Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура не выключае інсцэніроўкі самагубства Бябеніна


Алег Бебенін
Алег Бебенін
Генэральная пракуратура Беларусі, якія праводзіць праверку ў сувязі са сьмерцю журналіста Алега Бябеніна, адпрацоўвае некалькі вэрсій здарэньня, у тым ліку самазабойства і забойства з наступнай інсцэніроўкі суіцыду.

Пра тое, што сьледчыя Генэральнай пракуратуры вывучаюць вэрсію забойства з інсцэніроўкай самагубства, заявіў намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед журналістам у Менску.

«На сёньняшні дзень органамі пракуратуры правяраецца некалькі вэрсій. Першая вэрсія — гэта самазабойства, другая вэрсія — гэта забойства з наступнай інсцэніроўкай самагубства», — заявіў Швед. Напярэдадні Менская абласная пракуратура абвясьціла вынік экспэртызы на ўтрыманьне ў крыві Алега Бябеніна алькаголю. Сёньня Тацяна Калініна паведаміла «Свабодзе», што наперадзе і іншыя важныя экспэртызы:

«Дасьледаваньне па алькаголі зрабілі раней. Высьветлілася, што ён быў у цяжкай форме ап’яненьня. Але працягваюцца таксама іншыя экспэртызы. Якія дакладна — не паведамляецца. Тыя, якія накіраваныя на вывучэньне ўсіх магчымых вэрсій».

Паводле пратаколу агляду месца магчымага самагубства на лецішчы Бябеніна ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну, у доме былі знойдзеныя дзьве парожнія бутэлькі ад напою «Беларускі бальзам» моцнасьцю 40 градусаў. Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка, сябра Алега Бябеніна, сумняваецца ў вэрсіі, да якой, як ён лічыць, схіляецца сьледзтва.

Ён быў жыцьцялюбам. Ён мог і выпіць, і закусіць, любіў застольле і гэтак далей. Але вось гэтак, без закускі, „налівацца“ — гэта абсурд.
«Ён быў жыцьцялюбам. Ён мог і выпіць, і закусіць, любіў застольле і гэтак далей. Але вось гэтак, без закускі, „налівацца“ — гэта абсурд».

Зьміцер Бандарэнка прапануе правесьці сьледчы экспэрымэнт, падчас якога зымітаваць усе ўмовы здарэньня. На думку спадара Бандарэнкі, такі экспэрымэнт зьняў бы шмат спрэчных пытаньняў.

9 верасьня беларускія ўлады заявілі пра гатоўнасьць азнаёміць экспэртаў АБСЭ з матэрыяламі праверкі сьмерці Алега Бябеніна.

Супрацоўнік прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі Жандос Асанаў паведаміў сёньня «Свабодзе», што пытаньне аб накіраваньні ў Менск экспэртаў яшчэ вывучаецца:

«Мяркую, гэта пытаньне абмяркоўваюць у Вене прадстаўнікі краінаў-удзельнікаў арганізацыі. Але, паколькі пра гэта было заяўлена толькі ў мінулы чацьвер, яшчэ, мяркую, трэба крыху пачакаць».

Драматург Мікалай Халезін, які добра ведаў нябожчыка і таксама ня верыць у ягонае самагубства, не чакае плёну ад умяшальніцтва ў праверку замежных экспэртаў:

«Калі зараз чалавек кажа сьледчым, што ў яго ёсьць вэрсія, а чуе: не, дзякуй, ня трэба вэрсій, нам патрэбна толькі характарыстыка… Дык што казаць пра тых экспэртаў? Ну, яны прыедуць, ім пакажуць паперы, на якіх усё будзе напісана, як трэба. Вось і ўсё».

Тым часам знаёмыя Алега Бябеніна, якія публічна выказваюць розныя вэрсіі сьмерці журналіста, атрымліваюць пагрозы на свой адрас. 6 верасьня ананімны ліст з пагрозамі атрымала шэф-рэдактар «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна, якая не выключала, што сьмерць Бябеніна на сумленьні спэцслужбаў. Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін кажа, што на ягоны блог таксама паступілі пагрозы. «Можаш проста зьнікнуць ціхім вечарам, калі будзеш вядзерца з адкідамі выкідваць», — напісаў невядомы празь інтэрнэт Мікалаю Халезіну.

Стваральнік і дырэктар сайту «Хартыя-97» Алег Бябенін быў знойдзены ў пятлі на лецішчы 3 верасьня. Людзі, якія бачылі цела Бябеніна, кажуць пра падазроны вывіх нагі, драпіны і плямы на руках і целе нябожчыка. Між тым у афіцыйнай анатамічнай экспэртызе сказана пра адсутнасьць сьлядоў зьнешняга ўзьдзеяньня. Таямніцы справы Алега Бябеніна працягваюць вывучаць беларускія і расейскія журналісты. У нядзелю, 12 верасьня, гэтай тэме былі прысьвечаныя сюжэты перадачы «Максимум» на канале «НТВ» і «Итоги недели» на «РТР».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG