Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aграгарадок у беларускім сеціве


13 верасьня ў эфір інтэрнэт-каналу Ару-ТБ выйшла першая сэрыя мультфільму "Аграгарадок", гумарыстычнага сэрыялу пра Беларусь і для Беларусі.



Гэта – «абсалютна новы прадукт для беларускай анімацыі» –, адзначае прэсавае паведамленьне, – «не сатыра і не крытыка дзяржаўнай рэформы сельскай гаспадаркі, а запрашэньне зірнуць на сучасную беларускую вёску з гумарам і сымпатыяй».

Сюжэт "Аграгарадку" – гісторыя стварэньня аграгарадку на месцы калгасу, які разам са ўсёй краінай зьдзяйсьняе рывок з Савецкай Беларусі ў Эўрабеларусь. Сярод жыхароў "Аграгарадку" – хітраваты старшыня Сьцяпан Кузьміч, вечна п'яны мэханізатар Грышка, а таксама немец Ганс. Вырас ён у ГДР і верыць у камунізм, а ў Беларусь прыехаў, пачуўшы аб яе ўрадлівых землях.

Прыдумляла і малявала "Аграгарадок" тая ж творчая група, што працавала ў свой час над праектам "Мультклюб – народнае тэлебачаньне", анімацыйнай пародыяй на беларускую палітыку. Сацыяльны, непалітычны характар свайго новага мультсэрыялу аўтары "Аграгарадку" тлумачаць мноствам цікавых сюжэтаў у самой беларускай рэчаіснасьці, якая «настолькі сур'ёзная, што яе немагчыма адлюстроўваць без гумару».

Да канца году чакаецца 5 сэрыяў "Аграгарадку". Затым сцэнарысты на падставе рэйтынгаў і рэакцый аўдыторыі прымуць рашэньне аб далейшым лёсе праекту. Трэйлер новага мультфільму ўжо паглядзелі больш 2000 гледачоў, таму яго стваральнікі ўпэўнены: "Аграгарадок", як і яго насельнікаў, чакае сьветлае будучыня.

Пакуль жа карыстальнікі Інтэрнэту могуць ацаніць першую сэрыю "Аграгарадку", у якой героі будуць дзяліць бюджэтныя сродкі, сустракаць нямецкага госьця і вырашаць праблему недахопу паліва.


Ару-ТБ – першае незалежнае інтэрнэт-тэлебачаньне для Беларусі і Расеі. Асноўная тэматыка перадач – грамадзка-палітычная. Вяшчаньне канала вядзецца з Таліну, там жа знаходзіцца рэдакцыя. Мовы вяшчаньня: расейская, беларуская, ангельская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG