Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларуськалій" можна прадаваць


Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Беларуськалій" пераўтворана ў Адкрытае акцыянэрнае таварыства.

Як паведамілі БелаПАН у Дзяржаўным камітэце па маёмасьці, 100% акцыі ААТ належаць дзяржаве, статутны фонд склаў прыблізна 6 трыльёнаў рублёў.

"Беларуськалій" уключаны ў плян прыватызацыі на 2010 год. Як заявіў журналістам 4 жніўня першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, Беларусь не будзе сьпяшацца з продажам гэтага прадпрыемства. "Што тычыцца продажу пэўнага пакета акцый, то гэта магчыма", — дадаў ён.

Паводле слоў Сямашкі, ужо ёсьць шмат ахвотных на куплю "Беларуськалія". Але "зараз не самы ўдалы момант для продажу", лічыць першы віцэ-прэм'ер. "Беларуськалій", растлумачыў ён, — прадпрыемства, якое пасьпяхова працуе і якое за кошт сваёй дзейнасьці і ўласнага прыбытку рэалізуе інвэстыцыйныя праекты.

Раней, у канцы чэрвеня, Уладзімір Сямашка заяўляў пра гатоўнасьць Беларусі прадаць прыкладна 20% акцый "Беларуськалія" за 6-7 мільярдаў долараў.

4 траўня Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву Ройтэр заявіў, што не выключае продажу "Беларуськалія". "Калі будзе добрая цана за акцыі, мы паглядзім, колькі працэнтаў акцый прадаць. Але кантрольны пакет пакуль застанецца ў Беларусі", — заявіў Лукашэнка.

Даведка: "Беларуськалій" — адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворца і пастаўшчык калійных мінэральных угнаеньняў, адзін з галоўных экспарцёраў Беларусі. Разьмешчана ў Салігорску (Мінская вобласць). Агульная колькасьць работнікаў — прыблізна 20 тысяч. "Беларуськалій" выпускае кожную шостую тону калійных угнаеньняў у сьвеце. Сумесна з ААТ "Уралкалій" зьяўляецца заснавальнікам ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" — аднаго з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў.
XS
SM
MD
LG