаныя на 12-га сьнежня.

Ня выключана, што меў рацыю калега Цыганкоў, што ўлада і плянавала першапачаткова выбары на 12-га сьнежня, але вырашыла разабрацца, паспрабаваць высьветліць, чаго ж чакаць, у прыватнасьці, ад дарагога расейскага саюзьніка. Магчыма, у мінулую нядзелю пасьля чарговага залпу расейскіх тэлеканалаў, у тым ліку і ўпершыню – дзяржаўнага РТР, і даведаліся, што інфармацыйная вайна будзе працягвацца і што асаблівых саступак у эканамічнай сфэры чакаць ня варта. А тады ўсе выкладзеныя вышэй аргумэнты захоўваюць сваю моц. Сьнежань, як і было прадказана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG