Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барані зьбіраюць грошы на помнік байкапісцу Ўладзімеру Корбану


Уладзімер Корбан -- ці не самы вядомы пасьля Кандрата Крапівы байкапісец – нарадзіўся ў мястэчку Барань 25 жніўня 1910 году. 100-гадовы юбілей на ягонай малой радзіме мяркуюць шырока адзначыць у верасьні, калі пачнецца навучальны год, і да ўдзелу ў сьвяткаваньнях змогуць далучыцца школьнікі.

Вучні і настаўнікі бараньскай сярэдняй школы №15, якая носіць імя Ўладзімера Корбана, прапанавалі мясцоваму выканкаму ўсталяваць памятны знак да ўгодкаў паэта-земляка. Спачатку гэта будзе сымбалічны камень, а потым, верагодна, і паўнавартасны помнік.

Як распавёў сябар БСДП (Грамада), дэпутат бараньскага гарсавету Віктар Міхасёў, прапановы ўсталяваць помнік на радзіме Ўладзімера Корбана абмяркоўваліся яшчэ шмат год таму. У тым ліку прапанова, каб гэта быў арыгінальны помнік – напрыклад, з выявамі герояў беларускіх баек, які нагадваў бы жыхарам Барані і пра літаратара-земляка, і пра іншых байкапісцаў. Аднак на ўвасабленьне ў жыцьцё гэтых ініцыятыў у мясцовым бюджэце не знайшлося грошай. Таму цяпер вырашана абвясьціць збор дабрачынных сродкаў на асобны банкаўскі рахунак.

Яшчэ ў школе імя Ўладзімера Корбана мараць пра пашырэньне музэя “Аршаншчына літаратурная”, які месьціцца ў невялікім пакойчыку. Тады можна было б прысьвяціць знакамітаму земляку асобную экспазыцыю.

У памяць пра байкапісца, які доўгі час супрацоўнічаў з часопісам “Вожык”, а потым быў галоўным рэдактарам гэтага выданьня, у Барані названа вуліца – імя Ул.Корбана ёй надалі ў 1980-м годзе, да ягоных 70-х угодкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG