Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты "Гавары праўду" падалі скаргі ў ФІФА, УЕФА і КХЛ


Актывісты кампаніі "Гавары праўду" падалі скаргі ў ФІФА, УЕФА і КХЛ на парушэньне іх правоў як заўзятараў.

Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з актывістаў Юрый Алейнік.

Нагадаем, 7 верасьня супрацоўнікі міліцыі затрымалі пры ўваходзе на менскі стадыён "Дынама" прыблізна 50 актывістаў кампаніі "Гавары праўду!". Іх не пусьцілі на матч з прычыны таго, што на іх былі надзеты майкі з лягатыпам кампаніі. Прычым майкі былі апрануты пад верхнюю вопратку. Актывісты правялі ва ЎУС Ленінскага раёна больш за тры гадзіны і не змаглі трапіць на матч, нягледзячы на набытыя квіткі.

9 верасьня ў спарткомплексе "Менск-Арэна" было затрымана прыкладна 15 актывістаў кампаніі. Аматары хакея паспрабавалі прайсьці на матч Кантынэнтальнай хакейнай лігі паміж "Дынама" (Менск) і "Тарпеда" (Ніжні Ноўгарад). Ахова "Менск-Арэны" патрабавала ў людзей расшпіліць вопратку і паказаць, у якія майкі яны апрануты. Усіх, у каго выявілі майку з лягатыпам кампаніі "Гавары праўду", затрымалі і даставілі ва ЎУС Цэнтральнага раёна Менску.

"Былі парушаны правы людзей, якія купілі білеты, але не змаглі трапіць на футбол і хакей толькі з-за таго, што на іх былі надзеты майкі, якія, паводле меркаваньня ахоўнікаў мерапрыемства, не адпавядалі дзяржаўнай ідэалёгіі. Але гэта не мае нічога агульнага з футболам ці хакеем", — сказаў Алейнік.

Паводле яго слоў, 11 верасьня скаргі былі накіраваны адрасатам па факсе. "Акрамя таго, мы прадублюем гэтыя скаргі замоўленымі лістамі", — сказаў Алейнік.

Як паведаміў актывіст кампаніі "Гавары праўду", сем чалавек ўжо падалі скаргі ў пракуратуру Ленінскага раёна Менску па факце іх затрыманьня, якое яны лічаць незаконным. Акрамя таго, некалькі скаргаў будзе пададзена ў пракуратуру Цэнтральнага раёна сталіцы ў сувязі з затрыманьнем актывістаў кампаніі ў спарткомплексе "Менск-Арэна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG