Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названы замоўца забойства Гангадзэ


Сьледзтва Генэральнай пракуратуры ўсталявала, што генэрал-лейтэнант міліцыі Аляксей Пукач атрымаў загад забіць журналіста Георгія Гангадзэ ад тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Краўчанкі. Пастанова аб прыцягненьні Пукача да крымінальнай адказнасьці была вынесена 7 верасьня 2010 году і паводле яе Пукачу выстаўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

29 лістапада 2000 году былі абнародаваныя «стужкі Мельнічэнкі» -- аўдыёзапісы размоваў у кабінэце прэзыдэнта Леаніда Кучмы, зробленыя маёрам Дзяржаховы Мікалаем Мельнічэнкам. У адным з фрагмэнтаў абмяркоўваўся Гангадзэ і спосабы яго зьнішчэньня. У запісах чуваць галасы, падобныя на галасы былога прэзыдэнта Леаніда Кучмы, былога кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Літвіна, экс-старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Леаніда Дзеркача і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Краўчанкі.

4 сакавіка 2005 году Краўчанку знайшлі мёртвым на ўласнай дачы. У той дзень ён павінен быў зьявіцца на допыт у Генэральную пракуратуру ў справе Гангадзэ.

Былы начальнік дэпартамэнту зьнешняга назіраньня Галоўнай управы крымінальнага вышуку МУС Аляксей Пукач, які быў з 2003 году ў міжнародным вышуку, быў затрыманы 21 ліпеня 2009 году. Ён паведаміў сьледчым, дзе знаходзіцца галава забітага журналіста.

Апазыцыйны журналіст Георгі Гангадзэ быў забіты восеньню 2000 году. Ягонае забойства стала самым гучным палітычным скандалам за часы прэзыдэнта Леаніда Кучмы.
XS
SM
MD
LG