Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Амэрыцы сустрэліся беларусы паўночнаамэрыканскай дыяспары


4-5 верасьня ў штаце Нью Джэрзі адбыліся дзьве 29-я сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі праводзяцца раз на два гады ў першыя выходныя верасьня супольна Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА) і Згуртаваньнем Беларусаў Канады ад 1952 году. Звычайна ў якасьці гасьцей у іх бяруць удзел і прадстаўнікі беларускіх супольнасьцяў зь іншых краінаў сьвету.

Праграмы сустрэчаў уключаюць у сябе ўрачыстыя акадэміі, прысьвечаныя важным юбілейным датам, сымпозіюмы на актуальныя тэмы, канцэрты, выставы мастацкіх вырабаў, прагляд беларускіх фільмаў.

Сёлетняя сустрэча адбывалася адначасова ў дзьвюх месцах. Галоўная ўправа БАЗА зладзіла імпрэзу ў Беларуска-Амэрыканскім Цэнтры ў Саўт-Рывэры, а Нью-Ёркскі і Нью-Джэрзійскі аддзелы БАЗА правялі сваю сустрэчу за 25 кілямэтраў ад саўтрывэрскай - ў гатэлі Hyatt Regency ў мястэчку Нью-Брансуік.

“Раздвоенасьць” галоўнай імпрэзы паўночнаамэрыканскіх беларусаў абумоўленая тым, што частка сяброў Нью-Ёркскага і Нью-Джэрзійскага аддзелаў БАЗА не прызналі вынікі зьезду БАЗА 2009 году, на якім старшынёю Галоўнай управы арганізацыі быў абраны Вячка Станкевіч, пры гэтым яны спасылаюцца на парушэньні статуту БАЗА.

Галоўная тэма дыскусіяў на сёлетніх сустрэчах – роля беларускай дыяспары ў змаганьні за вольную Беларусь учора, сёньня і заўтра. Была ўшанаваная і важная юбілейная дата – стагодзьдзе з дня нараджэньня Ларысы Геніюш.

У адной з дыскусійных групаў узяў удзел кангрэсмэн ад штату Нью Джэрзі Фрэнк Палон. На сустрэчы ў Саўт-Рывэры прысутнічала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

На працягу двух дзён сустрэчаў адбываліся кірмашы народных рамёстваў, кніг і сувэніраў, валейбольны турнір, выставы жывапісу, графікі і фатаграфіяў. Адмысловы стэнд быў прысьвечаны дзейнасьці Цэнтру Беларускіх Дасьледаваньняў у Канзасе.

На канцэртах выступалі трыё Валянціны, Алеся і Вольгі Казакоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, захавальнік традыцыяў беларускай габрэйскай музыкі Зьміцер Сьляповіч, сьпявачкі Ірына Мозылева і Сьвета Літвінава. На танцавальных вечарынах удзельнікам сустрэчаў гралі трыё Казакоў і сямейны ансамбль Дзямешчыкаў.

У залі Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру (Саўт Рывэр)

На сустрэчу завітаў кангрэсмэн Фрэнк Палон (пяты зьлева) (Нью Брансуік)

З палымянай прамовай выступіў патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША Антон Шукелойць (Нью Брансуік)

Ян Запруднік і Вітаўт Кіпель (Саўт Рывэр)

З трыё сям'і Казакоў выступіў адраджальнік беларускай клэзмэрскай традыцыі Зьміцер Сьляповіч (Нью Брансуік)

Сяржук Сокалаў-Воюш сьпяваў добра знаёмыя ўсім песьні (Нью Брансуік)

На канцэрце выступае опэрная сьпявачка Ірына Мозылева (Саўт Рывэр)

Ня ўсе дачакаліся канца доўгага дня сустрэчы (Саўт Рывэр)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG