Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Ліды супраць будаўніцтва заводу


У Лідзе адбудуцца грамадзкія слуханьні наконт будаўніцтва завода гарачага ацынкаваньня мэталяканструкцый які плянуюць збудаваць у 350 мэтрах ад вёскі Шырокае і ў 800 мэтрах ад жылога мікрараёну гораду Ліды.

Слуханьні заплянаваныя на 17.30 у памяшканьні актавай залі былога клюбу Абутковай фабрыкі.

Мясцовыя жыхары выступаюць супраць будаўніцтва заводу. Яны лічаць гэтую вытворчасьць шкоднай для сябе і навакольнага асяродзьдзя. На заводзе будуць выкарыстоўвацца вялікія аб'ёмы салянай кісьлі высокай канцэнтрацыі — 200 тонаў на год.

Тыя, хто пярэчыць будаўніцтву прадпрыемства перакананыя, што ўлады парушаюць Орхускую канвэнцыю, мэта якой — абарона права кожнага чалавека жыць у навакольным асяродзьдзі, спрыяльным для яго здароўя. Гэтую канвэнцыю 16 сьнежня 1999 года падпісала і Рэспубліка Беларусь.

Дырэктар РУП «Конус», Аляксей Боўфал, які зьбіраецца будаваць новы завод, заявіў "Свабодзе", што экспэртнае заключэньне па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе падрыхтаванае Гарадзенскім навукова-дасьледчым прадпрыемствам азотнай прамысловасьці па тэхнічнаму заданьню генэральнага праектыроўшчыка інстытута «Белпрампраэкт».

Зь яго слоў, не па іх віне экспэртнае заключэньне загадзя не апублікаванае для грамадзкага абмеркаваньня. Сам спадар А.Боўфал дакумэнт чытаў і заявіў, што прадпрыемства цалкам бясшкоднае для навакольнага асяродзьдзя і людзей, што пражываюць побач.

У якасьці аргумэнту, спадар Боўфал, спаслаўся на тое, што падобныя прадпрыемствы будуюцца і дзейнічаюць ва ўсім сьвеце, у прыватнасьці прывёў прыклад, што на тэрыторыі Польшчы такіх заводаў налічваецца аж 86.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG