Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішнія псыхічныя траўмы бацькоў адбіваюцца на генах нашчадкаў


Традыцыйна прычыну дзіцячай нэрвовасьці прынята тлумачыць псыхалягічнымі фактарамі, напрыклад, нэгатыўнай атмасфэрай, якая пануе ў сям’і. Якім можа вырасьці дзіця ў нэрвовых бацькоў? Зразумела, толькі нэрвовым.

Аднак група дасьледчыкаў зь Цюрыхскага ўнівэрсытэту на чале з прафэсарам-нэўрабіёлягам Ізабель Мансуй (Mansuy) патрапіла даказаць, што псыхалягічныя траўмы, якія атрымаў чалавек, могуць адбівацца і на генах наступных пакаленьняў. Іншымі словамі, такая цяжкая псыхіятрычная паталёгія як сындром ПТСР (посттраўматычнае стрэсавае разладжаньне) можа быць спадчыннай праблемай, а ня толькі вынікам пэўных псыхалягічных абставінаў, у якія трапіў чалавек. Вынікі працы цюрыхскіх дасьледчыкаў апублікаваныя ў апошнім нумары часопісу Biological Psychiatry.

Сындром ПТСР таксама называюць віетнамскім сындромам


Такі назоў паходзіць ад амэрыканскай вайны ў Віетнаме. Амаль ўсе амэрыканскія вайскоўцы, якія прайшлі тую вайну, рана ці позна былі вымушаныя зьвяртацца па дапамогу псыхатэрапэўтаў. Яны скардзіліся на пэрыядычнае адчуваньне інтэнсіўнага страху, поўнай бездапаможнасьці і крайняга жаху. Да чалавека пастаянна прыходзяць жудасныя ўспаміны ваеннай маладосьці, якія ён любымі сродкамі імкнецца пазьбягаць. Дзеля гэтага ён імкнецца «сьцерці» са сваёй памяці цэлы пэрыяд жыцьця, а таксама выкрасьліць са сваіх кантактаў усіх знаёмых, якія могуць ініцыяваць гэтыя ўспаміны. Аднак гэта ня надта дапамагае. Дастаткова нейкай адной нязначнай асацыяцыі, як чалавек пачынае перажываць стрэс куды больш высокі за той, які адбыўся зь ім на момант падзеі. Хворага на ПТСР не пакідаюць кашмарныя сны ці так званыя "флэшбэкі«(успышкі мінулых успамінаў). Псыхічны стан ускладняецца саматычнымі разладжаньнямі й захворваньнямі, пераважна з боку нэрвовай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і эндакрыннай сыстэмаў.
Посттраўматычнае стрэсававае разладжаньне узьнікае ў выніку атрыманьня чалавекам любога надзвычайнага досьведу.


Зразумела, віетнамская вайна — не адзіны фактар, які прыводзіць да сындрому ПТСР, сьведчаць навукоўцы. Посттраўматычнае стрэсававае разладжаньне узьнікае ў выніку атрыманьня чалавекам любога надзвычайнага досьведу, зьвязанага з ваеннымі дзеяньнямі, прыроднымі катастрофамі, тэрарыстычнымі актамі, гвалтам, катаваньнямі, працяглымі й цяжкімі хваробамі або сьмерцю блізкіх людзей.

Паводле прафэсара Цюрыхскага ўнівэрсытэту Ізабэль Мансуй, сындром ПТСР ёй прыходзілася назіраць сярод ахвяраў Галакосту, а таксама сярод іх дзяцей і ўнукаў. Мелася шмат агульнага ў псыхалягічных паводзінах прадстаўнікоў двух і нават трох пакаленьняў. І ў бацькоў, і ў дзяцей, і ўнукаў назіраліся падобныя ваганьні настрою, раздражняльнасьць, іншыя ўласьцівыя ПТСР прыкметы нэрвовасьці. Што да аналізу крыві, то і тут у прадстаўнікоў розных пакаленьняў меўся павышаны ўзровень картызолу, гармону, які выпрацоўваецца чалавекам у стрэсавай сытуацыі.

Цюрыхскія дасьледчыкі — пра генэтычны характар стрэсавага разладжаньня


Дзеля больш дэталёвага вывучэньня ўзьдзеяньня генэтычнага фактару ПТСР, цюрыхскія адмыслоўцы правялі сэрыю экспэрымэнтаў на мышах. Эквівалентам першай генэрацыі людзей, непасрэдных ахвяраў Галакосту, сталі мышы, якіх гадавалі ў ізаляцыі ад маці. Пазьней, ува ўсіх гэтых жывёл у дарослым узросьце выяўляліся сымптомы ПТСР. Больш за тое, усе 5 генаў, якія ў біёлягаў асацыююцца з паводзінамі, працавалі ненармальна — альбо празьмерна актыўна, альбо занадта млява. Нягледзячы на тое, што патомства гэтых мышэй (эквівалент дзяцей ахвяраў Галакост) з сындромам стрэсавага разладжаньня гадавалася ўжо ў нармальных умовах, з маці (самцы мышы ад прыроды ўвогуле не цікавяцца сваімі дзецьмі), гэтае другое пакаленьне ў дарослым узросьце выявіла тую ж трывожнасьць, што і іх папярэднікі.

Паводле прафэсара Мансуй, яна і яе калегі ўбачылі ў мышэй-нашчадкаў тыя ж зьмены у мозгу, а таксама спэрме, што і ў бацькоў.. Цюрыхскія навукоўцы мяркуюць, што людзі, якія перажылі Галакост, войны, тэрарызм ды іншыя экстрэмальныя выпрабаваньні, пакідаюць свае псыхалягічныя траўмы дзецям і ўнукам. На жаль, мы трапляем у цяжкія сытуацыі не паводле ўласнай волі. Аднак чым лепш мы зможам зразумець цану прынесеных намі ахвяраў, тым лепш мы зможам лячыць свае раны. Іншымі словамі, ад сындрому ПТСР нельга пазбавіцца ў адзіноце, як нельга «сьцерці» з сваёй памяці цэлы пэрыяд жыцьця і выкрасьліць з сваіх кантактаў усіх знаёмых, якія могуць ініцыяваць гэтыя ўспаміны. Калі чалавек заўважае падобныя прыкметы, ён заўсёды мусіць зьвярнуцца да спэцыяліста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG