Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Мілінкевіч балятавацца ў прэзыдэнты?


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
На Форуме дэмакратычных сіл у Гомелі лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што пакуль ня вызначыўся, ці будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кандыдата.

У інтэрвію БелаПАН палітык адзначыў, што "змагацца за пасаду прэзыдэнта — гэта вельмі адказны крок. Я павінен ісьці тады, калі мой паход на выбары дае штосьці для таго, каб дамагчыся незалежнасьці, дэмакратыі і перамен у краіне, аб'яднаньні людзей. Калі гэтага няма — тады, мне здаецца, пайсьці на выбары — гэта проста пакрасавацца", — заўважыў Мілінкевіч.

Ён выказаў сумненьне ў дакладнасьці заяў апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду аб тым, што кожны гатовы сабраць 100 тыс. подпісаў. "У нас няма самадастатковых арганізацый, гэта тычыцца і руху "За свабоду". Толькі аб'яднаўшыся, можна сабраць подпісы і зрабіць добрую кампанію, а тое, што гэта магчыма зрабіць у адзіночку, — ня веру", — падкрэсьліў палітык.

Гаворачы пра абраньне адзінага кандыдата ад апазыцыі, Мілінкевіч назваў праблемай у гэтым працэсе тое, што ў розных прэтэндэнтаў — розныя мэты. "У кагосьці — эгаістычныя, у кагосьці — фінансавыя, арганізацыйныя. З мэтамі ў нас дрэнна. Калі б у нас усіх мэта была беларуская, дзяржаўная — перамены ў краіне, калі б гэта перамагло, тады б шанс быў. Я думаю, хвароба зацягнулася, а можа быць, мы пройдзем праз гэты працэс, праз выбары і ачуняем. У мяне такая вера ёсьць", — лічыць палітык.

У сваім выступу ён адзначыў, што сытуацыя перад мінулымі выбарамі, у 2006 годзе, і цяперашняя вельмі адрозьніваюцца. "У 2006-м улада мела нядрэнныя адносіны з Расеяй, устойлівую эканоміку, цяпер гэтага няма. Лукашэнка слабы як ніколі. Наша барацьба мела б большыя шансы, калі б мы былі моцныя і адзіныя. У апазыцыі сыстэмны крызыс, але гэта не безнадзейна, любая хвароба лечыцца. І ёсьць людзі, якія гэты крызыс у апазыцыі інсьпіравалі. Мы вучымся, але трэба было б хутчэй вучыцца. Калі мы ня будзем думаць пра незалежнасьць — праматаем краіну, пра гэта я гаварыў яшчэ ў 2007 годзе. А сёньня Расея атакуе, атакуе Лукашэнку, але больш наш сувэрэнітэт і эканоміку. Ідзе сур'ёзная барацьба, але крый Божа нам уляпацца ў чужыя стратэгіі", — дадаў Мілінкевіч.

У траўні сёлета палітык публічна абвясьціў пра намер балятавацца на прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG