Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глыбокім выдалі дзьве кнігі Марыі Баравік


Зборнікі вершаў «Зорка гасьцюе ў месяца» і «На вас глядзіць мая душа» выйшлі дзякуючы спонсарскай дапамозе глыбоцкага рэклямна-выдавецкага прадпрыемства «Прэфект-інфо».

Абодва зборнікі маюць наклад 200 асобнікаў. «Вядома, гэта не вялікі наклад, але мы знайшлі хаця б нейкую магчымасьць дапамагчы паэтцы з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Выдаць кнігу за ўласныя грошы — гэта дужа дорага, і на дзяржаўную дапамогу сябрам „няправільнага“ пісьменьніцкага саюзу разьлічваць не выпадае», — кажа дырэктар фірмы «Прэфект-інфо», глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч.

Паэтка Марыя Баравік, якая жыве ў вёсцы Падсьвільле на Глыбоччыне, марыць зладзіць прэзэнтацыю сваіх новых кніжак:

«Апошні мой зборнік у дзяржаўным выдавецтве выйшаў 15 год таму, у 1995-м годзе. Таму я вельмі, вельмі ўдзячная хлопцам за тое, што дапамаглі згадаць пра маю прысутнасьць у паэтычным сьвеце! У мяне шмат вершаў, і я дужа цешуся, што цяпер іх змогуць прачытаць людзі!»

Ня так даўно Марыя Баравік стала пераможцай паэтычнага конкурсу, які сёлета ладзіла партыя БХД да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш.

Рэклямна-выдавецкае прадпрыемства «Прэфект-інфо» ўжо не ўпершыню друкуе зборнікі літаратараў-землякоў. Год таму гэтаксама бясплатна для аўтара была выдадзеная кніга апавяданьняў «Каменьчыкі ў кірзавым боце» пастаўскага журналіста і літаратара Алеся Касьценя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG