Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі ня лічаць напад на амбасаду РФ тэрактам


Пашкоджаны аўтамабіль на тэрыторыі пасольства Расеі ў Менску.
Пашкоджаны аўтамабіль на тэрыторыі пасольства Расеі ў Менску.
У менскай міліцыі завялі крымінальную справу па факце інцыдэнту на тэрыторыі Расейскай амбасады ў Менску. Хто стаіць за здарэньнем, і як яно можа паўплываць на беларуска-расейскія адносіны?

Аляксандар Ластоўскі з прэсавай службы менскай міліцыі паведаміў, што міліцыя Цэнтральнага раёну сталіцы робіць усё магчымае, каб знайсьці тых, хто 30 жніўня пасьля 10 гадзінаў вечара кінуў на тэрыторыю амбасады Расеі бутэльку з-пад энэргетычнага напою «Шэйк» з гаручай сумесьсю і кнотам. Пашкоджаная пасольская «Мазда», з людзей ніхто не пацярпеў.

«Мяркуюць, што гэты ўчынак з хуліганскіх намераў зрабілі два чалавекі, асобы якіх высьвятляюць. Заведзена крымінальная справа па артыкуле 339 — гэта хуліганства. І зараз праводзіцца шырокі комплекс апэратыўна-вышукавых мерапрыемстваў».

На пытаньне, чаму справа заведзеная па артыкуле хуліганства, а ня спроба тэракту, Аляксандар Ластоўскі адказаў, што «пакуль з той інфармацыі, якой валодаюць праваахоўнікі, гэта ўсяго хуліганскі ўчынак».

Новы будынак амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Менску знаходзіцца на вуліцы Новавіленскай непадалёк ад Камсамольскага возера. Амбасада агароджаная плотам з мэталічных прутоў, празь якія добра праглядаецца ўся тэрыторыя. Прастора да агароджы таксама адкрытая. На будынку вісяць камэры відэаназіраньня.

Мікалай Статкевіч
Былы вайсковец, вядомы апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч ня верыць у звычайных хуліганаў, якія не баяцца на вачах у аховы закідваць амбасаду Расеі бутэлькамі з «кактэйлем Молатава». Паводле спадара Статкевіча, зараз апазыцыі не выпадае наракаць на Расею, якая жорстка крытыкуе Аляксандра Лукашэнку, таму палітык схіляецца да вэрсіі, што гэта спрацавалі беларускія альбо расейскія спэцслужбы.

«Калі гэта зроблена прыхільнікамі ўлады Беларусі, дык толькі па камандзе зьверху. І другая вэрсія, якая мне падаецца меней верагоднай, тая, што гэта расейскія спэцслужбы вырашылі адшукаць нагоду для яшчэ большага пагаршэньня адносін. Але больш я схіляюся да першай вэрсіі. Глядзіце, маўляў, як беларускі народ незадаволены, што вы супроць нашага «бацькі».

Рыгор Кастусёў
Магчымы кандыдат на прэзыдэнта ад парыі БНФ Рыгор Кастусёў абураецца тымі, хто замовіў гэты ўчынак.

«Гэта ненармалёва, калі адбываюцца такія рэчы, бо гэта ж парушэньне ўсіх міжнародных нормаў. Гэтакіх людзей я б назваў «прыдуркамі», больш ніяк. Але мяркую, гэта не паводзіны нейкіх хуліганаў, а вынік праўладных гульняў Масквы і Менска. Хутчэй за ўсё, такі адказ на «Хроснага бацьку 1-3».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч назваў інцыдэнт «правакацыяй сілаў, якія б хацелі далейшай канфрантацыі паміж Беларусьсю і Расеяй», між тым як большасьць беларусаў за «добрыя адносіны з Расеяй», мяркуе палітык.

Аляксандар Мілінкевіч
«Нам трэба будаваць гэтыя адносіны, будаваць на іншай аснове. Не на таемных дамовах ці саюзных дзяржавах незразумелых. І яшчэ раз скажу, што ў беларускай апазыцыі я ня ведаю такіх груповак, якія б вось такім чынам маглі „будаваць адносіны“ з нашым стратэгічным суседам».

МЗС Расеі ўжо назваў інцыдэнт «абуральным актам» і выказаў надзею, што беларусы правядуць ўсебаковае расьсьледаваньне. МЗС Беларусі наступным чынам пракамэнтаваў здарэньне, якое адбылося 30 жніўня на тэрыторыі расейскай амбасады.

«Гэта злачынная хуліганская выхадка, якая скіраваная супроць здаровага сэнсу і беларуска-расейсіх адносін. Мы разьлічваем, што вінаватыя будуць сурова і непазьбежна пакараныя ў адпаведнасьці з законам», — сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG