Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто арганізаваў выбух на Дзень рэспублікі, той і тут руку прыклаў”


Ля пашкоджанай машыны на тэрыторыі расейскага пасольства.
Ля пашкоджанай машыны на тэрыторыі расейскага пасольства.
2 верасьня ў інтэрнэце зьявілася заява, у якой адказнасьць за здарэньне на тэрыторыі расейскай амбасады ў Менску бяруць на сябе анархісты, якія называюць сябе чальцамі суполкі «Сябры свабоды». У ноч на 31 жніўня невядомыя кінулі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю на тэрыторыю амбасады Расеі ў Менску. У выніку згарэла пасольская «мазда». Ніхто не пацярпеў. Беларуская міліцыя завяла крымінальную справу паводле артыкулу «хуліганства». І вось сёньня анархічная суполка «Сябры свабоды» ўзяла на сябе адказнасьць за напад на дыпляматычнае прадстаўніцтва.

У заяве прадстаўнікоў суполкі «Сябры свабоды» гаворыцца: «Мы выказваем гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненьні да сацыяльных актывістаў, якія паўсталі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве» (..) «Сьмешна чытаць водгукі і развагі пра акцыю на інтэрнэт-форумах. Нам аднолькава брыдкія ўсе мафіёзныя кляны пад назвамі „кіраўнікі РБ“ і „кіраўнікі РФ“».

Улады Масквы меліся будаваць трасу Масква — Санкт-Пецярбург празь лес у раёне падмаскоўных Хімак. Супраць гэтага выступілі жыхары гораду, якіх падтрымалі розныя грамадзкія арганізацыі Расеі.

Прадстаўнік руху за абарону Хімкінскага лесу Андрэй Маргулёў сьцьвярджае, што рух ніяк не зьвязаны з анархістамі «Сяброў Свабоды»:

«Я лічу, што гэта самая відавочная правакацыя. Я гатовы паверыць, што шыбы ў Хімкінскай адміністрацыі пабілі антыфа менавіта на знак падтрымкі нашага руху. У гэта я магу паверыць. Але гэтая акцыя, на мой погляд, гэта чыстая правакацыя».

«Свабода» паспрабавала выйсьці на аўтараў лістаў з прапановай даць інтэрвію. Мы даслалі электронны ліст на адрас, які пазначаны на сайце. Адказ прыйшоў даволі хутка: «З намі нельга зьвязацца».

Адзін з прадстаўнікоў анархісцкага руху ў Беларусі на ўмовах ананімнасьці заявіў:

Такая акцыя для анархістаў — натуральная. Але я першы раз чую назву гэтай групоўкі.
«Такая акцыя для анархістаў — натуральная. Тэарытычна такое магло б быць. Але я першы раз чую назву гэтай групоўкі „Сябры свабоды“. І назва тут, хутчэй за ўсё, ня мае ніякага значэньня. Паўтаруся, я ня ведаю, што гэта за групоўка. Наагул, сярод анархістаў не прынята арганізоўваць нейкія групоўкі. Гэта могуць быць маладыя хлопцы, якім захацелася рамантыкі. Але гэта можа быць і „подстава“. Чаму не?»

Тым часам прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі запэўніваюць, што сьледзтва адпрацоўвае вэрсію пра датычнасьць анархістаў да нападу на расейскую амбасаду.

Крыніца Інтэрфаксу ў МУС падкрэсьлівае: «Пры расьсьледаваньні крымінальных спраў адпрацоўваюцца ўсе найбольш верагодныя вэрсіі, уся інфармацыя, якая паступае. Гэтая вэрсія будзе адпрацоўвацца сьледча-апэратыўным шляхам».

Былы супрацоўнік цэнтральнага апарату МУС, маёр у адстаўцы Ўладзімер Казулін камэнтуе здарэньне вакол амбасады Расеі і ход расьсьледаваньня справы не з прафэсійнага, а з палітычнага гледзішча:

«Хто арганізаваў выбух на Дзень рэспублікі, той і тут руку прыклаў. Вінаватых зможа вызначыць толькі суд. Але ўсе здагадваюцца, хто гэта».

1 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае датычнасьці саміх расейцаў да здарэньня вакол дыпляматычнага прадстаўніцтва:

«Што тычыцца гэтай хуткай абвінаваўчай рэакцыі з боку Расеі, то я пачынаю падумваць, каму гэта трэба было? (...) Нам гэта патрэбная была чарга гэтых прапагандысцкіх фільмаў? Ну, ужо ніяк нам гэта ня трэба было (...) Гэты абвінаваўчы тон вестуноў Крамля кажа пра тое, што праваахоўным органам трэба ўважліва паглядзець на гэты інцыдэнт».

На гэта былы міліцыянт Уладзімер Казулін выказаўся ў тым сэнсе, што словы і фантазія кіраўніка дзяржавы не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG