Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справедливая Россия» і "Эўрапейская Беларусь" супраць БНФ


Міжнароднае ўпраўленьне апарату партыі «Справедливая Россия» выступіла з заявай наконт спрэчак у беларускай апазыцыі.

У дакумэнце, ў прыватнасьці, гаворыцца:

У Менску прайшла цырымонія падпісаньня мэмарандуму аб стратэгічным партнэрстве паміж апазыцыйнымі партыямі Беларусі. Дакумэнт называецца «Заява аб каардынацыі супольнай дзейнасьці падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі».

Як вынікае з тэксту дакумэнту, апазыцыйныя партнэры дамовіліся аб супольным вылучэньні дэмакратычных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, аб арганізацыі супольнага назіраньня за хадою кампаніі, а таксама аб каардынацыі вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі на выбарах. Гаворка аб вызначэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі на сустрэчы не ішла.

Аднак не абышлося без скандалу, вінаватым у якім стала партыя «Беларускі народны фронт» (БНФ). Напярэдадні кандыдат у прэзыдэнты ад БНФ Рыгор Кастусёў разам зь лідэрам партыі Аляксеем Янукевічам прэзэнтавалі «Маніфэст аб абароне нацыянальных інтарэсаў».

У маніфэсьце гаворыцца, што «небясьпека палітычнай і эканамічнай незалежнасьці Беларусі і свабодзе яе грамадзянаў зыходзіць ня толькі ад сёньняшняга рэжыму, але і ад вышэйшых палітычных колаў Расіі і зьвязаных зь імі алігархаў». «Аб'яднаньне апазыцыйных сілаў толькі супраць Лукашэнкі - слабая пазыцыя», - гаворыцца ў маніфэсьце, у якім прапануецца апазыцыі аб'яднацца «ня проста супраць каго-небудзь, а на абарону нацыянальных інтарэсаў».

Паводле гэтага дакумэнту, БНФ адмаўляецца ад дапамогі Расеі і заклікае ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты далучыцца да гэтай дэклярацыі. Пры гэтым у маніфэсьце гаворыцца, што «палітыкі, якія яго не падпішуць, будуць абвешчаныя здраднікамі інтарэсаў беларускага народа і стаўленікам Крамля».

Абнародаваньне маніфэсту зрабіла на сустрэчы апазыцыі эфэкт выбуху бомбы. Грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» абвінаваціла БНФ у абслугоўваньні інтарэсаў афіцыйнага Менску.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка заявіў газэце «Коммерсант», што аўтары гэтай ініцыятывы «апошнім часам ухіляюцца ад масавых акцый апазыцыі, і іх нават не было на мітынгу з патрабаваньнем міжнароднага расьсьледаваньня выкраданьня лідэраў апазыцыі». Па словах Бандарэнкі, «ніхто з адэкватных беларускіх палітыкаў не падпіша гэты недарэчны маніфэст».

Акрамя таго, у кіраўніцтве «Эўрапейскай Беларусі» выклікае пытаньні час зьяўленьня маніфэсту, апублікаванага ў той момант, «калі пазыцыя Расеі ў стаўленьні да апошняй дыктатуры Эўропы пачынае зьмяняцца". У выніку «эўрапейцы» абвінавацілі БНФ у нежаданьні дамагчыся «зьмены дыктатарскага рэжыму».

«Што дрэннага ў тым, што сёньня менавіта Масква зноў прыцягвае ўвагу да расьсьледаваньня справаў зьніклых, гаворыць пра карумпаванасьць дыктатара Лукашэнкі і яго атачэньня?» - гаворыцца ў распаўсюджанай у Менску заяве "Эўрапейскай Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG