Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Саньнікаў: Расея пасылае сыгналы, што ня будзе мець справу з Лукашэнкам


Лідэр кампаніі "Эўрапейская Беларусь", прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Андрэй Саньнікаў у інтэрвію БелаПАН расказаў аб сваім палітычным курсе, выказаў меркаваньне аб тым, што адбываецца ў Беларусі напярэдадні выбараў, і даў ацэнку дзеяньням апанэнтаў.

"Сытуацыя ў Беларусі з кожным днём усё больш выразная — будуць перамены, і трэба рабіць усё, каб гэтыя перамены наблізіць. Нейкія дзеяньні цяперашніх апазыцыйных палітыкаў укладваюцца ў гэтую лёгіку, нейкія іх імітуюць.

Цяпер нам важная не імітацыя дзейнасьці, а дзейнасьць. Каардынацыя дзеяньняў — гэта ключавое слова, і яна будзе адбывацца паміж штабамі рэальных кандыдатаў, а не тых, хто сябе імі лічыць. Сустрэчы паміж прэтэндэнтамі ўжо адбываюцца. Я магу даць як пазытыўныя, так і нэгатыўныя прыклады такіх сустрэч.

Напрыклад маніфэст аб абароне нацыянальных інтарэсаў, які выпусьціла Партыя БНФ. Напярэдадні я размаўляў з Рыгорам Кастусёвым, папярэджваў, што такая палітыка будзе непрымальнай для мяне і шкоднай для сытуацыі ў Беларусі. Мабыць, гэтая размова і справакавала выпуск маніфэста.

Цяпер мы павінны займацца рэальнай палітыкай, адысьці ад стэрэатыпаў, якія існавалі. Гаварыць аб тым, што ў нас ёсьць нейкія апанэнты, акрамя Лукашэнкі, проста ня варта. Трэба сканцэнтравацца на тым, як наблізіць перамены. Яны магчымыя, рэальныя і адбудуцца, нават на працягу паўгода.

Расея, на мой погляд, памяняла сваю пазыцыю і пасылае дакладныя сыгналы аб тым, што ня будзе мець справу з Лукашэнкам, а толькі з новым кіраўніцтвам Беларусі. А ад нас, ад народа Беларусі сёньня залежыць, якім будзе гэтае кіраўніцтва.

Асабіста я буду разьлічваць на народ Беларусі. Гэта не нейкая шэрая маса — гэта і актывісты дэмакратычнага руху, і чыноўнікі, і бізнэс. Цяпер ідзе вельмі добрая сур'ёзная дыскусія аб будучыні Беларусі, якую я вітаю.

Моцнымі палітычнымі фігурамі я лічу Аляксандра Казуліна, Сяргея Калякіна. На жаль, яны ня будуць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах як кандыдаты. Тым ня менш я лічу карысным з імі размаўляць. Астатніх, на мой погляд, можна ацэньваць па-рознаму. Я вітаю іх актыўнасьць, але трэба рэальна ацэньваць свае шансы".
Гаворачы аб сытуацыі з адзіным кандыдатам, Андрэй Саньнікаў правёў аналёгію з папярэднімі выбарамі. "Тады актыўнасьць партыйных структур заканчвалася пасьля яго абраньня. І толькі перад самымі выбарамі пачыналася невялікае ажыўленьне. Гэта такі падыход: штосьці падпісалі і можам нічога не рабіць", — сказаў палітык.

Ён і яго прадстаўнікі не далучыліся да пагадненьня аб сумесных дзеяньнях падчас выбарчай кампаніі, якое 24 жніўня было падпісанае лідэрам кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімірам Някляевым, старшынямі Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргеем Калякіным, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, лідэрам “Эўрапейскай кааліцыі” Мікалаем Статкевічам, кіраўнікамі аргкамітэтаў па стварэньні партыяў "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталем Рымашэўскім і Партыі жанчын "Надзея" Аленай Яськовай.

Дакумэнт прадугледжвае сумеснае вылучэньне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, назіраньне за выбарамі, стварэньне ўнутранага і зьнешняга ўціску на ўлады, заклік да акцый пратэсту.

Паводле Саньнікава, пагадненьне падпісалі "розныя суб'екты, некаторыя — дробныя, якія наўрад ці будуць займацца тым, што там напісана". "Даваць потым права выступаць ад свайго імя тым, хто дакумэнт падпісаў, я не хачу. Я сам або прадстаўнікі маёй каманды будзем рабіць заявы, якія палічу патрэбнымі", — сказаў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG