Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2020 году беларуская энэргетыка будзе прыватызаваная


Беларускія ўлады заявілі пра намер на працягу 5 гадоў ажыцьцявіць паэтапнае рэфармаваньне беларускай энэргасыстэмы. Яно завершыцца стварэньнем рэспубліканскага гуртовага рынку электрычнай энэргіі і прыватызацыяй энэргаабясьпечваючых арганізацый.

Згодна стратэгіі разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу Беларусі на пэрыяд да 2020 года, зацьверджанай пастановай Савета Міністраў № 1180 ад 9 жніўня, рэфармаваньне энэргасыстэмы мяркуецца ажыцьцявіць у тры этапы на працягу 2010-2015 гадоў.

На першым этапе (2010-2011 гады) будзе створана РУП «высакавольтныя электрычныя сеткі», якому будуць перададзеныя сеткавыя аб'екты інжынэрнай інфраструктуры, таксама плянуецца прыняцьце закона аб электраэнэргетыцы.

Другі этап (2012-2013 гады) прадугледжвае стварэньне РУП "Белгенэрацыя", у склад якога будуць уваходзіць найбольш буйныя электрастанцыі, а таксама падрыхтоўка умоў для акцыянаваньня электрастанцый.

Падчас трэцяга этапу (2014-2015 гады) прадугледжваецца завяршыць працэс рэфармаваньня беларускай энэргасыстэмы, стварэньне гуртовага рынку электрычнай энэргіі (магутнасьці) і ўмоў для эфэктыўнага прыцягненьня інвэстыцый.

На завяршальным этапе адбываецца раздзяржаўленьне і прыватызацыя РУП "Белгенэрацыя". Ствараюцца размеркавальна-збытавыя арганізацыі і робіцца іх акцыянаваньне. У далейшым адбываецца падзел гэтых арганізацый на размеркавальныя і збытавыя ў якасьці самастойных юрыдычных асоб.

Беларускія ўлады плянуюць у бліжэйшыя 10 гадоў інвеставаць у разьвіцьцё энэргетыкі не менш за $ 45,9 млрд. Такая сума, якая перавышае ў паўтара разы бягучы гадавы ВУП краіны, прадугледжана стратэгіяй разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу Беларусі на пэрыяд да 2020 года, зацьверджанай пастановай Саўміну, піша БДГ-online
XS
SM
MD
LG