Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Івана Крука перагледзіць іншы судзьдзя


Іван Крук, архіўнае фота.
Іван Крук, архіўнае фота.
Такое рашэньне сёньня прыняў абласны суд. Згодна з рашэньнем Астравецкага раённага суду актывіст АГП Іван Крук быў пакараны штрафам на 1 мільён 50 тысяч рублёў нібыта за паклёп на намесьніка старшыні райвыканкаму Міхаіла Зімніцкага.

Падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Іван Крук напісаў скаргі ў пракуратуру і абласную выбарчую камісію, у якіх сьведчыў, што намесьнік старшыні райвыканкаму Зімніцкі, які быў намесьнікам старшыні раённай выбарчай камісіі, сфабрыкаваў падпісныя лісты з тым, каб не зарэгістраваць Крука кандыдатам у дэпутаты.

У прыватнасьці Крук даводзіў, што Міхаіл Зімніцкі наведаўся дадому да аднаго з выбарцаў, якога прымусіў пад пагрозай праблемаў на працы падпісаць дакумэнт, у якім гаварылася, што той ня ставіў свайго подпісу за вылучэньне Крука кандыдатам у дэпутаты.

Раённы суд, разглядаючы справу, нават не палічыў патрэбным выслухаць на сваім пасяджэньні галоўнага сьведку, які б мог сам даць паказаньні наконт таго, ці ставіў ён свой подпіс за Крука. Не была праведзеная і экспэртыза подпісу, які палічылі фальшывым.

Сёньня Іван Крук у абласным судзе цытаваў скаргу выбарца Мацкевіча ў Генэральную пракуратуру, а таксама ў абласны суд, у якой той сьведчыць, што подпіс за Крука ставіў, а Зімніцкі пад пагрозай праблемаў на працы насамрэч прымусіў яго падпісаць паперу, дзе казалася пра тое, што ён не падпісваўся за Івана Крука.

Сёньня ж Крук цытаваў і ліст сьведкі, якая пацьвярджае, што бачыла, як Мацкевіч ставіў свой подпіс за вылучэньне Крука кандыдатам у дэпутаты.

Яшчэ ў абласным судзе сёньня цытаваўся ліст 30 грамадзян Астравецкага раёну з просьбай разглядзець справу Крука аб’ектыўна, паколькі людзі ведаюць яго ў раёне як прыстойнага чалавека, за якога ставілі свае подпісы падчас вылучэньня яго кандыдатам у раённы Савет.

Судзьдзя абласнога суду Эдуард Друц адмяніў рашэньне Астравецкага раённага суду і накіраваў справу на перагляд іншым судзьдзём. Іван Крук заявіў нашаму радыё, што гэтае рашэньне палавінчатае і на раённым узроўні мясцовыя ўлады змогуць зноў паўплываць на сьведкаў і суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG